Ні даследаванняў, ні мовы?

Пагутарыўшы з дваццаццю звязанымі з ЕГУ асобамі: выкладчыкамі, выпускнікамі, донарамі — Крывой і Рабальяці прыйшлі да сумных высноваў. «Стратэгія ўніверсітэта згадвае Беларусь пераважна ў якасці крыніцы студэнтаў сярод іншых студэнтаў з рэгіёна, а не ў якасці асноўнай мэты сваёй дзейнасці», — пішуць аналітыкі.


Колькасць згадак на scholar.google.com у 2012 годзе: параўнанне ЕГУ і Еўрапейскага ўніверсітэта ў Санкт-Пецярбургу.

Паводле іх меркавання, ЕГУ, які праз эміграцыю ў Літву пазбег абмежавання акадэмічных свабод і ёсць унікальным рэсурсам для гадавання беларускіх эліт і правядзення даследаванняў на беларускую тэматыку, змясціў акцэнт з беларусаарыентаванасці на «задавальненне шырэйшага кола студэнтаў з краінаў былога Савецкага Саюза». Пра гэта, паводле меркавання аўтараў, сведчыць зачыненне, прыпыненне ці паніжэнне ў статусе праграмаў, першасным фокусам якіх была Беларусь: «Паліталогія і еўрапейскія даследаванні», «Дэмакратыя і грамадзянская супольнасць», «Параўнальная гісторыя краін Паўночна-Усходняй Еўропы», «Беларусістыка».


Бачнасць у Беларусі: паказчык цытаванняў на news.tut.by (найпапулярнейшы беларускі інтэрнэт-партал) у 2012 годзе. Тут, паводле даследчыкаў, ЕГУ прайграе нават невялікаму BISS і «Ліберальнаму клубу».

Таксама Крывой і Рабальяці лічаць, што дэфіцыт беларускамоўнага навучання ў ВНУ не спрыяе захаванню нацыянальнай ідэнтычнасці, а мерапрыемствы ўніверсітэта рэдка кранаюць беларускую тэматыку. «Ад 2012 года ўніверсітэт не мае нават беларускамоўнай версіі сайта», — пішуць аналітыкі, хоць яны адзначаюць, што кіраўніцтва ЕГУ заўпэўнівала іх, «што гэта часовая праблема».

Тое самае адбываецца і ў галіне навуковых публікацый, якіх, паводле сцверджанняў аналітыкаў, беларусамі і пра Беларусь пішацца зусім нямнога. Аўтары прыводзяць прыклад зборніка навуковых артыкулаў, у якім на цэлы зборнік не было амаль нічога пра Беларусь ці на беларускім матэрыяле.

«Дабаўленая вартасць»

Аўтары аналітычнай паперы выдзелілі шэраг кірункаў, у якіх ЕГУ мае найбольшы патэнцыял і перавагу перад ВНУ, размешчанымі ў Беларусі. Менавіта паліталогія, гісторыя Беларусі, беларуская мова і літаратура, журналістыка, палітычныя правы, сацыялагічныя даследаванні і дэмакратычная трансфармацыя мусяць стаць ключавымі галінамі «дабаўленай вартасці» ЕГУ, мяркуюць аўтары.

«Вывучэнне і даследаванні ў гэтых галінах абмежаваныя ў Беларусі, часам адмыслова ўціскаюцца. Гэтыя «асноўныя» галіны павінны стаць у цэнтры донарскай падтрымкі, у той час як іншыя галіны дзейнасці ЕГУ павінны быць накіраваныя на забеспячэнне іх самафінансавання за кошт прыцягнення студэнтаў, якія аплочваюць сваё навучанне», — пішуць аналітыкі.

У выніку Крывым і Рабальяці сфармулявалі спіс рэкамендацый для ЕГУ, якія, паводле іх меркавання, змогуць вярнуць ЕГУ беларускую арыентацыю: наданне галінам «дабаўленай вартасці» асаблівага статусу і ўвагі як у плане навучання студэнтаў, так і ў плане акадэмічных даследванняў. Таксама аўтары прапануюць аддаваць перавагу беларусам пры прыёме на працу ў ЕГУ і стварыць эфектыўны наглядны орган для рэгулярнага маніторынгу дзейнасці ўніверсітэта.

ЕГУ адказвае

Афіцыйны адказ кіраўніцтва ЕГУ выйшаў неўзабаве пасля з’яўлення аналітычнай паперы і публікацыі пра яе на Belarus Digest — англамоўным аналітычным рэсурсе на беларускую тэматыку. Надрукаваны на тым самым Belarus Digest, ліст ад ЕГУ рэзка крытыкуе аналітычную паперу Крывога і Рабальяці.

Прадстаўнікі ЕГУ сцвярджаюць, што ў сваёй паперы аўтары «абяцаюць «прааналізаваць уплыў ЕГУ на звязаныя з Беларуссю даследаванні, абмеркаванні і навучальную дзейнасць», аднак насамрэч робяць павярхоўнае даследаванне, у якім не выкарыстоўваецца інфармацыя па шэрагу пытанняў, прадастаўленая [аналітыкам] паводле іх запыту».

У лісце ад ЕГУ абвяргаюцца абвінавачванні з боку Крывога і Рабальяці і сцвярджаецца, што папрокі ў аддаленні ад фокусу на Беларусі абсалютна беспадстаўныя. ЕГУ піша, што не аддае перавагі супрацоўнікам не з Беларусі, як тое сцвярджаюць аналітыкі Цэнтра пераходных даследванняў: больш за 90% акадэмічных супрацоўнікаў універсітэта з’яўляюцца беларусамі. Гэта датычыць і іншага персанала. З 200 чалавек толькі 12 — грамадзяне Літвы. Аднак у лісце таксама падкрэсліваецца, што палітыкай універсітэта ніколі не прадугледжвала найманне толькі беларусаў.

95% студэнтаў таксама з’яўляюцца беларусамі. «Кіраўніцтва ЕГУ вырашыла, што студэнам пойдзе на карысць мультыкультурнае асяроддзе, таму была вырашана прымаць больш студэнтаў з іншых краінаў, аднак іх доля не мусіць перавышаць усталяваны парог у 20%», — адзначаецца ў лісце. Яшчэ адным важным момантам з’яўляецца тое, што замежныя студэнты не атрымліваюць ніякіх ільготаў і аплачваюць навучанне цалкам.

ЕГУ сцвярджае, што і з акадэмічнай працай усё не так, як заяўляюць аналітыкі. Паводле прыведзенай статыстыкі, больш за палову студэнцкіх працаў прысвечаны беларускай тэматыцы, больш за траціну курсаў ЕГУ сфакусаваны на Беларусі. Разам з гэтым 44% усіх публікацый ЕГУ выдаюцца ў Беларусі, а 16% з іх выходзяць па-беларуску.

Чаканні ад ЕГУ вялікія

ЕГУ застаецца адзіным незалежным беларускім універсітэтам. Таму чаканні ад яго вялікія. Як вынікае з даследавання Крывога і Рабальяці, заходнія аналітыкі таксама занепакоіліся жаданнем сяго-таго ў кіраўніцтве ЕГУ пераарыентаваць універсітэт з Беларусі на расейскамоўнае насельніцтва Еўрасаюза. У святле таго, што, паводле літоўскага заканадаўства, рэктар Анатоль Міхайлаў неўзабаве павінен будзе пакінуць сваю пасаду (сканчаюцца ягоыя два тэрміны рэктарства), «гэтае даследаванне мае на мэце распачаць канструктыўнае грамадскае абмеркаванне кірункаў дзейнасці ўніверсітэта пад новым кіраўніцтвам».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?