Гісторыя1212

Шпіён, які не стаў героем

У 1931-м у Глыбокім павесілі Міхаіла Дзмітрыева, завербаванага савецкімі спецслужбамі. Піша Уладзімір Скрабатун.

«Акупацыйныя ўлады ў расклееных па ўсім гарадку аб’явах сцвярджаюць, што асуджаны — адтуль, з-за граніцы Саветаў, а тут, у «велькай Рэчы Паспалітай», займаўся забойствам, дыверсіямі і шпіянажам.

Яшчэ ўчора пабудавалі там шыбеніцу, і з Варшавы прыехаў кат Мацяеўскі са сваім памочнікам. Шыбеніцу шчыльным квадратам абкружылі ўзброеныя жандары пры клінках нагола. За шэрагамі жандараў цесным колам стаялі плячо ў плячо паліцэйскія.

...Вось скалыхнулася, загуло людское мора. У заднія рады натоўпу ўрэзаліся клінам конныя жандары. Праз вузкі калідор між людзей павольна пасоўваліся дзве крытыя чорныя аўтамашыны.

— У адной — ахвяра, у другой — кат з пракурорам,— растлумачыў хлопцам Хведар.

Кола паліцэйскіх і шпалеры жандараў расступіліся і, прапусціўшы да шыбеніцы машыны, зноў самкнуліся. У першай машыне расчыніліся дзверцы, з яе крытага кузава вылезла чацвёра паліцэйскіх. Яны вывелі з машыны чалавека са звязанымі рукамі.

Гэта быў шыракаплечы, зусім малады юнак, апрануты ў шэры астрожны балахон.

3 другой машыны вываліўся, як гарбуз, вусаты пракурор і два судовыя чыноўнікі. За імі вылез высозны кат і яго памочнік. 3-пад яго чырвонага плашча відаць былі па шчыкалаткі чорныя штаны і чаравікі ў галёшах. Твар закрывала эластычная гумовая маска з вузкімі прарэзамі для вачэй.

Перакінуўшыся некалькімі словамі з пракурорам, кат і памочнік ступілі да асуджанага. 3 абодвух бакоў узялі яго за звязаныя рукі вышэй локцяў і па прыступках павялі пад перакладзіну на эшафот.

...Максім не мог праз фортку пачуць, што гаварылася ў прыгаворы. Да яго слыху даносілася толькі невыразнае мармытанне судовага чыноўніка, але, калі агалошанне прыгавору закончылася, ён выразна пачуў, як на ўвесь голас крыкнуў асуджаны:

— Не бандыт я, людзі! Я — камуніст!

Ён яшчэ нешта выкрыкваў, але слоў яго ўжо не было чуваць — іх паглынуў гром барабанаў. Відно было, як памочнік ката, падскочыўшы да смертніка, стараўся закрыць яму сваей ручышчай рот. Білі барабаны, гайдалася, як ніва перад бурай, бязмоўная плошча, і каб гук, каб крык ці плач — толькі гром барабанаў.

Вось кат са сваім памочнікам рыўком узнялі асуджанага на табурэтку. Увокамгненне кат ускочыў на табурэтку сам і накінуў асуджанаму пятлю на шыю. Памочнік адступіўся на крок ад асуджанага, кат саскочыў з табурэткі і зірнуў на групу судовых чыноўнікаў з пракурорам — чакаў апошняга знаку. Зноў аглушальна загрукаталі барабаны. Пракурор злёгку кіўнуў барадой — кат выпрастаўся, абвёў сваім страшным позіркам натоўп і, гахнуўшы, модным ударам-выспяткам выбіў з-пад ног асуджанага табурэтку...

Хутка, як і збіраліся, пачалі разыходзіцца людзі з плошчы. Шматтысячны натоўп, як развеяная ветрам хмара, таяў і расцякаўся па вуліцах і завулках. Ад’ехалі і тыя дзве чорныя «магды» — аўтамашыны, адвозячы пракурора з судовымі чыноўнікамі і ката з памочнікам. Пастроіліся ў калоны паліцэйскія і жандары і над барабанны пошчак пакінулі плошчу.

— Ну вось і застаўся ты, таварыш Міхаіл, адзін са сваім вечным спакоем,— прамовіў прачула Хведар, калі ў пакоі засталіся толькі ён ды Максім з Андрэем».

Гэты тэкст належыць пяру заходнебеларускага пісьменніка Міхася Машары, ураджэнца цяперашняга Шаркоўшчынскага раёна. Раман «Крэсы змагаюцца». У адным з герояў рамана — Шамраі — угадваецца сам Машара. Перастаўце літары сіметрычна!

Падзеі, апісаныя ў рамане, адбываюцца за «часам польскім» на тэрыторыі сённяшняй Глыбоччыны.
Эпізод, прыведзены вышэй, — пакаранне смерцю ў 1931-м, паводле выраку суда, камуніста Міхаіла на прыкасцёльным пляцы ў Глыбокім.

Доўгія гады думаў я, што гэта — мастацкая выдумка аўтара. Ну, захацеў, напэўна, паказаць гаротны лёс беларускага народа пад ярмом польскіх акупантаў. Бо іначай чаму ў Глыбокім няма ні вуліцы, ні школы імя таго камуніста?

«Даём табе званне лейтэнанта»

Пасля, у пачатку 1990-х, Язэп Бунто, глыбоцкі краязнаўца і энцыклапедыст, ды настаўнік Глыбоцкай СШ№3 Іван Сяргеевіч Храпавіцкі расказалі мне, што такі выпадак быў. Яны былі ў віленскім архіве, трымалі ў руках крымінальную справу Міхаіла Дзмітрыева.

Акалічнасці справы такія: Міхаіл Дзмітрыеў, жыхар Глыбокага, пераходзіць польска-савецкую мяжу недзе ў раёне Кублічаў (Ушаччына), трапляе ў рукі чырвоных памежнікаў, што натуральна, — і ў рукі чэкістаў.

— Якая мэта пераходу дзяржаўнай мяжы?— пытаюць чэкісты.

— Хачу жыць у савецкай краіне, вучыцца ў Ленінградзе, — кажа перабежчык.

Ён не паехаў капаць Беламорканал, як шмат іншых такіх жа самых перабежчыкаў з Глыбокага. Праўдападобна, шчырае жаданне Міхаіла Дзмітрыева «вучыцца ў Ленінградзе» гучала пераканаўча...

— Не, у Ленінград ты не паедзеш! Даём табе званне лейтэнанта. Вяртайся назад, будзеш працаваць на нас…

Дзмітрыеў вярнуўся ў Глыбокае, дзе займаў пасаду дарожнага майстра. Глыбокае ж — цэнтр Дзісенскага павета.
Было староства — павятовая ўправа, дзе ён і працаваў. Таму ягоныя паездкі ў Падсвілле, дзе стаяў батальён Корпуса аховы памежжа, а таксама ў блізкія да мяжы Зябкі і Празарокі, не выклікалі ў польскіх «ужэнднікаў» ніякіх падазрэнняў. Работа такая! Знайшоў сабе Міхаіл і супольніка.

Згубілі спіс

Усё ішло б гладка… Але такі пракол! Выходзячы з вагона цягніка, згубілі гэтыя два шпіёны спіс. А гэта ж — памежная зона, праз Галубіцкую пушчу пралягае мяжа, ад Докшыцаў да яе — 8 км.

Праваднік вагона падымае паперку… А там — спісы паліцыянтаў па вёсках, колькасць жаўнераў у гарнізонах, узбраенне. Поўная раскладка!

Глыбоцкай дэфензіве не каштавала вялікіх высілкаў вылічыць двух савецкіх шпіёнаў. З матэрыялаў крымінальнай справы вынікае, што таварыш Міхаіл раскрыў усе акалічнасці вярбоўкі і супрацоўніцтва з савецкай выведкай. Калі, як і колькі заплацілі. Як кажуць у народзе — «здаў усе паролі і яўкі». Трэба меркаваць — не без катаванняў.

Няўдалых шпіёнаў асудзілі да пакарання смерцю. Аднак супольніка Міхаіла Дзмітрыева прэзідэнт Польшчы Ігнацы Масціцкі памілаваў. Міхаіла ж павесілі.

Калі верыць яго сваякам, якія жывуць у Глыбокім, шыбеніца стаяла на сённяшнім пляцы 17 Верасня, дзе цяпер фантан і дзе летась была ўсталяванавая бронзавая кніга да Дня беларускага пісьменства.

«Масква не прызнала героем»

Пахаваны Дзмітрыеў на цвінтары Дуброва, што ля глыбоцкай аўтастанцыі, на надмагільнай пліце, напісана: «Дзмітрыеў Міхаіл Іванавіч 1904—1931. Вечная памяць камсамольцу патрыёту, які загінуў у барацьбе з белапалякамі».

Хоць якія «белапалякі» ў Глыбокім у 1931 годзе! Тэрміналогія часоў грамадзянскай вайны.

Як бы хто ні ставіўся да ўчынку Міхаіла Дзмітрыева, але, па ўсёй логіцы, у савецкія часы ў Глыбокім у гонар яго мусіла б быць названая вуліца, яго імя мусіла б насіць адна са школаў Глыбокага, піянерская ці камсамольская дружына. Родныя мусілі б атрымаць хоць нейкую маральную ці грашовую кампенсацыю. Але не! Ведаю, што многія — і сваякі, і проста камсамольцы — спрабавалі гэтага дабіцца, пісалі запыты ў Маскву… Але такой вуліцы ў Глыбокім няма! Чаму?

Здагадку выказала адна пенсіянерка, колішняя глыбоцкая радыёжурналістка: «Масква не прызнала яго героем.

Яму плацілі — ён рабіў справу. Герой мусіў працаваць бескарысліва!»

Шпіён, які так і не стаўся героем — ні ў часы СССР-БССР, ні ў часы незалежнай РБ. Значыць, барацьба была не за ідэю, а за грошы? А мне шкада чалавека! Няўжо ўсе штатныя савецкія шпіёны на Захадзе толькі «святым духам» жылі? Дый Глыбокае тады было Захадам!

Уладзімір Скрабатун, краязнавец, рэдактар незалежнай газеты «Вольнае Глыбокае».

Каментары12

 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

Жонка агента-каханка Анжалікі Мельнікавай звязаная з арганізацыяй Руская мадэль эфектыўнага спакушэння

Жонка агента-каханка Анжалікі Мельнікавай звязаная з арганізацыяй Руская мадэль эфектыўнага спакушэння

Усе навіны →
Усе навіны

Авіялініі могуць увесці стаячыя месцы ўжо ў 2026 годзе2

«Ішла закрываць бальнічны». Бацька пра памерлую ў бальніцы ў Ельску 14-гадовую дачку5

Беларус з хваробай Альцгеймера прапаў у Варшаве

У Беларусі прадаюць амерыканскі мускул-кар, які літаральна ўрос у зямлю. Цана ўражвае3

Адміністрацыя Трампа пазбавіла Гарвард права навучаць замежных студэнтаў2

Цапкала: Папулярнасць Ціханоўскай — вынік накрутак і маніпуляцый23

У Расіі ўжо з'елі ўсю сваю гародніну: у крамах — толькі імпарт7

Як Бразілія стала «фабрыкай шпіёнаў» для расійскіх разведчыкаў4

Праз тры месяцы пасля знікнення Мельнікавай КР выступіла з доўгачаканай заявай5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Жонка агента-каханка Анжалікі Мельнікавай звязаная з арганізацыяй Руская мадэль эфектыўнага спакушэння

Жонка агента-каханка Анжалікі Мельнікавай звязаная з арганізацыяй Руская мадэль эфектыўнага спакушэння

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць