Гісторыя3434

Польскі падарунак Сталіну

Палітыка Польшчы падчас Другой сусветнай вайны была вар’яцтвам, піша ў сваёй новай кнізе «Obłęd’44» Пётр Зыховіч.

Пётр Зыховіч скалыхнуў летась Польшчу сваёй дэбютнай кнігай «Пакт Бэк-Рыбэнтроп». У ёй аўтар сцвярджаў, што вайна Польшчы з Германіяй і спадзяванне на дапамогу Францыі і Вялікабрытаніі было страшнай памылкай. Прааналізаваўшы сітуацыю, Зыховіч прыйшоў да высновы, што Польшча павінная была пагадзіцца на далучэнне Гданьска да Рэйха, дазволіць Гітлеру пабудаваць экстэрытарыяльную аўтастраду праз польскае Памор’е ў Прусію і потым разам з немцамі напасці на Савецкі Саюз. Гэта, на думку Зыховіча, паставіла б кропку на імперыі Сталіна.

Новая кніга гістарычнага публіцыста «Obłęd’44» (Вар’яцтва’44) прысвечаная польскай палітыцы падчас Другой сусветнай вайны, пачынаючы ад 1939 года й заканчваючы Варшаўскім паўстаннем у 1944 годзе.
Як і ў першай кнізе, аўтар аналізуе прычыну паразы Польшчы ў вайне. І, як кажа сама назва, высновы Зыховіча будуць балючымі для польскіх чытачоў.

«Свае канцэпцыі кіраўніцтва нашага падполля заснавала на ілюзіях, а не на рэаліях. Загад жаўнерам Арміі Краёвай дапамагаць Чырвонай арміі быў калабарацыяй з ворагам. Гэта было вар’яцтва. Галоўнае камандаванне АК выдала сваіх жаўнераў ў рукі савецкіх спецслужбаў. Тысячы з іх заплацілі за гэта жыццём. Апагеем вар’яцтва было рашэнне пра пачатак Варшаўскага паўстання. Гэты крок, бясспрэчна геройскі, не меў мінімальнага шанцу на поспех.

Вынікам паўстання сталі гіганцкія страты: смерць 200 тысяч палякаў, знішчэнне сталіцы — разам з бясцэннымі скарбамі культуры — і знішчэнне Арміі Краёвай, адзінай сілы, якая магла супрацьстаяць саветызацыі Польшчы. Гэты было бессэнсоўнае самагубства. Сталін нават не мог і памарыць пра такі падарунак ад палякаў, як Варшаўскае паўстанне»,
— піша ў сваёй кнізе Пётр Зыховіч.

Аўтар ставіць несуцяшальны дыягназ айчыннай гістарыяграфіі, якая кожны крок палякаў у гісторыі лічыць слушным, усіх лідараў — бясхібнымі, а калі нешта кепскае й было, то гэта хутчэй за ўсё віна чужынцаў. Зыховіч называе гэтую з’яву патрыятычнай карэктнасцю. «Тым часам шмат нашых паразаў было ў значнай ступені віною нас саміх. Гэта датычыць падзелу Рэчы Паспалітай, канца міжваеннай Польшчы й нашай паразы ў вайне», — сказаў Пётр Зыховіч у інтэрв’ю штодзёнцы «Polska. The Times». На пытанне, чаму Польшча прайграла вайну, аўтар цытуе словы Напалеона Банапарта: «Вайну прайграе той, хто робіць найбольш памылак».

Дык як трэба было паводзіць сябе палякам, каб не прайграць?
На думку Зыховіча, у палітычным сэнсе Польшча прайграла вайну яшчэ ў 1943, пасля канферэнцыі ў Тэгеране. У 1944 годзе ў палякаў былі тры варыянты развіцця падзеяў: змагацца з немцамі, ваяваць з саветамі альбо нічога не рабіць. «Трэба было выбраць апошні варыянт», — лічыць Зыховіч.

Тым часам у 1944 годзе Армія Краёва абвясціла пра пачатак аперацыі «Бура». Палякі фактычна дапамагалі Чырвонай Арміі заваёўваць сваю даваенную тэрыторыю. Вынікам гэтай аперацыі стаў арышт 80% жаўнераў АК. Камандаванне падполля праігнаравала ідэалогію Юзафа Пілсудзкага, паводле якой СССР быў самым небяспечным ворагам Польшчы. Пасля паразы немцаў пад Сталінградам, калі стала зразумела, што Вермахт будзе вымушаны адступаць, немцы ўжо не ўяўлялі доўгатэрміновай пагрозы для Польшчы. Незалежнасць можна было вярнуць толькі пасля знішчэння абодвух ворагаў, таму, паводле Зыховіча, палякам трэба было заставацца пасіўнымі назіральнікамі вайны двух тыранаў.

У кнізе «Obłęd’44» Зыховіч крытыкуе стратэгію й канкрэтныя рашэнні камандавання падполля. Жаўнераў, якія часам без досведу й зброі змагаліся з мацнейшым ворагам, ён называе героямі. «Мая вялікая павага да гэтых герояў не азначае, што з такой жа павагай я павінен ставіцца да людзей, якія паслалі найлепшую польскую моладзь з голымі рукамі на танкі. Людзей, якія ў імя палітычных фантазій паслалі на смерць нашае найлепшае пакаленне», — гаворыць Зыховіч.

Кніга Пятра Зыховіча яшчэ перад прэм’ерай выклікала гарачыя дыскусіі.
Пікантнасці ў спрэчку дадае той факт, што Зыховіч адносіцца да асяроддзя кансерватыўных публіцыстаў, якія крытычна ставяцца да так званай «педагогікі сораму», то бок скептычнага стаўлення да нацыянальнага міфу й пантэону польскіх герояў.

Публіцыст Пётр Сэмка абвінаваціў Зыховіча, што той закрывае вочы на рэаліі эпохі і патрабуе ад тагачасных камандзіраў, каб яны загадзя ведалі, як усё скончыцца. «Калі лінія думкі Зыховіча будзе працягвацца ў такім жа напрамку, то ў выніку ён прыйдзе да высновы, што дарэмна мы не мелі свайго Кіслінга. Гэта вынік таго, што антыкамунізм успрымаецца як вярхоўная ідэя, якой павінна быць падпарадкавана ўсё. Менавіта на гэтым заснаваная ідэя гістарычнага рэвізіянізму. Яго складнікі — гэта эфектыўнасць аргументаў, іх памылковая сувязь і розум заднім чыслом. Усё гэта, я на жаль, знайшоў у кнізе Зыховіча», — напісаў Сэмка ў апошнім нумары тыднёвіка «Do Rzeczy».

Зыховіч не пакінуў гэты закід без адказу:

«Я лічу, што гісторыя павінная дапамагаць нам рабіць высновы на будучыню, і таму варта яе салідна аналізаваць. А ў Польшчы гісторыя выкарыстоўваецца ў прапагандысцкіх мэтах, каб падбадзёрваць нацыянальны дух. На маю думку, гэта пярэчыць нацыянальным інтарэсам. Тых памылак мы ўжо не можам выправіць, але наш страшны геапалітычны адрас не змяніўся — мы працягваем жыць паміж Расіяй і Германіяй, у найгоршым месцы на свеце. Менавіта таму важна рабіць высновы з уласных памылак, каб не паўтараць іх яшчэ раз».

Сёньня кніга Пятра Зыховіча «Obłęd’44» трапіла ў польскія кнігарні.

Каментары34

 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Памятаеце палітвязня Вітухноўскага, які пайшоў ваяваць за Расію? Ён ужо загінуў9

Памятаеце палітвязня Вітухноўскага, які пайшоў ваяваць за Расію? Ён ужо загінуў

Усе навіны →
Усе навіны

«Грузія закрываецца». Гутарка з беларусам, які пасля візарану захрас у Арменіі1

Каму першым адключаць гарачую ваду ў Мінску? Спіс

Параўналі цэны на аўтамабілі беларускай і расійскай вытворчасці ў Беларусі і Расіі. Розніца вас здзівіць1

«Сёмая ДНК-экспертыза пацвердзіла: Аляксей з беларускай вёскі Рымуцеўцы — бацька Ханса». Як нарвежац знайшоў бацьку-беларуса праз 78 гадоў7

Украінскія беспілотнікі атакавалі Маскву, Новамаскоўcк і Тулу

Беларускі блогер, якога летась затрымлівалі за прыколы, разам з сябрам ідзе пешшу з Мінска ў Маскву2

Амаль 10 гадоў таму ў Беларусі грымела «справа сямнаццаці». Як далей склаўся лёс яе фігурантаў-сілавікоў?2

«Чыстая выпадковасць»: геній іранскага кіно зняў фільм пра былых палітзняволеных, якія атрымалі магчымасць адпомсціць7

«Пацукі, блохі, смецце, а ЖЭУ рапартуе, што ўсё прыбрана». Жыхары Жодзіна абураныя, што мусілі самі ачышчаць падвал2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Памятаеце палітвязня Вітухноўскага, які пайшоў ваяваць за Расію? Ён ужо загінуў9

Памятаеце палітвязня Вітухноўскага, які пайшоў ваяваць за Расію? Ён ужо загінуў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць