У кітайска-беларускім індустрыяльным парку пабудуюць некалькі школ, дзіцячых садкоў і казіно. Пра гэта 24 ліпеня на грамадскіх абмеркаваннях у Смалявічах (Мінская вобласць) паведаміла галоўны архітэктар праекта БелНДІ горадабудаўніцтва Жанна Сініцына.

Паводле яе слоў, інфраструктура парка ўключыць у сябе шматкватэрнае і сядзібнае жыллё, прамысловыя, транспартныя аб'екты. Будуць пабудаваныя тры школы, пяць дзіцячых садкоў. Таксама прадугледжана будаўніцтва казіно.

Як паведаміў першы намеснік генеральнага дырэктара кітайска-беларускай кампаніі па развіцці індустрыяльнага парка Кірыл Карацееў,

дэталёвы план распрацаваны на тэрыторыю парка ў памеры 1.120 га, каля 10% ад якой складзе прамысловая зона.
Пры гэтым ён падкрэсліў, што 498 га будуць адведзены пад зялёныя насаджэнні.

Згаданая тэрыторыя павінна быць асвоена да 2020 года. Толькі на стварэнне агульнай інфраструктуры плануецца накіраваць 0,5 млрд. долараў.

Паводле слоў Карацеева, асноўнае будаўніцтва пачнецца з узвядзення ЛЭП, будаўніцтва газаправода, сістэм водазабеспячэння і водаадвядзення.

Ён зазначыў, што ў дэталёвым плане былі ўлічаны прапановы, якія паступілі падчас грамадскіх абмеркаванняў. Карацееў запэўніў удзельнікаў сходу ў тым, што экалагічныя патрабаванні да забудовы будуць выкананы, на тэрыторыі індустрыяльнага парка не будуць будавацца прадпрыемствы з санітарнай зонай больш за 300 м. Паводле слоў чыноўніка, гэта азначае, што "брудных вытворчасцяў у тэхнапарку не будзе, а будуць толькі высокатэхналагічныя вытворчасці".

"Дзяржава разумее, што пад індустрыяльны парк ідуць каштоўныя землі", — падкрэсліў ён.

Нагадаем, указ аб кітайска-беларускім індустрыяльным парку, які размесціцца на тэрыторыі больш як 8 тыс. га ў Смалявіцкім раёне Мінскай вобласці, быў падпісаны ў чэрвені 2012 года. Меркаваны аб'ём прамых інвестыцый у гэты праект складзе каля 2 млрд. долараў, а паводле прагнозаў пасольства КНР, можа быць павялічаны да 5,5 млрд. долараў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?