Не рабіць катастрофы з сітуацыі з афрыканскай чумой свіней (АЧС) заклікаў Аляксандр Лукашэнка падчас сустрэчы з журналістамі на месцы будаўніцтва аквапарку ў Мінску 26 ліпеня.

Лукашэнка падкрэсліў, што «гэта бяда» прыйшла ў Беларусь звонку. «Я не хачу тут нікога вінаваціць, але, адкуль бы ні прыйшла гэта бяда, гэта гаворыць пра тое, што свет вельмі ўзаемаўвязаны, і нам прыйдзецца з гэтым змагацца».

Ён заявіў, што не бачыць «ніякай катастрофы», бо вірус АЧС гіне пры тэмпературы 60 градусаў.

У цяперашняй сітуацыі, паводле яго слоў, найбольшую трывогу выклікае сітуацыя з асабістымі падворкамі насельніцтва.

«Мы цяпер працуем з насельніцтвам, каб лакалізаваць гэтыя ачагі, каб яны не мелі распаўсюджвання. На комплексах мы парадак навядзем — гэта прасцей. Я ўжо папрасіў, каб звярнуліся да людзей:

калі такое здарылася, адправіць на зарэз свойскіх свіней. Ці мы забярэм, дзяржава заплаціць, бо немалыя грошы плацяць, і ажыццявіць зарэз, ці вы самі, дома», — сказаў Лукашэнка.

Паводле яго слоў, ідзе праца і па прадухіленні распаўсюджвання віруса сярод дзікіх жывёл.

«Што датычыцца камбікармоў, то тут прасцей: трэба карміць сваімі камбікармамі,
а з дабаўкамі працаваць больш акуратна і правяраць», — заявіў Лукашэнка.

«Вірус выяўляецца элементарна. Калі заражана жывёла, яна ніяк не можа трапіць на мясакамбінат, але нават калі крый божа дзесьці штосьці прасачылася, то 60 градусаў — вы пад душ становіцеся, вада часам больш гарачая — вірус гіне», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Паводле слоў Лукашэнкі, Камітэту дзяржбяспекі і пракуратуры даручана ажыццяўляць нагляд за дзейнасцю ўсіх структур,
пачынаючы з урада і завяршаючы ветэрынарным урачом пэўнага ўчастка, назіраць, як яны дзейнічаюць у гэтай сітуацыі.

Нават Захад прызнаў, што ў Беларусі эфектыўна змагаюцца з гэтым захворваннем, падкрэсліў ён.

Лукашэнка параіў «не купляць мяса на вуліцы — лепш на рынку і ў магазінах»,
а таксама расказаў, што асабіста ён аддае перавагу курынаму мясу і ялавічыне. «Але часам таксама ўжываю і цяпер свініну. І не трэба думаць, што ў прэзідэнта стаіць куча людзей і правярае кожны кавалак ежы — нічога такога. На «Камароўцы», як і вы, асобныя прадукты закупляем», — заявіў ён.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?