Знаёмцеся — Анатоль Клімовіч, 36 гадоў, рабочы па абслугоўванні будынка ў дзіцячым садку. А яшчэ — вернік царквы Евангельскіх хрысціян­-баптыстаў (ЕХБ) «Перамяненне».

Мне было 20 гадоў, калі я пачуў пра Бога, паверыў і прыняў хрышчэнне.
Да гэтага я не зусім разумеў пытанні веры, бо ні мае бацькі, ні абедзве бабулі і дзед не праяўлялі сябе ні як атэісты, ні як вернікі. Я думаў, што нешта ёсць, але дзе ёсць і хто ёсць — паняцця не меў.

Я ішоў да веры доўгія гады. Яшчэ да арміі, падчас свайго навучання ў школе, я знайшоў у бацькоў кнігу Л.Таксіля «Пацешная Біблія», дзе аўтар высмейваў веру ў Бога. Там былі вытрымкі з Бібліі і тлумачэнні аўтара. Мне захацелася знайсці і прачытаць Біблію. Пазней, у вучылішчы, я ў кагосьці ўбачыў Евангелле і ўзяў пачытаць. Яно мяне моцна ўразіла і я стаў больш задумвацца пра Бога.

У маладосці я меў нейкае ўяўленне пра хрысціянства (у выглядзе праваслаўнай царквы), але, чытаючы Новы Запавет і гледзячы на праваслаўе, я ўсё больш пераконваўся, што дзесьці павінна быць менавіта такая царква, пра якую я чытаў у Евангеллі. Пазней, калі я ўжо служыў у арміі, я змог больш даведацца пра Бога, бо мне давялося служыць з сынам пастара царквы ЕХБ з Мінска. Пасля звальнення ў запас я стаў наведваць мінскую царкву ЕХБ «Раство Хрыстова», дзе канчаткова прыйшоў да веры.

З каталіцызмам на той момант я быў незнаёмы, а ў праваслаўі я не ўбачыў Бога. Чаму? З-за абрадаў, а не з­за паводзінаў нейкіх святароў. Святары таксама людзі, усякае бывае.

• Мы, баптысты, не верым у «цудатворныя» абразы, але мы верым у цудатворнага Хрыста.
Мы не пакланяемся мёртвым ідалам, але пакланяемся толькі жывому Богу. Мы не молімся «святым» угоднікам і пасярэднікам, таму што ёсць толькі адзін пасрэднік паміж Богам і людзьмі — Ісус Хрыстос. Так кажа Біблія, і менавіта яна з’яўляецца для нас найвышэйшым аўтарытэтам.
• Святых, як і апосталаў, мы павінны паважаць, і пераймаць іх веру, а не маліцца ім, перад іх выявамі.
Культ абразоў, малітва святым, а не Хрысту — гэтага мы прыняць не можам, бо гэта ідзе ў разрэз са Святым Пісаннем.

• Напэўна, баптысты вызначаюцца самай вялікай талерантнасцю да іншых рэлігій.

У дачыненні да ўлады мы стараемся паступаць так, як напісана ў Бібліі (Першае пасланне Пятра 2:13):
«Дык вось, слухайцеся ўсякага людскога начальства, дзеля Госпада: хай тое цару, як найвышэйшай уладзе і г.д». Але трэба быць пакорлівым да таго часу, пакуль гэта не супярэчыць Богу. Калі ўлады будуць прымушаць мяне грашыць, я маю права не слухаць такой улады. Зноў жа, месца з Пісання (Дзеі св. апосталаў 05:29): «Пётра і апосталы ў адказ сказалі: трэба слухацца болей Бога, чым людзей».

У пытанні адзення кожная царква сама ўсталёўвае патрабаванні, але я за хустку і спадніцу для жанчын.
Таму што гэта не патрабаванне, а, хутчэй, рэкамендацыя. Форма адзення на выратаванне душы не ўплывае, але ў той жа час з’яўляецца паказчыкам духоўнасці. Яна адлюстроўвае ўнутраны свет чалавека. Ну і, з другога боку, вы прыйшлі памаліцца Богу, а тут перад вамі дзяўчо ва ўсім абцягваючым. Дзе будуць вашы думкі?

• Калі мы свядома робім шкоду здароўю, то гэта грэх. Курэнне і алкаголь гэта тое, што нас павольна забівае, таму гэта грэх. Тое ж тычыцца эўтаназіі і суіцыду. Наша жыццё належыць Богу і толькі Ён вырашае, калі яго перапыніць.

• Маё стаўленне да шлюбу цалкам адпавядае біблійнаму. Разводзіцца не варта, а калі ўжо давялося, то лепш у паўторны шлюб не ўступаць. Паўторны шлюб магчымы толькі калі першага мужа ці жонкі няма ў жывых.

Жонка таксама была веруючай, калі мы пазнаёміліся. Вяселле было без гарэлкі, першы сэкс быў пасля шлюбу.
Дзеці цяпкр ходзяць з намі ў царкву, і ім цікава, але прымушаць іх прымаць хрышчэнне ніхто не будзе. Яны павінны самі, свядома прыйсці да гэтага.

• Аднаполыя шлюбы? Я супраць таго, каб іх узаконілі, а забараніць людзям грашыць я не магу. Бог вырашыць, што іх чакае, можа яны перад смерцю зразумеюць, што рабілі, і пакаюцца. Але, як напісана ў Бібліі, аднаполы сэкс — гэта брыда перад Богам.

• Калі фільм прапагандуе грэх, то, натуральна, я яго глядзець не буду, калі песня заклікае рабіць грэх, то яе я таксама не буду слухаць. З нашых я слухаю Аляксандра Патліса, падабаюцца некаторыя песні з «Кіно», «ДДТ», а добрых фільмаў свет, вось нядаўна выйшаў серыял «Біблія 2013», мне спадабалася.

• Сённяшняе тэлебачанне — гэта смецце.

• Баптысты — гэта практычна адна сям’я. Калі ў цябе праблемы, то табе заўсёды дапамогуць. Напэўна, гэта таму, што нас мала ў параўнанні з тымі ж праваслаўнымі, а яшчэ таму, што такая воля Божая: дапамагаць адзін адному. Бо залатое правіла хрысціянства нам кажа, каб жылі мы з людзьмі так, як нам бы хацелася, каб паступалі з намі.

• Найвышэйшае шчасце — гэта знайсці Бога. Вось кажуць: шчасце гэта кахаць і быць каханым, але нямногія разумеюць, што крыніца кахання да Бога, калі мы маем Бога ў душы, дык Ён дае нам сілы кахаць і прымаць каханне ад блізкага нам чалавека, так што найвышэйшае шчасце гэта знайсці Бога. Як гэта ні банальна гучыць, але гэта так.

• Найбольшае няшчасце — гэта мне было знаёма — аказацца без Бога, калі ў душы пустата і няма чым гэтую пустату запоўніць.

• Што б я спытаў у Бога? Ён Творца ўсяго свету і носьбіт абсалютнай ісціны. А спытаць, вось так наўскідку, нават і не ведаю. Хоць магчыма задаў б пытанне : «У чым я Яго разумею няправільна?».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?