Аляксандр Лукашэнка папракае дзяржорганы ў бессістэмным характары барацьбы з карупцыяй і эканамічнымі злачынствамі. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў сёння на нарадзе па пытанню эфектыўнасці барацьбы з карупцыяй і эканамічнымі злачынствамі.

«Трэба прызнаць, што яшчэ не ўсё неабходнае зроблена для прадухілення карупцыі і правапарушэнняў у эканамічнай сферы. Работа ўпаўнаважаных дзяржаўных органаў часта мае бессістэмны характар і абмяжоўваецца выяўленнем малазначных злачынстваў. Пасіўнасць праяўляюць і мясцовыя органы ўлады», — адзначыў ён.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў краіне дзейнічае антыкарупцыйнае заканадаўства, якое адпавядае міжнародным стандартам, і на сёння няма неабходнасці яго рэфармаваць.
Ён мяркуе, што дзяржава мае права чакаць большага эфекту ад работы спецслужбаў і падраздзяленняў, якія павінны спыняць карупцыйныя праявы і эканамічныя злачынствы, паколькі затрачвае значныя сродкі на ўтрыманне гэтых структур.

«Відавочна, што асноўнымі прычынамі такой сітуацыі сталі самазаспакоенасць і інертнасць шэрага начальнікаў падраздзяленняў праваахоўных і кантралюючых органаў, — заявіў Лукашэнка — Вінаваты не стрэлачнікі, а тыя, хто сядзіць за гэтым сталом.

Калі ў вас няма ўнутранай перакананасці, што гэта страшная зараза для дзяржавы і яе трэба неадкладна выкараняць па ўсіх напрамках, мы ніколі карупцыю не пераможам».

«Хачу, каб вы зразумелі: я не пабаюся любога рашучага кроку і дзеяння, у тым ліку калі гэта будзе датычыцца самых высокіх службовых асоб», — падкрэсліў ён, папярэдзіўшы ўсіх прысутных на нарадзе кіраўнікоў ведамстваў аб персанальнай адказнасці за стан спраў у сферы спынення карупцыі і эканамічных злачынстваў. «Падкрэсліваю: не павінна быць ніякай кампанейшчыны. Гэта пастаянная, мэтанакіраваная, штодзённая работа», — сказаў Лукашэнка.

Аляксандр Лукашэнка патрабуе ад Генеральнай пракуратуры, каб яна на справе стала каардынатарам работы ўсіх праваахоўных ведамстваў у пытаннях барацьбы са злачыннасцю і арганізацыяй процідзеяння карупцыі.

«Час цокаць абцасамі скончыўся. Патрэбна рашучая барацьба з гэтым злом, — сказаў ён. — Пакуль я ад Генпракуратуры гэтага не бачу».

«Рэальная барацьба з найбольш цяжкімі формамі карупцыі і эканамічных злачынстваў, якія наносяць значны матэрыяльны ўрон, а таксама шкоду правам і законным інтарэсам грамадзян, не павінна падмяняцца пагоняй за колькаснымі паказчыкамі па выяўленню і спыненню менш небяспечных парушэнняў», — падкрэсліў ён.

Аляксандр Лукашэнка са шкадаваннем канстатаваў, што сярод праваахоўных органаў адсутнічае належнае ўзаемадзеянне па многіх пытаннях. «Насцярожвае і тое, што пракурорамі не прынята рэальных мер па ўстараненню існуючых фактаў неканструктыўнай сумеснай работы аператыўных службаў і следчых падраздзяленняў у пытаннях ацэнкі сабраных доказаў па эканамічных злачынствах. Менавіта гэта часам служыць прычынай несвоечасовага завядзення або неабгрунтаванага спынення крымінальных спраў», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Ён таксама адзначыў, што з боку пракуратуры эфектыўная каардынацыя сумеснай работы падмяняецца паператворчасцю і абмеркаваннем статыстычных даных. «Вы мне абяцалі палажыць канец гэтай пісаніне і паператворчасці», — сказаў Лукашэнка, звяртаючыся да генеральнага пракурора Аляксандра Канюка.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на асаблівую значнасць пытанняў эфектыўнай барацьбы з карупцыяй і эканамічнымі злачынствамі.
«З майго пункту гледжання, гэта важнейшыя пагрозы для нашай дзяржавы. Нічога больш страшнага для нас сёння няма яшчэ і таму, што з іншымі пагрозамі мы спраўляемся, і, можна сказаць, паспяхова», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

У той жа час Лукашэнка адзначыў і пэўныя станоўчыя зрухі, якіх дабіліся ў выніку выпрацоўкі сістэмы мер па выкараненню проціпраўных з’яў ва ўсіх формах і праявах, аналізе дзейнасці адпаведных дзяржаўных структур па гэтых напрамках. «На працягу трох апошніх гадоў колькасць карупцыйных і эканамічных злачынстваў у краіне скарачаецца, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Як да нас ні ставіліся б у Заходняй Еўропе, Амерыцы, іншых краінах, усе адназначна прызнаюць, што ў Беларусі ўлада стараецца паставіць заслон любым карупцыйным злачынствам. Недатыкальных у краіне няма. Гэта ацэнкі з боку расіян, украінцаў, палякаў, іншых, не толькі суседзяў нашай дзяржавы». Палепшыўся і міжнародны імідж Беларусі па гэтых пазіцыях. «Гэта ў цэлым пацвярджае дзейснасць прымаемых на дзяржаўным узроўні мер, асабліва прафілактычных. Тым не менш актуальнасць антыкарупцыйнай тэмы не зніжаецца. Яна патрабуе пастаяннай увагі і сістэмнай работы як правахоўных органаў, так і ўсяго грамадства», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?