Падобную да докшыцкага мутанта жывёлу застрэлілі ва Украіне. Гэта аказаўся янотавідны сабака.

Падобную да докшыцкага мутанта жывёлу застрэлілі ва Украіне. Гэта аказаўся янотавідны сабака.

Пра гэта паведамілі ў райаддзеле па надзвычайных сітуацыях.

Ратавальнікі расказалі, што жывёла нападала на кароў і цялятаў, кусаючы іх за ногі.

Забітую істоту забраў і перавёз на тэрыторыю ветэрынарнай станцыі галоўны ветэрынарны ўрач Докшыцкага раёна Алесь Салаўёў. Ён распавёў:

«Гэта жывёла — самая дробная з траіх ёй падобных, якіх бачылі ля Пруднікаў. Яшчэ дзве ўцяклі».

Алег Салаўёў не можа назваць дакладна від жывёлы. Гаворыць, што і паляўнічыя спрачаюцца: хто б гэта мог быць.

Паляўніцтвазнавец Докшыцкай раённай арганізацыйнай структуры Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў Дзяніс Паўловіч выказаў здагадку, што гэта мутант нейкага віду. «Я бачыў труп гэтай жывёлы на тэрыторыі ветстанцыі. Цяжка сказаць, хто б гэта мог быць. Думаю, мутант нейкага віду.

Для мяне так на гіену падобна. Нешта ў ёй лісінае, нешта ад янота, нешта ад сабакі».
Галоўны ветэрынарны ўрач Докшыцкага раёна Алег Салаўёў не бачыць сенсацыі ў гэтым выпадку і збіраецца проста спаліць труп жывёлы.

Сяргей Зянько, kraj.by

***

Труп мутанта спалілі, а хто гэта быў, не даведаліся

На жаль, «гіена-мутант» так і не раскрыла сваёй таямніцы. Як стала вядома карэспандэнту «НН», труп жывёлы, якая нападала на кароў у Докшыцкім раёне ўжо спалілі.

«Гэтаму трупу ўжо тры дні. Таму яго ўтылізавалі», — паведаміў сумную навіну намеснік галоўнага ўрача Докшыцкай раённай ветэрынарнай станцыі Віктар Саковіч.

Самае цікавае, што біялагічны від, да якога належыць забітая пачвара, так і не высветлілі. Саковіч прызнаўся,

што «не бачыць у здарэнні нічога дзіўнага».

Аднак шанц даведацца, ці належаў труп гіене, хвораму сабаку, незвычайнаму метысу ці містычнай чупакабры усё ж ёсць. Саковіч расказаў, што дастаўленая на ветстанцыю істота «была нечым кшталту шчанюка».

«А некалькі дарослых асобінаў жывыя і ўцяклі ў лес», — сказаў ветэрынар.

Кірыла Хілько

Тым часам Еўрарадыё паведамляе, што ва Украіне застрэліў «чупакабру» уладальнік невялікай гаспадаркі.

Ён адразу перадаў труп жывёлы біёлагам, якія і высветлілі, што «чупакабра» насамрэч з’яўляецца янотападобным сабакам.

«Гэта малады самец янотападобнага сабакі», — безапеляцыйна заявіў доктар біялагічных навук прафесар Таўрычаскага агротэхналагічнага універсітэта Анатоль Волах.

Янотападобнага сабаку сталі разводзіць у СССР у калгасах ў 1939 годзе, ён мае вельмі добры мех.
А калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, усіх жывёл выпусцілі ў натуральныя прыродныя ўмовы. Янотападобны сабака — драпежнік, але сілкуецца і расліннай ежай. Не грэбуе таксама падаллю і харчовымі адкідамі.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0