Расійскі бок "разглядае магчымасць" павелічэння пастаўкі нафты ў ІІІ і ІV кварталах, каб Мазырскі НПЗ і ААТ "Нафтан" "больш эфектыўна папрацавалі". Аб гэтым заявіў учора Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Расіі ў Беларусі Аляксандр Сурыкаў падчас сустрэчы са старшынёй Мінскага аблвыканкама Леанідам Крупцом.

Гаворачы пра падпісанае ў сакавіку Пагадненне аб мерах па развіццю гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва паміж краінамі, якое павінна было зняць шэраг абмежаванняў у гандлі, пасол адзначыў, што расійскі бок жадае, каб з яго дапамогай "мы выйшлі на нармальны рэжым падтрымкі ў першую чаргу сельгасвытворцаў".

Гаворачы пра сітуацыю з пастаўкамі цукру з Беларусі ў Расію, пасол нагадаў пра прэтэнзіі да заводаў рэспублікі, якія, па версіі расійскага боку, пад выглядам бураковага пастаўлялі цукар, выраблены з сыравіны, якая імпартавалася ў Беларусь. "Нам вельмі шкада, што мы былі вымушаныя паступіць такім чынам, што беларускі бок узяў на сабе самаабмежаванне па пастаўках цукру ў Расію. Сёлета — 180 тыс. тон... Мы зрабілі гэта таму, што не хочам падтрымліваць сялян іншых краін. Мы хочам падтрымліваць сялян Беларусі". У той жа час Аляксандр Сурыкаў адзначыў, што "калі Беларусь выйдзе на вытворчасць уласнага бураковага цукру, большую за патрэбы краіны, мы гатовыя ўвесь гэты цукар набыць".

Аляксандр Сурыкаў адзначыў: "Думаю, на працягу паўгода мы закончым усе "цукеркавыя" спрэчкі".

Расійскі бок, паводле слоў пасла, лічыць таксама, што неабходна стварыць доўгатэрміновы баланс вытворчасці і паставак сельскагаспадарчай прадукцыі па асноўных яе відах: збожжа, малако, цукар, мяса, алей. "Гадоў на дзесяць. Каб мець рысу, да якой мы павінны імкнуцца. Нарошчваць аб’ёмы вытворчасці, вярстаць адпаведныя праграмы..."

Пасол заявіў таксама, што Расію "цікавяць далейшыя інтэграцыйныя працэсы ў галіне прамысловай вытворчасці". Пры гэтым ён паведаміў, што нядаўна была адкрыта зборачная вытворчасць "Гомсельмаша" ў Бранску, вытворчасць Мінскага трактарнага завода ў Мардовіі.

Сярод праблем, якія існуюць у прамысловым узаемадзеянні, — недахопы ў галіне сэрвіснага абслугоўвання. У прыватнасці, "трэба разабрацца з пытаннямі сэрвіснага абслугоўвання ва Усходняй Сібіры" аўтамабіляў БелАЗ. Паводле слоў пасла, паступаюць скаргі на тое, што "сэрвісная частка БелАЗа прадстаўлена вельмі слаба" ў згаданым рэгіёне. Пры гэтым попыт на велікагрузную тэхніку ва Усходняй Сібіры высокі і расійскі бок хацеў бы "ўтрымаць на рынку беларускія аўтамабілі".

Звяртаючыся да тэмы павышэння кошту газу для Беларусі з 2007 года, пасол паведаміў, што сёння "7 рэгіёнаў Расіі плацяць 100 долараў за газ. І ўсе новыя магутнасці, якія падключаюцца да газу, плацяць на парадак вышэй, чым Беларусь. Мы таксама знаходзімся на шляху да СГА. І мы будзем прыводзіць да прытомнасці сваю прамысловасць. Бо калі не зробім гэтага, то проста страцім яе".

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?