Найлепшая беларуская тэнісістка Вікторыя Азаранка (3-е месца ў сусветным рэйтынгу) выйшла ў фінал турніру ВТА катэгорыі «Прэм’ер» з прызавым фондам $ 795 тыс. у амерыканскім Карлсбадзе (штат Каліфорнія). У паўфінале сёння ноччу па беларускім часе яна перамагла сербку Ану Іванавіч (17) — 6:0, 4:6, 6:3.

Суперніцай Вікторыі Азаранкі па фінале стане аўстралійка Саманта Стосур (13), якая мае тут 5-ы нумар пасеву. Статыстыка асабістых сустрэч суперніц вельмі красамоўна кажа пра перавагу беларускі. На турнірах пад эгідай ВТА яны сустракаліся 8 разоў з 2005 года, і ўсе матчы завяршыліся на карысць Вікторыі Азаранкі. Тэнісісткі гулялі і ў гэтым годзе на турніры ў Рыме. Перамагла Азаранка — 6:4, 1:6, 6:3.

За кар’еру Вікторыя Азаранка выйграла два турніры Вялікага шлема і 51 тыдзень узначальвала сусветны рэйтынг у жаночым адзіночным разрадзе. У 2013 годзе беларуска перамагла на Australian Open у Мельбурне і на турніры ў Досе (Катар). У ходзе Уімблдонскага турніру гэтага года вядучая беларуская тэнісістка атрымала траўму калена і з тых часоў не выступала на турнірах, што, зрэшты, пакуль ніяк не адбілася на яе пазіцыі ў рэйтынгу ВТА.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?