Аляксандр Ластоўскі, архіўнае фота.

Аляксандр Ластоўскі, архіўнае фота.

Так званыя «паляўнічыя» на педафілаў злавілі ў Мінску гея, якога запрасілі на сустрэчу ад імя 15-гадовага хлопчыка. У перапісцы ў сацыяльных сетках абмяркоўвалася і магчымасць сэксу паміж імі. Сустрэла ж гея група дужых пацаноў.

Эдуард — інвалід 3-й групы. Што ён належыць да сэксуальных меншасцяў, ён не хаваў. Але з хлопца здзекаваліся, і ўсё гэта запісалі на камеру. Пасля відэа выклалі ў інтэрнэце. Толькі калі пра намер дапамагчы Эдуарду прыцягнуць нападнікаў да адказнасці выказаўся прэс-сакратар мінскай міліцыі Аляксандр Ластоўскі, відэа пачалі «падчышчаць».

«Я практычна выцягнуў Эдуарда з пятлі, — расказвае Аляксандр Ластоўскі — Я паразмаўляў з Эдуардам, ён пачуваецца лепш. Удалося своечасова ўмяшацца».

Ластоўскі заўважыў, што выступае як прыватная асоба, хаця і працуе ў міліцыі.

Ластоўскі дапамог Эдуарду знайсці адваката. Гэта будзе Дзмітрый Лепрэтар, які абараняў Дзмітрыя Канавалава — каторага ў выніку расстралялі за выбух у мінскай падземцы. Пакуль яны не вызначылі, куды будуць падаваць заявы.

Ластоўскі не выключае, што будзе падрыхтаваны пазоў на задавальненне маральнай шкоды.

«Мой удзел на гэтым сканчаецца — няма паўнамоцтваў. Я найперш журналіст ў пагонах», — сказаў Ластоўскі.

Ластоўскі звяртае ўвагу, што нельга чыніць самасуд. Злачынцам чалавека можа прызнаць толькі суд.

Са студзеня па май было заведзена 15 крымінальных справаў па артыкулах за педафільства. Але Ластоўскі падкрэслівае, што гэта заслуга міліцыі і іншых праваахоўных органаў. Няма ніводнага выпадку, калі дзейнасць «педафіляйцаў» прывяла да юрыдычнага поспеху. Ластоўскі расказвае, што аднойчы быў пасярэднікам паміж праваахоўнікамі і подобнай групай, каб супольна працаваць. Але «паляўнічыя» адмовіліся. На думку прэс-сакратара ГУУС Мінгарвыканкама, значыцца, іх намеры не такія і добрыя.

«Трэба пісаць заявы ў праваахоўныя органы», — раіць Ластоўскі асобам, якія трапілі ў падобныя сітуацыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?