Мінскі аквапарк пачне работу 1 мая 2014 года. Пра гэта паведаміў у пятніцу Аляксандру Лукашэнку ў час наведвання аквапарку, які будуецца, старшыня Мінгарвыканкама Мікалай Ладуцька.

Паводле слоў Мікалая Ладуцькі, да канца гэтага года поўнасцю завершацца будаўніча-мантажныя работы і аб’ект пяройдзе ў тэставы рэжым. Цяпер будаўнічая гатоўнасць аквапарку складае 72%. Паводле слоў мэра Мінска, ужо закуплена ўсё неабходнае абсталяванне для аквапарку, на працягу жніўня яно будзе зманціравана.

Ён адзначыў, што першапачатковы праект быў крыху зменены.
Так, з’явіцца адкрытая аквазона, павялічыцца колькасць водных атракцыёнаў, басейнаў. Усяго ў аквапарку будзе размешчана 11 асноўных водных горак, не ўлічваючы дзіцячыя, 2 дзіцячыя забаўляльныя комплексы — 1 унутры і 1 знадворку. Дзве горкі маюць экстрэмальнасць 8 балаў, дзве — 7 балаў (па 10-бальнай сістэме). Працягласць самай доўгай горкі складае больш як 200 м, вышыня — 20 м. У аквапарку будзе 11 басейнаў, 5 джакузі. Галоўны басейн будзе мець шматлікія вадаспады, фантаны і гейзеры. Частка басейнаў будзе ўяўляць сабой пячору з падсветкай і струменямі, з гэтага ж басейна будзе браць пачатак рака, што выцякае ў лагуну з пляжамі, па-за межамі будынка аквапарку. У цэнтры ракі будзе размешчаны востраў з трапічнай зеленню і абсталяваны пляжам. У закрытай частцы аквапарку будзе знаходзіцца забаўляльны цэнтр з атракцыёнам. На другім і трэцім паверхах аквапарку размесцяцца назіральныя пляцоўкі і падвесны мост над басейнамі і ракой.
У летні час аквапарк змогуць наведваць да 2 тыс. чалавек адначасова, у зімовы — больш як 1,6 тыс.
Паслугамі аквапарку могуць скарыстацца і людзі з абмежаванымі магчымасцямі. Побач з аквапаркам будзе размешчаны гасцінічны комплекс, у склад якога ўвойдуць гасцініца эканомкласа ўзроўню «дзве зоркі» і восем катэджаў. Аквапарк з прылеглымі тэрыторыямі займае 38 га.
Мінскія ўлады прапануюць даць аквапарку назву «Купалле». Аднак Аляксандр Лукашэнка не падтрымаў гэту ідэю, адзначыўшы, што над назвай яшчэ трэба падумаць.
-
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?