Я, здаецца, зразумеў, чым ёсць беларуская ідэя (ну, зусім як той Вавілен Татарскі з пялевінскага «Пакалення П»).

Ну, добра, калі не беларуская ідэя, дык, прынамсі, адзін з яе асноўных складнікаў. Любая вялікая ідэя такога кшталту грунтуецца на міфе. Тры тыдні вандроўкі па Арменіі даюць вам яснае адчуванне таго, чым ёсць міф, які ляжыць у аснове армянскай ідэі. Міф гэты звязаны з першахрысціянамі, з хачкарамі, з Маштоцам. Міф гэты ёсць Вялікая Арменія, якая цяпер страчаная — Арменія Арарату, да якога прытуліў свой каўчэг Ной. І каўчэг, канечне, захаваўся, і ваш суразмоўца нават ведае дзядзечку з адной аддаленай вёскі, які парэшткі таго каўчэгу бачыў на ўласныя вочы. А таму ўсе першыя людзі на зямлі ў той ці іншай ступені былі армянамі. У Арменіі любы сустрэты на вуліцы чалавек можа расказаць пра тое, хто вынайшаў армянскую пісьменнасць, што такое Гехард і колькі гадоў манастырам на узбярэжжы Севана. Гэта краіна, дзе складнікам нацыянальнага міфа з’яўляецца агульнанацыянальнае захапленне гісторыяй.

Нешта падобнае, дарэчы, бачым у іншых дзяржавах рэгіёну — грузіны гэтак жа ганарацца ўласнымі першахрысціянскімі цэрквамі, і любы сустрэты мінак можа гэтак жа расказаць пра гісторыю краіны ці старажытнага будынка.

Для рускіх такі нацыяўтваральны міф — гэта міф пра ўласную «душэўнасць» ці «духоўнасць», якая адрознівае іх ад меркантыльнага Захаду і хітрага Усходу.

Тут можна працягваць бясконца, але ж, я думаю, вы ўжо зразумелі, пра беларускі міф якога кшталту я буду весці гаворку.

Дык вось, я доўгі час спрабаваў вылучыць нейкае агульнае для ўсіх беларусаў захапленне, нейкую скразную гісторыю, кшталту армянскай гісторыі пра тое, што

хлеб прыдумалі армяне і навучылі таму Аляксандра Македонскага, які без армянскага хлеба не захапіў бы палову сусвету…

І вось, здаецца, я на такую гісторыю натрапіў. Гэтую гісторыю ў розных варыяцыях расказваюць кіроўцы таксовак, экскурсаводы ў Мастоўскім раёне, пенсіянеры на Глушчыне і дзяржаўныя тэлеканалы. Ды што там — вы, мой шаноўны чытач, прынамсі адзін раз у жыцці гэтую гісторыю некаму пераказвалі!

Гэты міф — пра славутага чалавека, які жыве недзе вельмі далёка, не звязаны з радзімай, але пры гэтым з’яўляецца беларусам.

Вы, канечне ж, чулі, што браты Уорнеры (Warner Brothers) паходзяць з бабруйскіх беларусаў. Ці што ў галівудскага актора Майкла Дугласа — сваякі з Беларусі. Што Міла Ёвавіч, канечне ж, з нашых.

Чулі?

Вось я пра гэты міф.

Адпаведнасць міфаў такога кшталту рэальнасці — справа дзясятая. Не важна, ці сапраўды ў Дугласа былі родзічы на нашай тэрыторыі. Важна, што мы гэтым шчыра ганарымся.

Славутыя беларусы могуць не адчуваць сябе выхадцамі з нашай краіны, як тая ж Ёвавіч, могуць цьмяна цікавіцца гісторыяй свайго роду, як той Джэймс-Бонд-Дэніел-Крэйг (які, кажуць, і ў «Дэфаянсе» пагадзіўся зняцца менавіта праз покліч каранёў). Яны могуць і быць яркімі носьбітамі беларускай ідэі, як вынаходца ракетнага паліва Барыс Кіт.

Галоўнае для жыцця міфа — не тое, ці адчувае сябе ягоны «герой» суб’ектам гэтай казкі, галоўнае, што суб’ектам казкі адчувае яго ўся краіна.

Вы чулі, што Алена Свірыдава паходзіць з Беларусі?

А вы ведаеце, што Шымон Перэс — таксама з нашых?

Адчуванне, што нехта з нашага краю выбіўся ў людзі недзе далёка, напаўняе нас пачуццём гонару куды большым, чым поспехі нашых суайчыннікаў, што не пакідалі Беларусь.
Бо гэтыя тут, побач, іх таленты ці паспяховасць раздражняюць, выклікаюць крыўду на сябе, што ў нас не ўдалося, а ў іх — так.

А тыя — далёка. Яны такія славутыя, што ніхто з суайчыннікаў іх не ўспрымае нават жывымі.

Яны — нейкія багі з лос-анджэлескіх Алімпаў.

Мы так захапляемся гэтым міфам, што часта запісваем у лік беларусаў людзей, якія беларусамі ну ні з якога боку не былі.

Ну, вось, напрыклад, беларусам ужо «стаўся» Дастаеўскі — гэта з ягонымі поглядамі на «нацыянальнае пытанне»! «Беларус», бо вы ж панімаеця, маліўся ў Вільні! У Беларусы запісалі Рэпіна, які сапраўды шмат тут бываў, як і Шышкін, які таксама шмат тут бываў, але ну ні першага, ні другога беларусам называць не выпадае.

Не так даўно сеціва абышоў смешны артыкул пра карціны беларускіх мастакоў, «па якіх пазнаюць Беларусь». У спісе была карціна рускага супрэматыста Казіміра Малевіча «Чорны квадрат».

Нехта з нашых міфатворцаў запісаў Малевіча ў беларусы. Так, Малевіч на запрашэнне Эль Лісіцкага сапраўды працаваў у Віцебскай мастацкай вучэльні, але ну беларусам ён ну ніяк не быў!
І «Чорны квадрат» напісаў задоўга да прыбыцця ў Віцебск!

Пры гэтым, пашыраючы кола запісаных у беларусы (што, дарэчы, дрэнна для гісторыі, але добра для жыцця міфу!), мы вельмі ганебна ставімся непасрэдна да нашых славутых суайчыннікаў. Дурні рознага кшталту задаюцца пытаннем, ці можна называць беларусамі героя амерыканскай рэвалюцыі Касцюшку ці нацыянальнага героя Чылі Дамейку. Падчас спробы вынесці на абарону ў 2003 годзе ў Беларусі дысертацыю пра Марка Шагала, я пачуў ад кафедральнай камісіі шмат чаго цікавага пра тое, што ён — не беларускі мастак. Што ён, па-першае, габрэйскі мастак, па-другое, рускі мастак, па-трэцяе, амерыканска-французскі.

Прайшло ўсяго 10 гадоў, і Шагала ў Беларусі «рэабілітавалі», не задаюцца болей пытаннем, а што робіць творцу, які размаўляў па-руску, беларускім? Спатрэбілася ўсяго 95 гадоў з моманту ад’езду, каб яму далі права прапісацца ў нацыянальнай памяці.

У гэтым нюансе, дарэчы, ляжыць адзін з асноўных хібаў нашага нацыянальнага міфу пра «небеларускіх беларусаў»:

мы апантана запісваем у беларусы тых, хто да гэтага не імкнецца, і таленавіта выціскаем з беларускага свету тых геніяў, хто марыць да яго належыць, для каго Беларусь — не пусты гук.

Перад тым, як Шагал пачаў сваю гаротную вандроўку па свеце, яго выціснулі з Беларусі.

Выціснулі не нейкія савецкія акупанты, а мы самі, суайчыннікі.
Пачытайце, што пісалі ў віцебскіх «Ізвестіях» віцебскія ж журналісты, вымусіўшы яго з’ехаць. Енчаць, што ў Беларусі мала ягоных алеяў, а даследчыца Аляксандра Шацкіх піша ў сваёй манаграфіі, што ў вучэльні пасля яго ад’езду майстры-педагогі сацыялістычнага рэалізму з мэтамі эканоміі матэрыялаў замалёўвалі «футурызм», наноў грунтавалі паверхню і ляпалі наверх вучнёўскія эцюды.
Калі б у мяне была моц адрэдагаваць гэты міф, я б зрабіў так, каб беларусы ганарыліся тымі, хто сярод іх, не цкавалі і не абражалі б іх. Не замерз бы ў снежнай гурбе Язэп Драздовіч. Не з’ехалі б Касцюшка, Дамейка ды Шагал. Але міфы большыя за людзей.

Не сталася б так, што гэты міф адрэдагуе мяне…

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?