На галоўнай вуліцы Кіева — Хрышчаціку — людзі са сцягамі «Геть!!!», «Владу — киянам!» Ва ўкраінскай сталіцы сёлета выбары мэра. У Беларусі ніякай выбарнасці ўлады на мясцовым узроўні няма. Прызначаюць па вертыкалі.

Побач з майданам Незалежнасці — намётавы гарадок прыхільнікаў Юліі Цімашэнкі. Ён стаіць ужо другі год. Пратэстуй, колькі хочаш. Дзяліся сваімі поглядамі, агітуй! У Беларусі за наклейванне ўлёткі ці выхад з плакатам умомант цягнуць у мілліцыю.

«Нас хацелі блакаваць, каб мы не занялі вялікую плошчу, — расказвае адзін з дзяжурных па лагеры Іван. — Вы бачыце, што гарадок разбіты на дзве часткі. А спачатку была толькі адна. Другую палову занялі прыхільнікі Януковіча. І калі ішлі судовыя пасяджэнні — Юлю Уладзіміраўну судзілі недалёка адсюль — яны ўключалі музыку так моцна, што яна перашкаджала нават суду».

Пасля ўдалося пашырыць свой лагер. Цяпер гэта дзясяткі намётаў на тратуары. Ці ёсць эфект ад такога стаяння? Сказаць цяжка, але людзі перыядычна падыходзяць. Хаця, здаецца, гэта больш забаўка да турыстаў.

Іван — палітвязень пры Кучме. Падчас адной з масавых акцый трапіў у бойку са спецназам. Тады апынуўся за кратамі. Апазіцыянер са стажам. Але кажа, што цяпер не баіцца выказваць сваю пазіцыю.

Калі пры Кучме страшна было, што маглі забіць, цяпер і намёку на палітычныя забойствы не бачыць.

Ёсць кансэнсус

У лістападзе ў Вільні плануецца падпісанне (альбо непадпісанне) дамовы аб асацыацыі паміж ЕС і Украінай. Яна прадугледжвае спрашчэнне візавага рэжыму і стварэнне зоны свабоднага гандлю. На адну прыступку вышэй да еўраінтэграцыі.

І гэта чарговы пазітыў ад Віктара Януковіча. Курс на еўраінтэграцыю — гэта, відаць, адзін з нямногіх пунктаў, па якіх паміж уладай і апазіцыяй ёсць згода. «Ёсць кансэнсус па еўразбліжэнні», — кажа дэпутат Рады ад Партыі рэгіёнаў Міхаіл Апанашчанка. Праўда, не ўсе апазіцыйныя палітыкі аптымістычна глядзяць у будучыню.

«Шанцы падпісаць дамову я ацэньваю як 30 — за, 70 — супраць, — пракаментаваў дэпутат Рады ад апазіцыйнай «Бацькаўшчыны», былы намеснік міністра ўнутраных справаў генерал-лейтэнант Генадзь Маскаль. — Апошні тыдзень перад канікуламі крычалі, каб дэпутаты мабілізаваліся, да начы працавалі. Але няма праектаў законаў, якія давалі б асацыацыю і лібералізацыю безвізавага рэжыму, ніхто іх не падаў. А ёсць жа законы, якія павінен падаваць прэзідэнт альбо кабінет міністраў».

Міхаіл Апанашчанка хоць і больш аптымістычна глядзіць на падпісанне дамовы, але і ён не ўпэўнены, што ўдасца прыняць усе законы, на якія разлічвае ЕС. Законапраект па сэксуальных меншасцях, напрыклад, наўрад ці пройдзе. «Гэта адзін з законапраектаў, які не набірае галасоў нават у апазіцыйных партыях. Браць найлепшае ў еўрапейскіх заканадаўствах, што тычыцца эканомікі, падаткаабкладання, барацьбы з карупцыяй — гэта адно, але ёсць прынцыпы маралі і культуры, на якіх узгадаваны наш народ, і тыя каштоўнасці, што існуюць цяпер у грамадстве. Пры гэтым ва Украіне няма дыскрымінацыі сэксуальных меншасцяў».

Цімашэнка можа і не выйсці

Меркавалася, што дамову аб асацыацыі падпішуць яшчэ ў 2011-м. Але арышт Юліі Цімашэнка адклаў еўрапланы.
Цяпер, праўда, вызваленне былога прэм’ера і падпісанне дамовы чыноўнікі ЕС наўпрост не ставяць у залежнасць. Але такі крок прынясе толькі станоўчы вынік для афіцыйнага Кіева.
«Пытанне з Цімашэнкай апазіцыя часта выкарыстоўвае для таго, каб нашкодзіць сваёй дзяржаве, — лічыць дэпутат ад урадавай Партыі рэгіёнаў.

Не павінна ставіцца гэтая сітуацыя як бар’ер для падпісання пагадненняў, выгадных украінскаму народу, для паляпшэння ўзаемаадносінаў з Еўропай. Ёсць вызначаны працэс разбіральніцтва і выяўлення віны», — адзначае Міхаіл Апанашчанка.

Між іншым, Цімашэнка, якая знаходзіцца ў калоніі ў Харкаве (у дадзены момант у бальніцы), патрабуецца аперацыя. І яе родныя знайшлі лекараў у Германіі. Але сама Цімашэнка канчаткова не вырашыла, ці пагодзіцца на выезд.
Хаця цяпер афіцыйна і не прадугледжаны выезд зняволеных за мяжу, але рыхтуецца адпаведны закон. І прыняты ён будзе, як выказваюцца ў СМІ ўкраінскія палітыкі, менавіта пад Цімашэнку. Маўляў, трэба яе вызваляць, але вось якім чынам гэта зрабіць, каб прынесці найменшыя праблемы іміджу Януковіча. Выезд з краіны — самы прымальны.

«Пра што Лукашэнку гаварыць з Януковічам?»

У чэрвені Кіеў наведаў Аляксандр Лукашэнка.
Афіцыйна — для падпісання пратаколу аб ратыфікацыі дамовы паміж краінамі аб дзяржаўнай мяжы. Але афіцыйная мэта была і адзінай, лічыць дарадца кіраўніка адміністрацыі Януковіча Міхаіл Падаляк (не так даўно апальны беларускі журналіст). Неафішаваных перамоў, на яго думку, не магло быць.
А вось сам Лукашэнка наконт перамоў з Януковічам паставіў прэзідэнта Украіны ў няёмкае становішча.

«Хачу сказаць для ўкраінскіх прадстаўнікоў СМІ, паколькі беларускія пра гэта ведаюць: мы з Віктарам Фёдаравічам маем практыку без пылу і шуму сустракацца, надта часта абмяркоўваць нашыя праблемы... Тыя, хто лічыць, што ў нас гэта ледзь не першая сустрэча, што ў нас няма перамоўваў, тыя глыбока памыляюцца. Не ўсё, што блішчыць на паверхні, то і трэба бачыць. Нашая праца заключаецца ў тым, каб спакойна і без СМІ... абмяркоўваць пытанні і праблемы. І калі мы выходзім на рашэнне, то мы збіраемся і вас інфармуем», — заявіў ён падчас візіту ў чэрвені.

Пра ўсе сустрэчы ўкраінскага прэзідэнта журналісты ведаюць: нават у сённяшніх умовах захоўваецца адкрытасць. А таму і не ўпэўненыя ў шчырасці слоў Лукашэнкі.

«Я не ведаю, пра што ваш прэзідэнт можа гаварыць з нашым прэзідэнтам. Мне здаецца, гэта проста трата часу вашага вышэйшага кіраўніцтва.

Калі б Лукашэнка хацеў паглядзець Кіеў, я мог бы асабіста запрасіць і без прэзідэнта,

— так візіт ацаніў дэпутат Генадзь Маскаль. — Міждзяржаўныя адносіны паміж краінамі — ніякія. Нейкія пастаянныя гандлёвыя войны. Складана назваць цалкам нармальнымі адносіны».

Свабода ў дзеянні

«Гэта заваёва Аранжавай рэвалюцыі», — кажа журналістка Наталля Сакаленка пра тое, што ва Украіне працаваць бяспечней, чым у Беларусі.
Тры гады таму журналісты аб’ядналіся ў рух «Стоп цэнзуры!» пасля спробаў прэзідэнта абмежаваць свабоду слова. Пэўны націск адбыўся (працаваць стала цяжэй), але цалкам падпарадкаваць прэсу не ўдалося. Януковічу па-ранейшаму задаюць няёмкія пытанні на прэс-канферэнцыях, сям’я прэзідэнта знаходзіцца пад пільнай увагай.

Журналістыка яшчэ мае сілу. Сакаленка кажа, што

на стадыі вылучэння кандыдатаў на апошніх выбарах у Раду, дзякуючы працы журналістаў, удалося правесці «фільтрацыю» палітыкаў.

Выпрацавалі свае крытэры, па якіх кандыдатаў супастаўлялі. «Адбракаваных» журналістамі партыі пасля самі і замянілі.

Не без журналістаў удалося «праціснуць» прыняцце закона аб доступе да інфармацыі. Згодна з ім, на працягу пяць дзён прадастаўляецца інфармацыя пра чыноўнікаў. І

закон, па словах Сакаленкі, працуе ў дачыненні да ўсіх, акрамя Віктара Януковіча. Ужо не першы год журналісты спрабуюць высветліць, колькі і чаго знаходзіцца на тэрыторыі прыватнай рэзідэнцыі Януковіча Межыгор’е пад Кіевам. Калі афіцыйна Януковіч арандаваў 1,8 га зямлі, то цяпер яна павялічылася ў дзесяць разоў і фактычна роўная плошчы Каралеўства Манака.

Што ўражвае, журналісты штогод свабодна збіраюцца каля рэзідэнцыі на святкаванні свайго прафесійнага свята. Тым самым паказваюць, што не адступяць, пакуль Януковіч не расскажа, адкуль грошы на разбудову Межыгор’я. А спецназаўцы маўкліква пазіраюць, каб хто-небудзь не сігануў праз высокі паркан рэзідэнцыі...

Дэмакратыі ў Кіеве і сапраўды больш, чым у Мінску.

Мінск-Кіеў

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?