Вірус афрыканскай чумы свіней (АЧС) трапіў у Пскоўскую вобласць разам з кормам, які быў завезены з тэрыторыі Беларусі і закуплены ўладальнікамі прыватнай падсобнай гаспадаркі ў вёсцы Сянюціна.
Пра гэта заявіў 26 ліпеня начальнік упраўлення ветэрынарыі расійскага рэгіёну Аляксандр Булах, паведамляе прэс-служба Адміністрацыі Пскоўскай вобласці.
«Зараз уся Беларусь палыхае. Толькі ў Віцебскім раёне зарэгістравана 55 ачагоў гэтага віруснага захворвання», — падкрэсліў ён.
Чыноўнік таксама дадаў, што для кантролю таварапатоку прадуктаў свінагадоўлі, кармоў на дарогах паблізу ад расійска-беларускай мяжы выстаўлены дзяжурныя пасты. Невялікія лясныя дарогі перакапаныя, каб прадухіліць перамяшчэнне бескантрольнага аўтатранспарту.

Паводле даных рэгіянальнага ўпраўлення ветэрынарыі, для недапушчэння распаўсюджання афрыканскай чумы свіней на межах першай і другой пагражальных зон створаны і функцыянуюць кругласутачныя ахоўна-каранцінныя пасты, дэзінфекцыйныя бар’еры. У першай пагражальнай зоне праведзена адчужэнне свінога пагалоўя. Усе жывёліны забіраліся па актах, і на падставе гэтых дакументаў іх уладальнікам будзе зроблена выплата кампенсацый. Адпаведная пастанова адміністрацыі рэгіёну ўжо падпісана. Таксама Аляксандр Булах зазначыў, што ўсе дзеняні былі спакойна ўспрынятыя насельніцтвам. «Разуменне ёсць, і мы мяркуем, што людзі праявілі сваю грамадзянскую свядомасць», — заўважыў ён.

Паводле слоў Булаха, усе ахоўныя мерапрыемствы ў каранцінных зонах будуць працягнуты. Уведзеныя каранцінныя абмежаванні будуць дзейнічаць на працягу месяца, і толькі пасля заканчэння гэтага тэрміну можа быць пастаўлена пытанне аб зняцці каранціну.

19 ліпеня на прыватным падворку ў вёсцы Сянюціна Невельскага раёна быў выяўлены выпадак захворвання свойскай свінні афрыканскай чумой.

Як паведамлялася раней, Беларусь увяла забарону на ўвоз свіней і свініны з Пскоўскай вобласці, а таксама Яраслаўскай, Тульскай, Растоўскай, Маскоўскай, Валгаградскай і Смаленскай абласцей, а таксама часова абмежавала пастаўкі свініны з Белгарадскай вобласці Расіі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?