У паведамленнях сродкаў масавай інфармацыі чытаем: у Расіі на ўсяночных велікодных службах прысутнічала 4,5 мільёна чалавек, ва Украіне – 10 мільёнаў; біскуп Рыма Францішак адслужыў імшу для 3 мільёнаў каталікоў, у Кіеве малебен ля помніка вялікаму князю Уладзіміру служылі для замежных гасцей і запрошаных украінцаў, а простаму праваслаўнаму люду доступ быў зачынены; у Будславе дзеля ўшанавання іконы Маці Божай сабралася 40 тысяч вернікаў, у Кіеве у хросным ходзе, арганізаваным Кіеўскім Патрыярхатам, удзельнічала, паводле розных ацэнак ад 20 да 40 тысяч чалавек.

Цікава, колькі праваслаўных будуць прысутнічаць на ўрачыстасцях у гонар 1025-годдзя Хросту Русі ў Менску? У прыватнасці, на Літургіі.

На сайце Беларускай Праваслаўнай Царквы напісана, што Літругію ўзначаліць Патрыярх Маскоўскі Кірыл. І тут адразу паўстае пытанне: чаму не Папа і Патрыярх Александрыйскі і ўсяе Афрыкі Феадор ІІ? Ён жа другая асоба ў праваслаўным свеце пасля Патрыярха Канстанцінопальскага Варфаламея.

І той жа праваслаўны свет задае пытанне: чаму Варфаламей не прыехаў на святкаванне 1025- годдзя Хросту Русі? Прыязджаў жа ён у сталіцу Украіны пяць гадоў таму? Было ж яму яшчэ ў траўні ўручана запрашэнне ад Украінскай Праваслаўнай Царквы Маскоўскага Патрыярхату (УПЦ МП) і Віктара Януковіча? Чакалі ж яго ў Кіеве праваслаўныя хрысціяне?

Усяленскі Патрыярх не прыехаў. Ва Украіне ўжо нібыта знайшлі адказ на пытанне: чаму так здарылася. Не паварушылася належным чынам УПЦ МП, не паварушылася як трэба свецкая ўлада. Ініцыятыву перахапіла Масква. Гэта яна запрасіла прадстаяльнікаў іншых памесных Цэркваў. Патрыярху Кірылу і Уладзіміру Пуціну (вось дзе сапраўдная сімфонія) рупіла правесці святкаванне пад палітычным лозунгам “Рускага свету”, зноў агучыць старыя імперскія выдумкі пра адзіны народ, агульныя карані і да т. п.

Атрымалася ненатуральна. Грэкі хрысцілі кіянаў, калі Масквы не існавала. І вось у Кіеў прыязджаюць галава Маскоўскай Царквы і галава Маскоўскай дзяржавы святкаваць 1025-годдзе Хросту Украіны. Пры гэтым Кірыл прыязджае не ў якасці госця. Ён пачуваецца як гаспадар, вязе з сабою Сінод РПЦ і праводзіць у Кіева-Пячэрскай лаўры яго пасяджэнне.

Прыехаць у Кіеў адначасна з Кірылам Усяленскі Патрыярх не мог. Хоць бы з тае прычыны, што гаспадаром павінен быў бы пачувацца ён, бо Канстанцінопальская Царква не прызнае кананічным далучэнне ў канцы XVII ст. Кіеўскай мітраполіі (гэта значыць, сучасных Украіны, і Беларусі, і Літвы, і Латвіі) да Маскоўскага Патрыярхату. І таму, што Маскоўскі Патрыярхат пры падтрымцы дзяржавы, як і ў сталінскі час, імкнецца аспрэчыць першынство Новага Рыма ў праваслаўным свеце.

І хоць Варфаламей у Кіеў не прыехаў, яго прысутнасць у сталіцы Украіны была адчувальнаю. Як бы ні намагаўся Кірыл быць на гэтым свяце першым, учора Літургію ў Кіева-Пячэрскай лаўры ўзначальваў Папа Александрыйскі. А ў першы дзень кіеўскага святкавання інфармацыйныя агенцтвы распаўсюдзілі тэкст Паслання Усяленскага Патрыярха украінскаму народу. Заўважце: не Украінскай Праваслаўнай Царкве Маскоўскага Патрыярхату, а украінскаму народу. Гэта значыць, усім праваслаўным хрысціянам: і тым, якія з Масквою, і тым, каторыя ад Масквы аддзяліліся. Магчыма, і грэка-каталікам, якія таксама вядуць свой радавод ад кіеўскага Хросту і якія таксама выказваюць сваю павагу Новаму Рыму.

Варфаламей піша, што Канстацінопаль паслаў у славянскія землі евангелістаў праваслаўнай веры, асветнікаў Кірылу і Мяфодзія, што бясцэнныя скарбы Праваслаўя былі перададзеныя з Канстанцінопаля славянскаму (не рускаму!) свету, а “асабліва Украіне”. І хоць Новы Рым заўсёды пацвярджае універсальнасць Праваслаўя і непрыхільнае стаўленне да нацыяналізмаў, Усяленскі Патрыярх адзначае, што Канстанцінопальская Царква культывавала праваслаўны этнас, “на працягу стагоддзяў умацоўваючы еднасць украінскага народа і яго праваслаўную ідэнтычнасць, у выніку чаго Кіеў стаў духоўным цэнтрам хрысціянства ў гэтым вялікім рэгіёне Усходняй Еўропы”. Тут ізноў тонкая канстатацыя фактаў: хрысціянства, асвета, культура ішлі з Кіева ў Масковію, а не з Масковіі ў Кіеў.

Варфаламей таксама адзначае: Маці-Царква Канстанціпопаля апекавалася Кіеўскай царквою да XVII ст. – гэта значыць, да таго часу, пакуль Кіеўская мітраполія не была далучана (нягоднымі сродкамі) да Маскоўскай Царквы. Менавіта так – Маскоўскай Царквою, Царквою Масквы – называе Усяленскі Патрыярх сучасную РПЦ. І гэтым самым дае зразумець: назва “Руская Праваслаўная Царква” ёю прыўлашчана, бо ў хрысціянскім свеце (што ў Рыме, што ў Новым Рыме) да канца XVII ст. ва Усходняй Еўропе ведалі адну Рускую Царкву – Кіеўскую. Другую называлі Маскоўскай Царквой.

І нарэшце, трэці аспект Паслання. Варфаламея па-ранейшаму турбуе, што праваслаўныя хрысціяне Украіны падзелены на некалькі юрысдыкцый. Ён бласлаўяе “ўсе высілкі мясцовай Царквы, дзяржавы ды ўкраніцаў ва ўсім свеце”, каб яны “здолелі пераадолець усе праблемы і дасягнуць жаданай еднасці”. З другога боку, звяртаючыся ўкраінскага народа, архіепіскап Новага Рыма запэўнівае: “...як Усяленскі Патрыярхат і Ваша Маці Царква... мы будзем працягваць нашы высілкі дзеля еднасці і працвітання праваслаўных людзей”.

Ведама, той факт, што Усяленскі Патрыярх звярнуўся да ўкраінскага народа “цераз галаву” афіцыйнай Царквы і сам змест яго Паслання будуць яшчэ абмяркоўвацца. Паказальна тое, што інфармацыі пра гэтае Пасланне няма на афіцыйным сайце Маскоўскай Патрыярхіі. З іншага боку, не можа не звярнуць увагу і такі факт. 27 ліпеня Віктар Януковіч узнагародзіў прадстаяльнікаў праваслаўных цэркваў, якія прыехалі ў Кіеў, у тым ліку Кірыла, ордэнам Яраслава Мудрага І ступені, а ўчора СМІ разнеслі вестку, што ордэнам Свабоды – другім па значэнні пасля ордэна Дзяржавы, які ўручаецца толькі цывільным героям Украіны, – узнагароджаны Варфаламей. Праўдападобна, што ў бліжэйшы час прэзідэнт Украіны з’явіцца на Фанар, каб уручыць яму ўзнагароду.

І тут міжволі задасі пытанне: ці не было святкаванне 1025-годдзе Хросту Русі піравай перамогай Кірыла? І другое пытанне: ці будзе галава Маскоўскай Царквы пачувацца гаспадаром, а не госцем на святкаванні 1050-годдзя Хросту Русі-Украіны?

Анатоль Сідарэвіч

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?