У суботу, 20 ліпеня, у аддзел міліцыі адміністрацыі Савецкага раёна Гомеля звярнулася мясцовая жыхарка з заявай аб знікненні сястры — выкладчыцы, якая займалася рэпетытарствам.Раніцай дзяўчына пайшла на заняткі з кліенткай, аднак не вярнулася, хоць дамовілася аб сустрэчы з сябрам. Той і ўзняў трывогу, не дачакаўшыся яе і не здолеўшы датэлефанавацца на мабільнік, які апынуўся адключаным.
Супрацоўнікі Савецкага РАУС і ўпраўлення крымінальнага вышуку УУС Гомельскага аблвыканкама па гарачых слядах выйшлі на кола бліжэйшых знаёмых, у тым ліку і яе былога хлопца.
Паводле папярэдняй інфармацыі, малады чалавек, з якім яна рассталася, некалькі месяцаў выношваў план помсты.
Сваіх сяброў — мужа і жонку — ён пераканаў дапамагчы ў расправе. Дзяўчыну запрасілі ў кватэру нібыта з прычыны рэпетытарства, дзе, як мяркуецца, яна і была забітая.Пасля цела вывезлі ў лес і закапалі.
Падазраваныя затрыманыя. Упраўленнем Следчага камітэта па Гомельскай вобласці распачата крымінальная справа па факце забойства.