У Беларусі разглядаецца магчымасць забараніць жыхарам трымаць свіней. Як паведаміла інфармацыйнае агенцтва BNS, пра гэта заявіў кіраўнік Дзяржаўнай харчова-ветэрынарнай службы (ДХВС) Літвы Ёнас Мілюс па выніках сустрэчы кіраўнікоў ветслужбаў Беларусі, Расіі, Украіны і Літвы 25 ліпеня.

«Беларусь цяпер ужо падзелена на дзве зоны бяспекі, абмяжоўваецца перамяшчэнне жывёл, перавозка і захоўванне харчовых тавараў. Разглядаецца магчымасць забараніць жыхарам трымаць свіней па ўсёй краіне», — сказаў Мілюс.

Паводле яго меркавання, балтыйскія краіны і Польшча абавязаны рабіць больш жорсткімі меры па барацьбе з распаўсюджваннем агрэсіўнай афрыканскай чумы свіней.

Мілюс сказаў, што ў Беларусі пацверджаны два афіцыйныя ачагі афрыканскай чумы свіней, якія ўжо ліквідаваныя. Ён сцвярджае, што іншыя краіны Балтыі і Польшча павінны распачаць прэвентыўныя меры, да якіх звярнулася Літва.

Мілюс сцвярджае, што на беларускіх прамысловых комплексах утрымоўваецца каля 3,5 млн. свіней, таму найперш робіцца спроба абараніць іх.

Паводле слоў Мілюса, на сустрэчы ў Мінску быў прадстаўлены прагноз расійскіх вучоных, паводле якога афрыканская чума свіней распаўсюдзіцца на балтыйскія краіны і Польшчу, а праз Украіну — на Венгрыю і Аўстрыю.

Нагадаем, раней Літва пачала праводзіць дэзінфекцыю аўтамабіляў, якія ўязджаюць на яе тэрыторыю, абутку і рук людзей.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?