Пра гэта ён заявіў сёння на нарадзе па пытанні эфектыўнасці барацьбы з карупцыяй і эканамічнымі злачынствамі.
«Неабходна прызнаць, што захады, якія робяцца ўсімі праваахоўнымі і кантралюючымі органамі краіны, не дазваляюць у поўным аб’ёме спыніць ілжэпрадпрымальніцтва і, галоўнае, ліквідаваць яго як высокапрыбытковы від крымінальнага бізнэсу. Гэта трэба зрабіць неадкладна», — падкрэсліў ён.
Таксама Лукашэнка запатрабаваў навесці належны парадак у рознічным тавараабароце.
Ён папракнуў дзяржорганы ў бессістэмным характары барацьбы з карупцыяй і эканамічнымі злачынствамі.
«Варта прызнаць, што яшчэ не ўсё неабходнае зроблена для спынення карупцыі і правапарушэнняў у эканамічнай сферы. Праца ўпаўнаважаных дзяржаўных органаў часта носіць бессістэмны характар і абмяжоўваецца выяўленнем малазначных злачынстваў. Пасіўнасць праяўляюць і мясцовыя органы ўлады».
Лукашэнка таксама запатрабаваў выкараніць кругавую паруку пры барацьбе з карупцыяй і эканамічнымі злачынствамі.
«Ніводны невінаваты не павінен быць прыцягнуты да адказнасці. Не павінна быць і выбарачнага, як у нас часта бывае, прыцягнення да адказнасці за эканамічныя злачынствы і карупцыю. Маўляў, гэта свае знаёмыя, нават калі і парушылі нешта — добра, заплюшчым вочы, папярэдзіўшы ціхенька ў лазні, на пікніку, на п’янцы, на паляванні, на рыбалцы. А гэтых вось ці не ведаем, ці занадта строгія, то давайце адкруцім галаву. Хачу сказаць наступнае: пры такой спробе галовы будуць адкручаныя тым, хто гэтым займаецца. у аснове павінна ляжаць выключная справядлівасць! Вінаваты — адказвай, хто б ты ні быў!» — сказаў Лукашэнка.