Патрыярх Маскоўскі і ўсёй Русі Кірыл і некалькі кіраўнікоў іншых памесных праваслаўных цэркваў прыбудуць сёння ў Мінск.

Кіраўнік РПЦ, а таксама Патрыярх Александрыйскі Фёдар, Патрыярх Ерусалімскі Феафіл, Патрыярх Грузінскі Ільля, Патрыярх Сербскі Ірэнэй, Архіепіскап Кіпрскі Хрызастом, Мітрапаліт Варшаўскі Сава і Мітрапаліт Амерыканскі Ціхан прыедуць позна ўвечары на літарным цягніку. На ім будзе дастаўлены і крыж, на якім, як кажа паданне, прыняў пакутніцкую смерць святы апостал Андрэй Першазванны. Крыж даставяць у Храм Андрэя Першазваннага на Малініна, 19, дзе ён будзе знаходзіцца да вечара панядзелка.

Мяркуецца, што цягнік прыбудзе ў Мінску ў 23:45.

Паводле зацверджанай праграмы, паведамляе БелаПАН, святкаванні 1025-годдзя Хрышчэння Русі адкрые 29 ліпеня ў 7.30 хрэсны ход ад храма святой Марыі Магдаліны па праспекце Машэрава да Мінскага замчышча.

У 9.30 на месцы замчышча пад адкрытым небам патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл з удзелам запрошаных прадстаяцеляў праваслаўных цэркваў правядзе літургію.

Раней называлася лічба ўддзельнікаў у 50 тыс. чалавек.

Затым адбудзецца закладка памятнай граматы ў падмурак старажытнага праваслаўнага храма XI стагоддзя ў Мінску, які плануюць аднавіць на месцы замчышча. У 14.00 тут жа пачнецца святочны канцэрт з удзелам прадстаўнікоў усіх абласцей Беларусі.

У 18.00 адбудзецца ўскладанне вянку да абеліска на плошчы Перамогі, а ў 19.30 пачнецца ўрачысты канцэрт у гонар 1025-годдзя Хрышчэння Русі ля храма-помніка ў гонар усіх святых. На 22.00 запланаваны ад’езд гасцей

У Мінску (у панядзелак вечарам тут пройдзе яшчэ адна грандыёзная падзея — канцэрт Depeche Mode)

будзе сур’ёзна абмежаваны рух транспарту.

З вечара 28 ліпеня на праспекце Машэрава на ўчастку ад вул. Ціміразева да вул. Даўмана будзе абмежаваная паркоўка транспарту, у тым ліку на прылеглых стаянках. Гэта звязана з прыбыццём арганізаваных калон вернікаў з абласцей Беларусі. Хуткасць на гэтым участку будзе зніжана да 40 км у гадзіну, таму прапускная здольнасць будзе значна зніжана.

29 ліпеня ў сувязі з дастаўкай крыжа апостала Андрэя ў прыход Усіх сьвятых, па вул. Каліноўскага і вул. Усіхсвяцкай будзе часова абмяжоўвацца рух. На гэтых вуліцах аж да 2-га жніўня будзе таксама абмежаваная паркоўка.

З вечара 28 ліпеня да вечара 29 ліпеня будуць закрытыя стаянкі, прылеглыя да Палаца спорту, а таксама будзе абмежаваная паркоўка ўздоўж вул. Мельнікайтэ ад вул. Заслаўскай да пр.

Пераможцаў.

Таксама з ночы 28 ліпеня да вечара 29 ліпеня будзе забаронены прыпынак і стаянка транспарту ў мясцовых праездах да вуліц Кісялёва і Захарава ў раёне пл. Перамогі. У другой палове дня 29 ліпеня будзе абмежаваныя прыпынак і стаянка транспарту ў раёне Прывакзальнай плошчы, а таксама будзе часова абмежаваны рух.

Уносяцца змены ў працу грамадскага транспарту.

27 ліпеня ўрачыстасці прайшлі ў Кіеве, з удзелам прэзідэнтаў Украіны і Расіі Януковіча і Пуціна. Лукашэнка ў Кіеў не паехаў, хоць раней украінскія СМІ анансавалі прыезд.

У пятніцу Лукашэнка падчас наведвання будучага аквапарка ў Мінску заявіў пра неабходнасць рэфармавання Праваслаўнай царквы.

Лукашэнка падкрэсліў, што ён з’яўляецца прыхільнікам таго, «каб наша Царква паступова рэфармавалася, пачынаючы ад царкоўнай мовы». «Доўгія малебны, службы, пропаведзі… А дарослае пакаленне, бабулькі проста не вытрымліваюць гэтага», — заўважыў ён.

Таму, на яго думку, «трэба быць больш кароткімі, кампактнымі, больш сучаснымі».

«Я супраць таго, каб людзі прыходзілі і дзве-тры гадзіны слухалі малебен на нагах, не маючы магчымасці прысесці», — сказаў Лукашэнка.

«Таму надзея на нашага патрыярха, святароў. Я рызыкнуў агучыць свой пункт гледжання, і думаю, нам ёсць над чым задумацца. У Беларусі мы пра гэта падумаем», -- сказаў ён.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?