Культура22

«На ўсё ў чалавечым жыцці свой час»: празаік Алесь Жук расказаў пра сябе і пра час

За савецкім часам па яго творах здымалі кіно. У суверэннай Беларусі ўганаравалі Дзяржаўнай прэміяй. Творы пісьменніка і сёння прапануюць для чытання ў школе.

«НН»: Прачытаў аповесць «Халодная птушка»: праблема пераезду старых вяскоўцаў да дзяцей у горад. Вашыя бацькі дажывалі пры Вас?

Алесь Жук: «Халодная птушка» спісана з маёй бабулі Антаніны, якая практычна і гадавала мяне малога з сястрой. Мама працавала ў Грэскай бальніцы, потым у Грозаве. Гадаваўся я ў вёсцы Клешаў. Ужо калі быў студэнтам, бацькі пераехалі жыць у вёску Грывень. Клешаў — Слуцкага раёна, Грывень — Капыльскага, родная бацькава вёска.

Пасля смерці мамы бацька заставаўся адзін. Чалавек жартаўлівы, на прапановы лекараў падлячыцца ў бальніцы адказваў: «Не магу. У мяне гаспадарка: сабака, кошка і куры». Пераязджаць у горад катэгарычна адмовіўся: «Я ў цябе як пасяджу год ля пад’езда, дык ты мяне і пахаваеш». І пражыў да 92. Апошнія два гады толькі жыў у горадзе. І тое ў Слуцк да сястры паехаў, бо адтуль мог наведвацца ў вёску.

«НН»: У даведніках пішуць, што Вашыя бацькі былі служачымі. Для вёскі гэта нетыпова.

АЖ: Бацьку дакладна можна назваць служачым, бо працаваў у раённым кіраўніцтве, а найбольш начальнікам сельсавецкага паштовага аддзялення. А мама медсястра — і не сялянка, і не рабочая.

«НН»: Як бацькі паставіліся да таго, што пайшлі на філфак БДУ?

АЖ:

Тады вяскоўцы нават марылі, каб іх дзеці вывучыліся на настаўніка.
Я пачаў яшчэ школьнікам пісаць у слуцкую раёнку «Шлях Ільіча». Нават ганарар аднойчы атрымаў ад бацькі папругаю, калі пакрытыкаваў калгаснага брыгадзіра. Ды і першыя апавяданні надрукаваў у «Нёмане», калі быў яшчэ старшакласнікам.

«НН»: На філфаку Вы вучыліся разам з Алесем Разанавым і Віктарам Ярацам. Падпісвалі іх гучны ліст ў абарону роднай мовы ў 1968?

АЖ: Яны вучыліся курсам маладзей. Ліст мы з сябрамі падпісалі, бо ў ім было заканамернае патрабаванне, каб на беларускім аддзяленіі філфака ўсе прадметы выкладаліся па-беларуску.

Нас за тыя подпісы не ганялі.
Цяжэй было прафесару Міхасю Ларчанку. Хаця, ставячы свой подпіс пад тым лістом, ён ведаў, што перападзе і па партыйнай, і па службовай лініі. А паставіў!

Замест канспектаў пісаў апавяданні

«НН»: Прабіцца маладому пісьменніку было цяжка?

АЖ: Літаратурны лёс склад­ваўся неяк натуральна. Каб зацыкліваўся на тым «прабіванні», толку не было б. Галоўным было вучыцца пісаць. І добра, што ў гэтым кірунку падштурхоўваў Міхась Стральцоў, якому я ў «Маладосць» насіў шмат студэнцкіх опусаў. А потым мелі месца падтрымка і ўвага Янкі Брыля праз усё маё літаратурнае жыццё.

За гады студэнцтва практычна напісалася першая кніга апавяданняў. Мы з паэтам Юркам Голубам лекцый не прапускалі. Але, за выключэннем некаторых выкладчыкаў, нічога і не канспектавалі. На апошнім радзе ў аўдыторыі ў танных блакнотах пісалі сваё.

«НН»: Пасля, як выглядае, літаратурны лёс склаўся ўдала. Па кнігах знялі два фільмы, уручылі Дзяржаўную прэмію…

АЖ: Самае добрае, што пісалася і хацелася пісаць. Верылася, што напісанае хоць нешта зрушыць у жыцці да лепшага. Яшчэ за адно з першых апавяданняў, «Жонка героя», у рэспубліканскай газеце мяне адсцябаў артадаксальны крытык Якаў Герцовіч — за дэгераізацыю савецкага салдата ў час вайны.

Так, былі прэміі, узнагароды. Усё напісанае было перакладзена і выдадзена ў Маскве, былі публікацыі на замежных мовах.

Але як магло падабацца кіраўніцтву тое ж самае «Паляванне на Апошняга Жураўля», якое мела абсалютна падцэнзурную працоўную назву «Паляванне на апошняга беларуса»?
Да гэтай аповесці дабраліся б, але яна неўзабаве адкрывала нумар усесаюзнага часопіса «Дружба народаў». А тады дзейнічала жалезнае правіла: у рэспубліканскім друку нельга ні крытыкаваць, ні выступаць супраць змешчанага ва ўсесаюзным. Таму, відаць, і тэлефільмы здымалі, і спектакль па п’есе «Апошні журавель», якую практычна напісаў Аляксей Дудараў, ставілі амаль у дваццаці тэатрах Савецкага Саюза.

«НН»: А фільмамі задаволеныя?

АЖ: Ваенны «Палігон» маскоўскія «варагі» зрабілі па прынцыпу цяп­ляп, яшчэ і адсябеціны панадапісвалі, за якую сорамна. «Паляванне на Апошняга Жураўля» зроблены на прыстойным узроўні, але ж добры фільм — удача рэжысёра. Па «Паляванні» лічу ўдалым радыёспектакль, які зрабіў на Беларускім радыё Валерый Анісенка.

«НН»: Прызнанне, высокія ганарары. Багемнае жыццё вялі?

АЖ: Вядомасць мая была не такая і вялікая, тоўстых тамоў я не пісаў, ганарары атрымліваў па сярэдніх стаўках. Але бедным сябе не лічыў, хаця і багатым не быў.

Багемнага жыцця не вёў, і не таму што святоша: рана ажаніўся і гадаваў двух сыноў. Тады яшчэ не было ні завядзёнкі, ні такой моды. Завядзёнка была на сяброўскія пасядзелкі — старэйшых з маладзейшымі, пачаткоўцаў са сталымі і вядомымі, у равесніцкіх кампаніях. Гэта люблю і цяпер. На жаль, кола ўдзельнікаў такіх пасядзелак няўмольна звужаецца і здараюцца яны рэдка. З гэтым трэба змірыцца: на ўсё ў чалавечым жыцці свой час.

Рэдактарам стаў па загадзе

«НН»: Максім Танк у свой час накіраваў Вас «асадзіць» мясцовае начальства за цкаванне Геніюш. Дапамаглі?

АЖ:

Да Ларысы Геніюш я ездзіў па даручэнні ЦК КПБ. Місія была прыемная. Не толькі «асадзіць», але і папярэдзіць, каб Ларысу Антонаўну не чапалі без ведама сектара мастацкай літаратуры ЦК КПБ.
З тае паездкі я прывёз папку яе вершаў. Яна дала мне іх са словамі: «Скажыце вітанне Максіму і няхай вершамі распарадзіцца ён сам». На ўвазе меўся Максім Танк. Вершамі ён распарадзіўся: надрукавалі вялікія падборкі ў «Полымі» і «ЛіМе», а потым выдалі кнігу паэзіі Ларысы Геніюш «На чабары настоена».

«НН»: У 33 Вы занялі крэсла рэдактара «ЛіМа». Хацелі вяршыць лёсы калегаў?

АЖ: Алесь Асіпенка, які быў рэдактарам «ЛіМа», выходзіў на пенсію. Я тады працаваў у ЦК КПБ, і мы з Сяргеем Законнікавым павінны былі знайсці чалавека на яго месца. Шукала і кіраўніцтва Саюза пісьменнікаў. Але на клопатную працу ў газеце салідныя пісьменнікі ісці не хацелі. Не ўгаварылі мы ні Вячаслава Адамчыка, ні Барыса Сачанку. Не змог знайсці патрэбнай кандыдатуры і Іван Шамякін. Вось цакоўскае кіраўніцтва і зрабіла рэдактарам мяне, хаця я ні дня да таго не працаваў у газеце. Ніякія адгаворкі не дапамаглі.

«НН»: У «ЛіМе» Вы і перабудову сустрэлі. Паслабленне адразу пачалося?

АЖ: Я з «ЛіМа» пайшоў у 1986, калі перабудова была аб'яўлена, але яшчэ не пачалася. Аддзел прапаганды ЦК КПБ заўзята змагаўся з нацыяналізмам, рассылаў інструкцыі абмяжоўваць сустрэчы пісьменнікаў у школах, ВНУ, у рабочых калектывах. А мяне абвінавачваў у нацыяналізме за тое, што друкаваў розных там Дубаўцоў, Пазнякоў, Дзянісавых, што назбіраў у штат невядома каго: мелася на ўвазе творчая моладзь…

«НН»: Чаму пакінулі газету?

АЖ: Сыходзіць я не збіраўся. Але вясною рыхтаваўся пісьменніцкі з'езд. На ім планавалася, скажам, ратацыя сакратароў саюза. Калі на пасаду рэдактара «ЛіМа» ахвотных не было, то стаць сакратарамі хацелі многія. Гэта лічылася прэстыжным.

У апошні дзень з'езду ў пакойчыку для прэзідыума мяне затрымаў сакратар ЦК КПБ Кузьмін: «Жук, пойдзеш сакратаром Саюза пісьменнікаў». Я разгубіўся, ад нечаканасці пачаў адгаворвацца недарэчна і бездапаможна. Але па вачах Аляксандра Трыфанавіча зразумеў, што рашэнне прынята. Пасля абеду я яшчэ падпісаў да друку палосы, а вечарам ужо не быў рэдактарам.

Часопісы захапілі па-ціхаму

«НН»: У 2000-х з холдынга «ЛіМ» Вас адправілі на пенсію як героя Вашай жа аповесці «Паляванне на Апошняга Жураўля»: нібыта з пашанай, але прымусова?

АЖ: Сыход з рэдактарскай работы, сапраўды, я ў сутнасці напрарочыў яшчэ пішучы «Паляванне на Апошняга Жураўля».

Да вясны 2002 рэдакцыя «Нёмана» была самастойнай арганізацыяй. А вясною з'явілася група, скажам так, актывістаў на чале з адным з кіраўнікоў Міністэрства інфармацыі і аб'явіла, што часопіс ліквідуецца.
Я тады ляжаў у кардыяцэнтры з праапераваным сэрцам. «Ліквідатары» аб'явілі, што ствараецца нейкі холдынг.

На самай справе прычына была ў тым, што галоўныя рэдактары «Полымя», «Маладосці», «Нёмана» дазвалялі сабе мець свой погляд на літаратурны працэс, наогул на тое, што дзеецца ў жыцці, і адпаведна фарміравалі часопісы. Кіраўніцтву такая пазіцыя рэдактараў не падабалася, іх вырашылі мяняць. Як вядома, вакол кіраўнікоў паслугачоў круціцца шмат, у тым ліку з пісьменнікаў. Вось яны актыўна і па-нялюдску ўзяліся за справу. На рэдакцыі былі арганізаваны праверкі за злоўжыванне службовым становішчам, за фінансавыя махінацыі і карупцыю. Правярала нас нават Генпракуратура. Праверкі нічога не выявілі, публічнага ганьбавання не атрымалася. Ціхенька быў прызначаны кіраўнік «холдынгу» і новыя рэдактары.

Я знарок не называю тых «ліквідатараў», каб прозвішчы іх нават такім чынам не засталіся ў гісторыі літаратуры. Бо прайшло толькі дзесяць гадоў, а іх ужо не памятае ні культурная, ні чытацкая, ні наогул грамадскасць.

***

Алесь Жук нарадзіўся ў 1947 у в. Клешаў Слуцкага раёна. Скончыў філфак БДУ. Аўтар кніг прозы «Асеннія халады», «Паляванне на старых азёрах», «Паўстанак вяртання», «Праклятая любоў»... Працаваў рэдактарам газеты «ЛіМ», у часопісах «Полымя», «Нёман». Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1992).

Каментары2

 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Памятаеце палітвязня Вітухноўскага, які пайшоў ваяваць за Расію? Ён ужо загінуў9

Памятаеце палітвязня Вітухноўскага, які пайшоў ваяваць за Расію? Ён ужо загінуў

Усе навіны →
Усе навіны

«Грузія закрываецца». Гутарка з беларусам, які пасля візарану захрас у Арменіі1

Каму першым адключаць гарачую ваду ў Мінску? Спіс

Параўналі цэны на аўтамабілі беларускай і расійскай вытворчасці ў Беларусі і Расіі. Розніца вас здзівіць1

«Сёмая ДНК-экспертыза пацвердзіла: Аляксей з беларускай вёскі Рымуцеўцы — бацька Ханса». Як нарвежац знайшоў бацьку-беларуса праз 78 гадоў7

Украінскія беспілотнікі атакавалі Маскву, Новамаскоўcк і Тулу

Беларускі блогер, якога летась затрымлівалі за прыколы, разам з сябрам ідзе пешшу з Мінска ў Маскву2

Амаль 10 гадоў таму ў Беларусі грымела «справа сямнаццаці». Як далей склаўся лёс яе фігурантаў-сілавікоў?2

«Чыстая выпадковасць»: геній іранскага кіно зняў фільм пра былых палітзняволеных, якія атрымалі магчымасць адпомсціць7

«Пацукі, блохі, смецце, а ЖЭУ рапартуе, што ўсё прыбрана». Жыхары Жодзіна абураныя, што мусілі самі ачышчаць падвал2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Памятаеце палітвязня Вітухноўскага, які пайшоў ваяваць за Расію? Ён ужо загінуў9

Памятаеце палітвязня Вітухноўскага, які пайшоў ваяваць за Расію? Ён ужо загінуў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць