Здарылася гэта трагедыя пры наступных абставінах у Калінкавічах.

Віталь (прозвішчы ў гэтым артыкуле ўказваць не будзем) часта наведваўся да свайго дзядулі, які жыў у прыватным доме па вуліцы Бялова. Прыцягвала яго туды тое, што за якую-небудзь дапамогу роднаму чалавеку можна было атрымаць 3, а то і 5 тыс. рублёў. Аднойчы, калі дзядулі не было дома, Віталь вырашыў абследаваць гарышча пабудовы і нечакана для сябе выявіў у старой ватоўцы паляўнічае ружжо шаснаццатага калібру, якое мела два ствалы, а таксама каля трыццаці патронаў.

Рашэнне наспела адразу: забраць усё гэта сабе. Можа, спатрэбіцца калі-небудзь. Там жа (дзядуля быў майстравым чалавекам), пусціўшы ў ход ціскі і наждачку, укараціў ствалы нажоўкай па металу і адчыкрыжыў частку ложа, адшліфаваўшы тое, што атрымалася. Атрымаўся абрэз, які зручна было насіць з сабой. Дзеля справядлівасці трэба сказаць, што гэтым Віталь ніколі не займаўся і займацца не збіраўся, бо ведаў, што такое можа прывесці да лавы падсудных.

Таму абрэз заняў сваё патаемнае месца ў падвале самага вялікага шматпавярховага дома (у горадзе ўсе яго называюць кітайскай сцяной), у якім хлопец жыў разам з бацькамі. У тым падвале ў асобным памяшканні захоўваліся розныя старыя рэчы, якія яшчэ маглі спатрэбіцца, будаўнічыя матэрыялы, кансерваваная прадукцыя і г.д. Быў там таксама і столік з лаўкамі, дзе можна было пасядзець. Ключ ад памяшкання знаходзіўся ў кватэры на кухні, і ім карысталіся ў сям’і ўсе, каму ён быў патрэбны ў той ці іншы момант.

Віталь некалькі разоў правяраў, ці на месцы абрэз, ці не выявіў яго хто. Не, усё ў парадку. І з патронамі — таксама. Ды і дзядуля ніякай трывогі з прычыны знікнення ружжа не праяўляў. Дарэчы, як высветлілася пасля, яно было не зарэгістравана і дасталася яму "ў спадчыну" ад былых гаспадароў, якія ў 1972 годзе прадалі дом. Ружжо было схаванае на гарышчы так, што новы гаспадар і не ведаў аб ім.

Але ж праўду кажуць: калі ёсць ружжо, яно павінна калі-небудзь стрэліць. І гэта адбылося сёлета 8 лютага. Сяргей, сябар Віталя, патэлефанаваў яму: каля 9 гадзін вечара сустрэнемся ў магазіне "Вясёлка". Там хлопцы купілі дзве літровыя бутэлькі джын-тоніку і выпілі іх у двары шматпавярхоўкі, дзе стаяў столік. Надвор’е было цёплае, настрой — цудоўны. І каб ён хутка не знік, хлопцы адправіліся ў гастраном "Юбілейны" за півам.

Прыблізна ў гэты ж самы час, калі яны смакавалі тонік, у суседнім доме ў кватэры выпівалі Таня і студэнты апошняга курса Мазырскага педагагічнага ўніверсітэта Юля і Андрэй, якія жылі грамадзянскім шлюбам і мелі трохгадовага сынка. Калі ў паўлітровай бутэльцы гарэлкі не аказалася ні кроплі, дзяўчаты пайшлі ў горад на прагулку. Так яны апынуліся каля магазіна "Юбілейны", дзе ўжо былі Віталь і Сяргей.

Хлопцы і дзяўчаты да гэтага не ведалі адзін аднаго. Тым не менш першыя прапанавалі "ўдарыць па піву", а другія і не падумалі адмаўляцца. Хлопцы купілі тавар (паўтара літра піва ў пластмасавай бутэльцы і паўлітра ў бляшанках) і прысмакі да напою ў выглядзе сланечнікавых семак і запрасілі дзяўчат, вядома ж, у падвальнае памяшканне. І тут — поўная згода. Ніякіх пярэчанняў ці адмоў.

Піва патроху распівалася. Языкі хадзілі весялей. Ды ўсё ў жартах, без ніякіх спрэчак, знявагі або прыставання. Ажур, адным словам. Узаемаразуменне. Так яно, відаць, працягвалася б і далей, калі б Віталь не ўстаў з месца і не пачаў хадзіць з кутка ў куток, урэшце накіраваўшыся за цагляную перагародку. Праз хвіліну-дзве Таня адчула на сваёй патыліцы дотык нечага халоднага. Павольна павярнула галаву — ствол абрэза! Спужалася. Сяргей, што ён робіць? Скажы яму, што гэта не жарты!

Для Сяргея, які нічога не ведаў пра зброю свайго сябра, такі ўчынак быў нечаканасцю, і ён сказаў Віталю, каб той убраў абрэз. Віталь паслухаўся. Тут да яго падышла Юля, пачала нешта гаварыць, потым села на месца і папрасіла попельніцу і слоік. Таня паставіла іх перад ёй, а Віталь ускінуў абрэз, нацэліў яго на Юлю і моўчкі націснуў на курок. Грымнуў стрэл. Акрываўленая Юля ўпала. Сяргей кінуўся з падвала наўцёкі. Таня закрычала, схапілася за галаву. Віталь заенчыў на ўвесь голас, абрэз выпаў з яго рук. Шок...

Колькі ён працягваўся, цяжка сказаць. Таня нарэшце сказала, што трэба выклікаць "хуткую дапамогу" і міліцыю. Віталь успыхнуў: не хачу на дваццаць гадоў у турму! Памацай пульс! Памацала. Прыкметаў жыцця няма. Віталь перазарадзіў абрэз, накіраваў яго на Таню, сказаўшы, што сведка не павінна жыць, і кінуў ёй вялікую сумку, у якой носяць бульбу. "Упакоўвай туды Юлю. Дапаможаш мне закапаць яе — застанешся жывой".

Што перажыла дзяўчына ў той момант, можна толькі здагадвацца. Але яна знайшла ў сабе сілы сказаць забойцу, што Сяргей, відаць, ужо выклікаў міліцыю і яна хутка будзе тут. Віталь задумаўся і паклаў абрэз. Выкарыстаўшы гэта, Таня стрымгалоў ірванула да выхаду, але хлопец дагнаў яе, схапіў за шыю, заціснуў рот і вярнуў назад, прыгразіўшы: заб’ю! Некалькі хвілін маўчання. У Віталя — новы план. "Удар мяне так, — прапанаваў ён дзяўчыне, — каб я страціў прытомнасць, а міліцыі скажам, што нейкія незнаёмцы мяне адлупцавалі, а Юлю застрэлілі". За гэтыя словы Таня ўхапілася як за апошнюю саломінку. І, згадзіўшыся, прапанавала яму схаваць абрэз. Калі Віталь пачаў рабіць гэта, яна і выскачыла з падвала. Ён ужо не дагнаў яе. У роспачы прыйшоў дадому, па дарозе выкінуўшы абрэз за агароджу на вуліцы, разбудзіў бацькоў, у істэрыцы, блытаючыся, расказаў ім, што здарылася, заяўляючы, што скончыць жыццё самагубствам. Спачатку яны не паверылі яму, а калі ўпэўніліся, што сапраўды адбылася трагедыя, бацька павёў сына ў міліцыю.

А потым працавалі следчыя органы, і крымінальная справа была перададзена ў суд. На пасяджэнні яго Віталь прызнаў сваю віну, а ў матэрыялах суда знайшлі пацвярджэнне наступныя факты. Па рабоце ён характарызаваўся абсалютна станоўча, ні ў якіх парушэннях заканадаўства ці злачынных дзеяннях заўважаны не быў. Спіртным не захапляўся, але піва любіў. Тады як атрымалася, што ён учыніў злачынства, знаходзячыся (і гэта ўстанавіла аўтарытэтная судова-псіхіятрычная экспертыза) у здаровым розуме і ўсведамляючы характар і грамадскую небяспеку сваіх дзеянняў? Адказ адзін: забыўся, што абрэз быў зараджаны, бо апошнім разам трымаў яго ў руках паўгода таму. Яму, 21-гадоваму халасцяку, хацелася "павыпендрывацца" перад дзяўчатамі, паказаць, які ён "круты" (што зараз сярод хлопцаў модна). Стрэл, адным словам, па дурасці.

У сукупнасці адпаведных артыкулаў Крымінальнага кодэкса краіны (крадзеж агнястрэльнай зброі, незаконны выраб і захоўванне яе, забойства) суд адмераў яму 10 гадоў пазбаўлення волі ў папраўча-працоўнай калоніі ўзмоцненага рэжыму. За маральныя пакуты ён павінен выплаціць маці Юлі 13 мільёнаў рублёў.

Віталь не стаў аспрэчваць прыгавор суда першай інстанцыі і згадзіўся з ім. А студэнт Андрэй усынавіў свайго маленькага Данілку ў адпаведнасці з законам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?