Сузаснавальнік кампаніі «Яндэкс» Ілля Сегаловіч памёр у лонданскай клініцы. Як напісаў у карпаратыўным блогу «Яндэкса» гендырэктар кампаніі Аркадзь Волаж, Сегаловіча адключылі ад апарата жыццезабеспячэння днём у суботу, 27 ліпеня. Цела нябожчыка павінны даставіць у Расію 31 ліпеня.

Раней, у чацвер, медыкі зафіксавалі ў Сегаловіча смерць галаўнога мозгу, яго цела знаходзілася ў стане комы. «Учора ўсе надзеі скончыліся. Нават такое моцнае цела, якое было ў Ілюшы, не вытрымала, — піша ў блогу „Яндэкса“ Волаж. — З’явіліся несумяшчальныя з жыццём змены ў крыві. Трэба было даць яму сысці з гонарам». Дата і месца развітання з Сегаловічам будуць названыя пазней.

У верасні 2012 года ў Сегаловіча, які займаў пасаду тэхнічнага дырэктара «Яндэкса» з 2003 года, дыягнаставалі рак страўніка ў тэрмінальнай стадыі. Дзякуючы эфектыўнай хіміятэрапіі Сегаловіч да апошняга часу змог весці актыўнае жыццё. Першыя паведамленні пра смерць Сегаловіча з’явіліся яшчэ 25 ліпеня, але пазней іх адкарэктавалі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?