Сёння дэлегаты выказваліся пра хвалюючыя пытанні ў іх асяродках. У пэўнай ступені нечаканым стала выступленне Міхаіла Шупаева з Астаны.

Ад імя беларускай дыяспары Казахстана ён папрасіў дапамагчы ў вяртанні ў Беларусь — распрацаваць адмысловую праграму для гэтага. Ён адзначыў, што прыехаць у наша краіну на пастаяннае жыхарства хоча шмат беларусаў, бо «мы думаем пра будучыню сваіх дзяцей».

Але ёсць і казахстанскія бізнэсоўцы, якія гатовыя інвеставаць у нашу эканоміку грошы ў абмен на беларускае грамадзянства.

Мяркуючы па словах Шупаева, такіх ахвотных не адзінкі, а значна больш.

Шупаеў прасіў аблегчыць працэдуры і тэрмін атрымання грамадзянства, а таксама прызначыць аднаразовую матэрыяльную дапамогу тым, хто вернецца.
А для бізнэсоўцаў — падатковую палёгку.
«Беларусы баяцца страціць нацыянальную ідэнтычнасць сярод дамінуючых азіятаў. Гэта пытанне фізічнага выжывання»,

— падсумаваў ён.

«Шкада, што тыя праблемы, якія былі на першым з’ездзе, так і засталіся», — сказала Ніна Савінава з Эстоніі пра ўдзел дзяржавы ў працы з дыяспарай. Прайшло 20 гадоў, а нічога каардынальна не памянялася.

«Нас успрымаць дзяржаве трэба не як тых, хто паехаў за лепшым жыццём, а як тых, хто апынуўся за мяжой і захоўвае беларускасць»,

— гэта пра недавер з боку дыпламатычных служб і цяжкасці ў атрыманні візаў.

Пра візы сказала і Алена Глагоўская з Польшчы. «Пасольскія прадстаўніцтвы дзеляць беларусаў на сваіх і не сваіх, каму можна дапамагаць, а каму нельга». У кастрычніку ёй забаранілі ўезд у Беларусь на навуковую канферэнцыю. А перад гэтай паездкай давялося дзень правесці ў беларускім консульстве ў чаканні візы.

Скептычна наконт вынікаў з’езда выказаліся перакладчык Лявон Баршчэўскі і паэт Сяргей Законнікаў.

«Вынікі нашых рэзалюцый, на жаль, маюць слабы рэзананс», — канстатаваў Баршчэўскі

«Пакуль у дзяржаве не будзе нармальнага ладу (палітычнага, грамадскага), не будзе вырашана ніводная праблема, у тым ліку вашыя (дыяспары) лакальныя праблемы», — адзначыў Законнікаў.

Выступленні дэлегатаў у другі дзень з’езда аказаліся часам дыяметральна супрацьлеглымі.
І калі адны казалі пра палітвязняў (дарэчы, сёння Мікалай Статкевіч праз адваката даслаў сваё вітанне), то іншыя гаварылі пра вялікую ролю Лукашэнкі. Камусьці нават не хапала на з’ездзе дзяржаўнага гімна і афіцыйнай сімволікі.

Пасля абеду адбудзецца прыняцце выніковых дакументаў з’езда і выбары кіроўных органаў.

Глядзіце таксама: «Мы розных поглядаў, але нас яднае нашмат большае — мы беларусы»
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?