Хто яны, гэтыя людзі з шэрымі латамі на сьвядомасьці? Якімі павінны іх бачыць мы, калі наагул павінны бачыць?

Мяне як шараговага грамадзяніна пры любым дзяржаўным ладзе турбуе, ці стаіць за мной нябачны, але ўсюдыпрысутны чалавек, які ў крытычны момант закрые маю сьпіну ад кінжала хціўцы і ворага. Я хачу верыць, што гэтая непрыкметная асоба зь мяккімі рухамі і сталёвым позіркам умее мяне абараніць і нават здольная занесьці руку для маёй абароны на адно імгненьне раней за ўдар. Калі яна існуе насамрэч і здольная на гэта, разважаю далей я, я павінен альбо нічога ня ведаць пра яе сам, альбо ведаць нешта такое, што дасьць мне веру ў абароненасьць сьпіны. Тэлекарцінкі зь ценямі супрацоўнікаў спэцслужбаў – у камуфляжы, з зацемненымі тварамі, са зьмененым голасам – пасьля дасягненьня мной паўналецьця ўражваюць усё менш.

Што я ведаю пра іх? Пра людзей, што на паўкроку адступілі ў паўзмрок?

Распавядае знаёмы. Паляк. Грамадзянін суседняй дзяржавы, якая нядаўна ўступіла ў NАТО. Год таму яго выклікалі ў райаддзел міліцыі як іншаземца зь відам на жыхарства. Там, у кабінэце ўчастковага, зь ім пазнаёміўся чалавек у цывільным, які распытаў пра жыцьцё і пляны. Канкрэтных прапаноў не даваў, але паабяцаў – зьвяжамся. Намінкі, абрыўкі фраз. Ваша краіна ўступіла ў NАТО. Вы ж разумееце, у якой зьнешнепалітычнай сытуацыі знаходзіцца наша дзяржава. Ці часта бываеце на радзіме?

Церазь месяц зьвязваюцца па тэлефоне. Сустрэча ў кавярні. Цяпер іх двое, у цывільным, называюць толькі імёны. Замаўляйце, што хочаце. Грошы ў нас ёсьць. Дык ці часта вы бываеце на радзіме? Цягам трох сустрэч абрыўкі фраз сплятаюцца ў цэлую тканіну. Мы вам дамо назвы ваенных аб’ектаў, а вы прывязеце іх фатаздымкі. Для пачатку. Аплата за карысную інфармацыю да 600 тысяч.

Намаганьнем волі прымушаю сябе паверыць, што гэта нармальная практыка вэрбоўкі. Сярод новых мэтадаў работы, трэба думаць, людзі ў цывільным аналягічнага пакрою хутка засвояць вэрбоўку ў барах і рэстарацыях памежных гарадкоў Польшчы, а таксама па тэлефоне, цераз e-mail і SMS.

Распавядае сябар. Чарговыя ўгодкі бітвы пад Воршай, Крапівенскае поле. Сотня нацыяналістаў сярод намётаў, гітары, песьні, рэдкі бразгат жалезкі аб жалезку. Дзясятак мясцовых дзетак. Парачка міліцыянтаў у цяньку на ўзьлеску. Рыбак. Рыба ня ловіцца, ён нават ня надта зважае на кіўкі паплаўка. Але сядзіць доўга, засяроджана, нерухома. Сьвятую цішыню на беразе толькі штохвіліны прарывае піск з-пад пазухі. «Первый, первый, у нас всё тихо, приём».

Як чалавек далікатны, магу толькі ўзрадавацца, што хоць так гэты рыбак у цывільным далучыўся да нацыянальнага сьвята.

Расказваюць сябар, яго бацька і калега майго бацькі, былы супрацоўнік у цывільным. У нашым горадзе будынак дзяржбясьпекі мае чатыры паверхі. А ліфт у ім усталяваны на дзесяць. Пра гэта ведае ўвесь горад, хоць кожны з будаўнікоў гэтага ліфту падпісваўся аб нераспаўсюдзе зьвестак. Затое толькі былыя супрацоўнікі ў цывільным ведаюць – і расказваюць – пра спэцыяльныя прыстасаваньні, якімі багатыя трэці і асабліва чацьвёрты падземны паверхі. Адно зь іх – стул зь дзіркай у сядзеньні. Вельмі дапамагае спрасьціць допыт мужчыны. Супрацоўніку ў цывільным застаецца толькі час ад часу, распытваючы, намацваць праз гэтую дзірку нагой што-небудзь, на што націснуць.

Як чалавек далікатны, я не бяру на сябе сьмеласьці заяўляць, што клянуся захоўваць вядомыя мне таямніцы пры любых абставінах.

Расказвае знаёмы, супрацоўнік газэты. Званок у рэдакцыю. Вы апошнія, хто мне можа дапамагчы. Я сядзеў двойчы, два гады таму мяне зноў злавілі на крадзяжы, але прапанавалі супрацоўнічаць. Я здаў спачатку аднаго свайго сябра, потым другога. Ад мяне патрабавалі яшчэ. Здаў усіх, каго ведаў. Паведамляў пра ўсе ходкі, пра якія ведаў. Цяпер ад мяне патрабуюць яшчэ. Усе, каго я ведаў, сядзяць. Ім усім расказалі, што здаў іх я. Мне няма каго здаваць больш. А калі я перастану супрацоўнічаць, мяне пасадзяць на трэцюю ходку. У турму, дзе сядзяць мае сябры.

Гэтаму чалавеку па тэлефоне мой знаёмы нічым не дапамог. Газэта дзяржаўная, хутка выбары. Мне зараз альбо ў турму, на сьмерць, альбо самому павесіцца – так завяршылася тая тэлефонная размова. Болей пра яго я ня чуў.

Расказваю я. Цераз майго начальніка супрацоўнік у цывільным папрасіў у мяне за свайго інфарматара, майго навучэнца. На экзамэне бялявы малады чалавек з пранізьлівымі сінімі вачыма чырванее, апускае вочы, адказвае па тэме, але так сарамліва, нібыта я яго гадзіну таму засьпеў за ананізмам. Не іначай, ведае, што за яго папрасілі. Але ж гэты сорам – больш моцнага, едкага, відавочнага сораму я ня бачыў у жыцьці! Што гэта можа быць за праца зь людзьмі ў цывільным, калі яе так саромеюцца – падумаў тады я.

Наўрад ці гэта праца спыніць руку з кінжалам, накіраваным мне ў сьпіну ворагамі майго супярэчлівага грамадзтва.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?