Спыненне экспарту растваральнікаў сёлета абумовіла нераўнамерную дынаміку валавага рэгіянальнага прадукту (ВРП), гаворыцца ў эканамічным аглядзе рэгіёнаў Беларусі, які ў ліпені падрыхтаваў Даследчы цэнтр ІПМ.

«Істотны ўплыў на дынаміку вытворчасці ў Віцебскай вобласці і Мінску і дынаміку аптовага гандлю Віцебскай вобласці аказала спыненне экспарту растваральнікаў.

Адпаведна, рэзка знізіліся аб’ёмы вытворчасці ў нафтахіміі, у той час як у іншых відах дзейнасці такога глыбокага спаду не было», — гаворыцца ў аглядзе.

У першым паўгоддзі, паводле даных Белстата, ВРП Віцебскай вобласці знізіўся на 4 працэнтныя пункты ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. У той жа час летась, калі існаваў растваральны бізнес, тэмпы эканамічнага росту ў Віцебскай вобласці былі самымі высокімі ў краіне. Так, у першым паўгоддзі 2012-га рост ВРП Віцебскай вобласці складаў 21%.

Нагадаем, у 2012 годзе Беларусь экспартавала 3,25 млн. тон растваральнікаў і разбавіцеляў на 2,8 млрд. долараў (на 77% больш, чым у 2011 годзе).

Рэзкі рост экспарту растваральнікаў выклікаў падазрэнне ў расійскага боку, які западозрыў, што Беларусь пачала пастаўляць нафтапрадукты на знешнія рынкі пад відам растваральнікаў і разбавіцеляў, не выплачваючы пошліны ў расійскі бюджэт.

У жніўні 2012-га па патрабаванні расійскага боку экспарт беларускіх растваральнікаў у вялікіх аб’ёмах быў спынены, што прывяло да зніжэння тэмпаў эканамічнага росту ў Віцебскай вобласці і ў цэлым у беларускай эканоміцы.

Варта адзначыць, што сёлета ніводная з абласцей Беларусі не змагла забяспечыць даведзеныя ўрадам заданні па тэмпах эканамічнага росту.
Нагадаем, на 2013 год у Беларусі быў запланаваны тэмп росту ВУП на ўзроўні 8,5%, у тым ліку рост ВРП Брэсцкай вобласці прагназаваўся на ўзроўні 9,9%, Віцебскай — на 7,5%, Гомельскай — на 6,5%, Гродзенскай — на 9,4%, Мінскай — на 8%, Магілёўскай — на 8,7%.
Фактычна за першае паўгоддзе 2013-га рост ВУП Беларусі склаў 1,4%,
а ў абласцях было зафіксавана зніжэнне тэмпаў эканамічнага росту або нязначны рост у параўнанні з першай паловай 2012-га.

«Патэнцыяльныя тэмпы эканамічнага росту Беларусі, паводле нашых ацэнак, складаюць 4–5%. З улікам бягучай эканамічнай кан’юнктуры і нашага патэнцыялу задача па росце ВУП, пастаўленая на бягучы год, першапачаткова здавалася недасягальнай. Такое сцвярджэнне справядлівае і ў дачыненні да рэгіёнаў», — пракаментаваў БелаПАН вынікі першага паўгоддзя эканаміст Даследчага цэнтра ІПМ Глеб Шымановіч.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?