Дэлегаты VI з’езда беларусаў свету, які праходзіць у Мінску 23–24 ліпеня пад эгідай міжнароднай грамадскай арганізацыі «ЗБС «Бацькаўшчына», заклікалі ўлады Беларусі вызваліць палітвязняў.

Пра гэта гаворыцца ў прынятай сёння на з’ездзе калектыўнай заяве «Аб акце добрай волі».

Дакумент выклікаў пратэст з боку групы дэлегатаў, пераважна з Украіны, якія аргументавалі сваю пазіцыю тым, што «гэта — унутраная справа Рэспублікі Беларусь». Пытанне выклікала бурнае абмеркаванне, аднак толькі восем чалавек выказаліся за зняцце гэтай заявы з парадку дня.

У заяве гаворыцца пра тое, што клопат грамадзян пра будучыню сваёй краіны — гэта натуральная з’ява, якая годная пашаны і павагі.
«Натуральным з’яўляецца тое, што не ўсе людзі аднолькава ацэньваюць розныя дзеянні ўлады, у першую чаргу тыя, якія тычацца пытанняў унутранай і замежнай палітыкі, перспектыў захавання незалежнасці краіны», — адзначаецца ў дакуменце.

Яго аўтары падкрэсліваюць: «Моцная ўлада, упэўненая ў сваёй праваце, вядзе дыялог са сваімі палітычнымі апанентамі».

«На жаль, у Беларусі і сёння ёсць людзі, пазбаўленыя волі за свае палітычныя перакананні, якія не супадаюць з афіцыйным меркаваннем, і не маюць магчымасці ўдзельнічаць у такім дыялогу», — адзначылі аўтары заявы, дадаўшы, што міжнародная супольнасць называе такіх людзей палітычнымі вязнямі.

«У пабудове моцнай незалежнай Беларусі вельмі важнымі з’яўляюцца адзінства нацыі, разуменне ўсімі грамадзянамі каштоўнасцяў дэмакратыі і суверэнітэту,
-сказана ў прынятым дакуменце. — Улада павінна аб’ядноўваць людзей, быць справядлівай і добразычлівай да ўсіх грамадзян краіны незалежна ад іх палітычных поглядаў. Жорсткасць ня будуе, а разбурае».
«Мы заклікаем улады Беларусі зрабіць акт добрай волі і вызваліць з месцаў зняволення людзей, якія знаходзяцца там у пакаранне за свае палітычныя перакананні.
Мы ўпэўненыя, што такія дзеянні кіраўніцтва краіны будуць пазітыўна ацэнены народам Беларусі і міжнароднай супольнасцю», — рэзюмавалі аўтары заявы.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?