Сярэдні чэк у большасці гандлёвых арганізацый у другім квартале 2013 года не перавышаў 150 тыс. рублёў.
Такія звесткі атрыманыя падчас кан’юнктурнага апытання кіраўнікоў арганізацый рознічнага гандлю, праведзенага Навукова-даследчым эканамічным інстытутам (НДЭІ) Мінэканомікі ў другім квартале 2013 года.
У 18% апытаных сума сярэдняга чэка была ў дыяпазоне 150–249 тыс. рублёў, у 9% — 500 і больш тысяч рублёў.

«Абарот рознічнага гандлю і аб’ём продажаў у натуральным выражэнні ў другім квартале 2013 года павялічваўся. Яго рост адзначылі больш як палова рэспандэнтаў, якія ўдзельнічалі ў кан’юнктурным апытанні, памяншэнне аб’ёмаў рэалізацыі мела месца ў 23% выпадкаў», — гаворыцца ў справаздачы НДЭІ Мінэканомікі па выніках апытання.

Паводле даных афіцыйнай статыстыкі, рознічны тавараабарот гандлю праз усе каналы рэалізацыі ў першым паўгоддзі 2013 года склаў 115,9 трлн. рублёў і павялічыўся на 19,2% у дачыненні да аналагічнага перыяду 2012-га.

Паводле меркавання экспертаў, значны рост рознічнага тавараабароту абумоўлены павелічэннем даходаў насельніцтва. Спецыялісты Мінэканомікі канстатуюць, што зарплаты ў Беларусі растуць апераджальнымі тэмпамі.

«У студзені-чэрвені 2013 года намінальная налічаная сярэднямесячная заработная плата работнікаў у цэлым па рэспубліцы склала 4.770,9 тыс. рублёў, ці 550,5 долара ЗША, і павялічылася ў параўнанні з адпаведным перыядам 2012 года на 45,8%. Гэты паказчык вышэйшы за тэмпы росту, прадугледжаныя прагнозам на 2013 год (124,7%), у тым ліку ў чэрвені — 5.159,9 тыс. рублёў, ці 590,5 долара ЗША (павелічэнне ў параўнанні з чэрвенем 2012 года на 37,3%)», — гаворыцца ў паведамленні Мінэканомікі.

Даныя афіцыйнай статыстыкі пацвярджаюць, што рост зарплат апярэджвае тэмпы росту прадукцыйнасці працы.
Беларускія эканамісты мяркуюць, што працяг такой тэндэнцыі будзе прыводзіць да павелічэння аб’ёмаў спажывецкага імпарту, а таксама да зніжэння канкурэнтаздольнасці айчынных прадпрыемстваў на знешніх рынках.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?