Вядомы мінскі рэстаратар, уладальнік News Café, адкрыў дарагі начны клуб і заявіў у інтэрв’ю, што ён прызначаны для тых, хто адпавядае патрабаванням стылю і, пажадана, валодае габітусам дасціпнага гулякі. У адказ сацыёлаг, даследчыца культуры напісала крытычны артыкул «Мінская гламур», абвінаваціўшы рэстаратара ў сацыяльным дарвінізме і заўважыўшы, што паміж тымі, хто практыкуе luxury-спажыванне, з аднаго боку, і паўжабракамі — з другога, у беларускім грамадстве ёсць «усе тыя, хто, напрыклад, аддае перавагу кубку кавы ці келіху віна перад півам з горла, ездзіць не на цюнінгаваным аўто, а на экалагічным ровары, а замест „закрытай VIP вечарынкі“ або ночы мокрых футболак ідзе на оперу, канцэрт ці ў кіно не таму, што грошай на ўваход у клуб шкада, а таму, што яму/ёй так больш падабаецца. Тыя, хто не марнуе грошы, мае пачуццё ўласнай годнасці, якое падсілкоўваецца не так за кошт вышыні даходу, як за кошт самарэалізацыі ў прафесіі, не атрымлівае радасці ад дэманстратыўнага luxury-спажывання, а таксама вылучаецца неўтаймаванай цікаўнасцю і патрэбай у добрай музыцы, літаратуры, жывапісе, тэатры, кіно, часопісах і гатовы гэта не толькі паглынаць, але і ствараць…» Артыкул сабраў мноства каментароў і выклікаў абмеркаванні ў сеціве.

Мне ўсё адно, перад кім рэстаратар адчыніць дзверы ў свой клуб, аднак я думаю, што тэрмін «сацыяльны дарвінізм» можна прымяніць да яго ўласных абставінаў, але не да палітыкі яго ўстановы.

Дарагі начны клуб — прадмет не першай неабходнасці, не другой і не трэцяй.
Ад недахопу начных забавак у арганізме яшчэ ніхто не памёр (а вось ад іх лішку — бывае). Туды ходзяць па ўласнай волі і выбары (які, вядома, у значнай ступені сфармаваны сацыяльным парадкам, але так ужо яно зроблена, што амаль усё, што ўзнікае ў нас у галовах, прыдумана не намі). Хоча рэстаратар адкрыць такі клуб, трапіць у нішу, задаволіць (або прыдумаць) «патрэбу» пэўнай катэгорыі плацежаздольных грамадзян забаўляцца так, а не інакш — добра. Яго справа — плаціць падаткі з даходу. Не патрапіць — будзе хадзіць па вуліцах пешшу з мяшком. На яго месца прыйдзе іншы сацыяльны эксперыментатар. Вось і ўвесь натуральны адбор.

Разам з тым такое шырокае абмеркаванне начнога клуба, дакладней модус гэтага абмеркавання — важнае культурнае сведчанне, сімптом сацыяльнага клопату даволі шырокай групы людзей, якіх непакоіць не так клуб, як уласнае месца ў грамадстве. Прыроду гэтага клопату і прычыны яго ўзнікнення і хацелася б абмеркаваць.

У «тоўстым» нядзельным выпуску газеты New York Times ёсць раздзел Sunday Styles (16 газетных старонак), прысвечаны модзе, рэстаранам, тэндэнцыям у адносінах паміж людзьмі (там ёсць калонка Modern Love), шлюбу (звычайна не вельмі маладых рэалізаваных людзей, часам аднаго полу), вулічнага жыцця і г.д. Там рэгулярна публікуюцца матэрыялы пра прыкметныя начныя клубы або «канцэптуальныя» рэстараны. Іх мэта — прадставіць публіцы «трэнды і брэнды», расказаць, што з’явілася ў Нью-Ёрку ці Лос-Анджэлесе такога ў сферы «начнога жыцця», праз што, у прыватнасці, пабываць у гэтых гарадах імкнуцца людзі з усяго свету. Звычайна гэтыя нататкі расказвацьць, хто рабіў дызайн і чым ён добры ці дрэнны або інавацыйны, ці адпавядаюць цэны заяўленым патрабаванням, хто ёсць сацыяльнай базай установы і якая там атмасфера, якія напоі змешвае бармэн, хто любіць туды заходзіць і іншы сацыяльны каментар.

Вядома, часам журналісты злёгку з’едлівыя, а каментатары могуць пакпіць, што ў багатых свае звычкі, хоць гаворка зусім не ідзе пра ўстановы для мільянераў; акрамя таго, усе разумеюць, што «калі ў краіне блукаюць нейкія грашовыя знакі, то павінныя ж быць людзі, у якіх іх шмат» (можна, вядома, абмяркоўваць крыніцы іх багацця і прынцыпы размеркавання ў цэлым, але гэта асобная тэма). Ды і вядома, што сацыяльныя інавацыі, г.зн. прасоўванне чалавецтва наперад (тое, што ў сацыялогіі называецца social change), з’яўленне новых ідэй, тэхналогій, відаў сацыяльных адносін і г.д. — гэта вынік пошуку, спробаў і памылак, якія ажыццяўляюцца не толькі ў лабараторыях або на вытворчасці, але і ў паўсядзённым жыцці, уключаючы спосабы спажывання. Напрыклад, як паказаў сацыёлаг Джордж Рытцэр у кнізе «Макдональдызацыя грамадства», стваральнікі «Макдональдса» «прыдумалі» важныя прынцыпы эфектыўнай арганізацыі не толькі масавага харчавання, але і іншых вытворчасцяў, што стала сусветнай тэндэнцыяй (добра гэта ці не — можна абмяркоўваць). З гэтага пункту гледжання рэстаран можа быць сур’ёзнай тэмай.

Праглядаючы раздзел Sunday Styles рэгулярна, я не магу ўспомніць абмеркаванняў, падобных да тых, што разгарнуліся ў беларускай блогасферы ў сувязі са згаданым клубам.
Іх накіраванасць можна праілюстраваць пры дапамозе каментара да іншага матэрыялу, які з’явіўся на сайце tut.by, з фотаздымкамі тэнісісткі Вікторыі Азаранка, трэцяй ракеткі свету: «Дзякуй, Віка, цяпер мы бачым, што каб жыць як чалавек, не трэба сумленна атрымліваць вышэйшую адукацыю, абараняць дысертацыі, рабіць прарыўныя навуковыя адкрыцці, ратаваць тысячы жыццяў або кожны дзень рызыкаваць сваім жыццём дзеля іншых. Трэба проста бегаць, скакаць, мець добрую рэакцыю і спрытныя рукі. Дзякуй, Віка — кумір беларусаў; кідайце працаваць — гайда ў тэніс!»

Цяжка ўявіць, каб хтосьці пачаў супрацьпастаўляць тэнісістцы Серэне Уільямс тых, хто «сумленна атрымаў вышэйшую адукацыю», а амерыканская ўніверсітэцкая публіка і інтэлектуалы ўзяліся б падчас абмеркавання начнога клуба даказваць сваю духоўную перавагу на падставе «патрэбы ў добрай музыцы, літаратуры, жывапісе, тэатры, кіно, часопісах і гатоўнасці гэта не толькі паглынаць, але і ствараць». Інакш кажучы, адстойваць сваю прафесійную каштоўнасць і настойваць на ўласнай годнасці «ў процівагу» ўладальніку начнога клуба — які, я падазраю, сам не супраць паглядзець аўтарскае кіно і даўно даказаў, што валодае «неўтаймавальнай цікаўнасцю» і «ўмее не толькі спажываць, але і ствараць». Каб прыдумаць рэстаран з цікавай канцэпцыяй, трэба мець уяўленне і густ (а ён прыдумаў іх некалькі), а каб забяспечыць функцыянаванне гэтай «канцэпцыі» ў рэальным жыцці на заяўленым узроўні цягам некалькіх гадоў, патрабуюцца адпаведныя прафесійныя якасці (я не знаёмая з гэтым рэстаратарам асабіста і мне не заплацілі за гэты тэкст). У такім выпадку на якія фантомныя болі адказваюць гэтыя дыскусіі, мэта якіх — сказаць: «а мы — лепшыя»? Ніхто ж не казаў, што горшыя. Але чаму ж многія інтэлектуалы чуюць гэта нейкім унутраным вухам?

Ад савецкага да постсавецкага: сацыяльныя працэсы 1990-х і іх наступствы

Вядома, інтэрв’ю рэстаратара «чапляе», што, відавочна, ёсць часткай PR-кампаніі новай установы, але гэта вонкавы бок справы, і наўрад ці на яе адгукнулася б столькі народу.

Значна важней, што, заявіўшы пра адбор наведнікаў на падставе вонкавых праяваў «культуры», густу і арыгінальнасці, стваральнік клуба «замахнуўся» на нешта вельмі важнае — а менавіта на тое, што інтэлектуалы разглядаюць у якасці сваёй галоўнай каштоўнасці і асновы свайго статусу.

Як паказвае Зыгмунт Баўман, інтэлектуалы імкнуцца адстаяць сацыяльную ролю экспертаў, суддзяў густу і маральных арбітраў — на падставе валодання веданнем (яны ведаюць і ведаюць толькі яны). П’ер Бурдзье выказвае тую ж думку, гаворачы, што інтэлектуалы імкнуцца выносіць вердыкты ў дачыненні да густу і стылю жыцця. І вось менавіта на гэты капітал і адбыўся замах у той час, калі статус (постсавецкіх) інтэлектуалаў і так вельмі хісткі.

Калісьці — за савецкай уладай — усё было інакш, а галоўнае зразумела. Былі «мы» — і былі «яны».
«Мы» хацелі чытаць «Майстра і Маргарыту». «Яны» не давалі яе друкаваць. «Нам» падабаўся Высоцкі. «Яны» ставілі ў тэлепраграму хор імя Аляксандрава. У «іх» была ўлада. Затое «ў нас» — духоўнасць! О, гэта салодкае слова «культура». «„Эрыка“ бярэ чатыры копіі» — і дэкадэнцкія вершы пра таямнічую жырафу, якая блукае ля возера Чад, разыходзіліся ў перадруку на папяроснай паперы. Іх распаўсюджвалі сярод сваіх — не дарма ж Акуджава спяваў «Возьмемся за руки, друзья…» — і не ўсім даставалася…

Калі выкласці сказанае сацыялагічнымі тэрмінамі, яно будзе гучаць наступным чынам: у адсутнасць «эканомікі грошай» (размеркаванне было адміністрацыйным, а не рыначным) савецкая стратыфікацыя была не эканамічнай, а статуснай (у вэбераўскім сэнсе). Узыходная сацыяльная мабільнасць кадзіравалася ў ёй як засваенне культуры: канцэпт культурнасці (савецкаму чалавеку належала быць культурным, дэманстраваць адукаванасць) дазваляў легітымізаваць тыя маёмасныя і прафесійныя дамаганні элітаў, якія табуяваліся як «буржуазныя». Быць «багатым» (у савецкіх межах) было непрыстойна, а культурным — прэстыжна (гэта стала скразной тэмай познесавецкага кінематографа).

З гэтага вынікае, што статус работнікаў разумовай працы быў параўнальна высокі, і яго сімвалы (кнігі, асабліва рэдкіх аўтараў, спектаклі вядомых тэатраў) шанаваліся высока. Калі быў апублікаваны раман Марсэля Пруста «У пошуках страчанага часу», яго «даставалі», каб проста паставіць на паліцу, бо далёка не ўсім ён быў цікавы як тэкст. Статусныя сімвалы культурнага саслоўя мелі нават непасрэдную абменную цану: кіназнаўца Мая Тураўская ўспамінае, што яе цырульнік даставала ёй дэфіцытны імпартны абутак «у абмен» на квіткі на тэатральныя прэм’еры і аповеды пра асабістае жыццё акцёраў, г.зн. на магчымасць далучыцца да інтэлектуальнага асяродку. Менавіта таму, калі падчас перабудовы літаратурныя часопісы пачалі публікаваць раней забароненых, г.зн. асабліва «каштоўных» аўтараў, іх наклады сталі мільённымі. З часам, аднак, цікавасць упала, бо пры рынку «рэдкія тэксты» перасталі шанавацца ў якасці апрадмечанага культурнага капіталу.

Вядома, сярод інтэлігенцыі існавала перакананне, што атрыманае ёю ўзнагароджанне не адпавядае значнасці яе ўкладу ў грамадскую карысць. Іронія ж была ў тым, што калі венгерскі сацыёлаг Іван Селені (Ivan Szelenyi) прааналізаваў становішча, ён выявіў — назваўшы сваю знакамітую цяпер кнігу The Intellectuals оn the Road to Class Power (1979), — што пры абвешчанай дыктатуры пралетарыяту менавіта інтэлігенцыя мела шэраг прывілеяў (вялікая жылплошча, пуцёўкі, паступленне дзяцей у ВНУ, працягласць жыцця і г.д.). Гэтая сістэма, створаная ў эпоху Сталіна, да пачатку 1980-х пачала распадацца (што і было адной з прычын, з якой інтэлігенцыя вітала перабудову так захоплена, мяркуючы, што ў новай сістэме статус адукаванага саслоўя ўзрасце).

Змяненне сістэмы

Савецкая сістэма статусаў знікла з распадам сацыялізму, а новая стратыфікацыя пачала складацца на аснове перш за ўсё эканамічных капіталаў (у Беларусі гэты працэс быў затарможаны ў сувязі з захаваннем злёгку рэфармаванай сацыялістычнай сістэмы размеркавання рэсурсаў, якая дае таму, хто «кіруе» размеркаваннем, вельмі вялікую ўладу). Як выявілася, пры рынку інтэлектуалы, якія валодаюць толькі культурным і эпістэмалагічным капіталам (г.зн. так званымі другаснымі відамі капіталу), вельмі абмежавана могуць канвертаваць іх у эканамічны, а таксама ў сацыяльны статус: для гэтага яны павінныя пераканаць усіх, што яны ведаюць, што ведаюць толькі яны і, часта, што яны валодаюць асаблівым веданнем, не тым, якое можна здабыць з усім даступнай кніжкі або атрымаць у дзяржаўным універсітэце (што, напрыклад, складае частку сімвалічнага капіталу Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта).

Інакш кажучы, інтэлектуалы павінныя выбудаваць і падтрымліваць межы, якія праходзяць па тэрыторыі культуры, стылю, ідэнтычнасці, духоўнасці, спажывання, выкарыстоўваючы наяўныя культурныя катэгорыі і сімвалы.

Працытаваны ў пачатку гэтага тэксту абзац пра тых, хто вылучаецца неўтаймавальнай цікаўнасцю, яказ і абвяшчае адбор, сегрэгацыю і элітарнасць. Функцыю адмежавання «асвечаных» ад «некультурных» могуць выконваць, напрыклад, згаданыя паездкі на экалагічным ровары. Вядома, гаворка не пра тое, што чалавек садзіцца на ровар з думкай «а вось я зараз статус сканструюю». Ён/яна проста сеў(ла) на ровар і выязджае на дарожку ўздоўж Свіслачы, таму што яму/ёй так падабаецца. Але аказваецца, што ўсе астатнія на гэтай дарожцы — такія ж, як ён/яна. Стыльныя маладыя гараджане з веданнем замежных моваў, любоўю да аўтарскага кіно і прафесіямі, звязанымі з электроннымі медыямі. Гэта і ёсць стратыфікацыя: у «познім капіталізме» яна працуе праз стыль жыцця, густ, звычкі і ідэнтычнасць; апошняя, паводле Тэадора Адорна, ёсць першаснай формай ідэалогіі.

Гэтыя развагі пабудаваныя з апорай на вядомую працу П. Бурдзье пра распазнаванне і катэгорыю густу як класавы маркер, бо інтэлектуалы прэтэндуюць на тое, каб стаць «новым класам», які вылучаецца на падставе валодання веданнем як відам капіталу. Упершыню паняцце «новага класа» было ўведзенае родапачынальнікам анархізму Міхаілам Бакуніным: крытыкуючы рэвалюцыйных марксістаў, ён выказаў здагадку, што, абвясціўшы сябе авангардам пралетарыяту, яны кіраваліся «інтарэсам» замяніць прывілей, заснаваны на прыватнай уласнасці, прывілеем, заснаваным на манаполіі на веданне.

У пачатку ХХ стагоддзя Торстэйн Веблен уключаў у склад «новага класа» тэхнакратыю і бюракратыю — вынік росту карпарацый; Дэніэл Бэл і Алвін Гулднер, аўтары ідэі постіндустрыяльнага грамадства — навукоўцаў, уладальнікаў экспертнага капіталу, якія ўсведамляюць сваю калектыўную перавагу і прэтэндуюць на аўтаномію. Менавіта гэта адбывалася, напрыклад, у 1960-х, калі сацыялістычная інтэлігенцыя рабіла спробу абараніць сваю асаблівую ролю ў вызначэнні грамадскіх прыярытэтаў.

Імкнучыся супрацьпаставіць валюнтарысцкай палітыцы партыйнай бюракратыі рацыянальнае кіраванне, заснаванае на кібернетыцы, навуках аб кіраванні і веданні, яна рабіла заяўку на абмежаванне бюракратычнай улады і на сваю асаблівую ролю ў вызначэнні шляхоў грамадскага развіцця. Нездарма цяпер на постсавецкай прасторы стала такой папулярнай канцэпцыя «крэатыўнага класа» (прапанаваная амерыканскім сацыёлагам Рычардам Флорыдай) як асаблівай і прагрэсіўнай сілы.

Беларускія інтэлектуалы ў новых умовах

Беларускія інтэлектуалы вымушаныя адстойваць свой статус у спецыфічнай сітуацыі, перш за ўсё таму, што Беларусь — малая краіна, якая не можа развіваць усе галіны ведаў (як гэта было ў СССР). Акрамя таго, частка супольнасці выцесненая «за мяжу» і залежная ад замежнай падтрымкі (бо, паводле Маркса, перш чым займацца мастацтвам і навукай, трэба есці, піць і апранацца). Магчымасці яе ўдзелу ў «вызначэнні грамадскіх прыярытэтаў» у сваёй краіне абмежаваныя, а за яе межамі — тым больш. Гуляць на расійскім сімвалічным рынку, даступным з прычыны моўнай агульнасці, няпроста: там «сваіх хапае», беларус ж па вызначэнні ўспрымаецца вясковым сваяком. Для ўключэння ў цэнтральнаеўрапейскае поле трэба быць не толькі беларускамоўным, але і займацца адпаведнай праблематыкай: гэтая тэрыторыя канструюецца як супольнасць «новых нацый», для чаго важныя адпаведныя маркеры. Існуе, вядома, яшчэ глабальны (ці заходні) сімвалічны рынак, але гэта асобнае пытанне.

У гэтых умовах былі б актуальныя дыскусіі аб стане нацыянальнай акадэміі (сістэмы вышэйшай адукацыі, вытворчасці ведаў і навуковай супольнасці).

Акадэмія ўсталёўвае навуковы канон і сочыць за яго ўвасабленнем, інакш немагчыма адрозніць «дасведчаных» ад «невукаў», а студэнты не будуць ведаць, што добра і што дрэнна.
У Беларусі гэтая сістэма расхістаная. Існаванне такога часопіса, напрыклад, як «Беларуская думка», у якасці навуковага — гэта катастрофа. Не можа навуковы часопіс, які ўваходзіць у спіс ВАК, быць «грамадска-палітычным» і публікаваць тэксты пад назвай «Фенаменалогія мудрасці» і «Прагноз — пазітыўны». Стан універсітэцкіх бібліятэк (і Нацыянальнай бібліятэкі таксама) і ў цэлым доступ да інфармацыі — яшчэ адна катастрофа. Некалькі гадоў таму ў бібліятэцы Гомельскага ўніверсітэта перасталі выпісваць часопіс «Этнаграфічны агляд», але пачалі выпісваць часопіс мод. І ўключэнне твораў пісьменніка М. Чаргінца ў школьную праграму — яшчэ адна, вельмі страшная катастрофа. Размова не пра выхаванне літаратурнага густу, а пра фармаванне базавых катэгорый ідэнтычнасці ў працэсе школьнай сацыялізацыі. Мы не можам змяніць усё гэта хутка, аднак калі пра гэта не казаць, грамадства гэтых праблем не ўсвядоміць.

Аднак важней за ўсё тое, што Беларусь уключаная ў агульнасусветныя працэсы, а яны заключаюцца ў змене стаўлення да ведаў і вучонасці і глабальнай перабудове вышэйшай адукацыі.

Калісьці яна гарантавала далучэнне да сярэдняга класа, працу ў офісе (а не, дапусцім, у рамонтнай майстэрні) і ў цэлым шлях наверх. Цяпер сітуацыя змянілася. З аднаго боку, без адукацыі нікуды не падзенешся (калі ты не рэпер-самародак), з другога — і з адукацыяй не заўсёды зразумела, куды падзецца.

Жаданне маладых людзей займацца «цікавым» (як пісаў Уладзімір Набокаў у рамане «Пнін», «вывучаць гастранамічныя густы кубінскіх рыбакоў, што лазяць на пальмы») зразумелае. Аднак пасля заканчэння навучання выпускнікоў чакае тая праца, якая ёсць у дадзены момант на рынку працы. Знаўцаў кватрачэнта, згаданых у артыкуле на «Новай Еўропе» ў якасці каштоўных спецыялістаў, у прынцыпе, патрэбная абмежаваная колькасць (а ў беларускіх музеях кватрачэнта і зусім няма). Калісьці ўладальнікаў доктарскай ступені па гісторыі мастацтваў забірала акадэмія, цяпер туды трапіць вельмі невялікі працэнт, астатнія ж вымушаныя будуць працаўладкоўвацца ў іншыя месцы. У Нью-Ёрку, напрыклад, іх можна сустрэць сярод кіроўцаў таксі (а сярод афіцыянтаў — акцёраў і мастакоў).

Усё больш шырокае распаўсюджанне анлайн-навучання будзе пазначаць дэвальвацыю дыпломаў, за выключэннем атрыманых у самых прэстыжных універсітэтах. Уладальнікі бакалаўрскай ступені, засвоіўшы ва ўніверсітэце агульную культуру, пісьменнае маўленне і ўменне выкладаць думкі і рэфераваць тэксты, ідуць збольшага ў сэрвісную эканоміку позняга капіталізму, каб працаваць там, «дзе грошы плацяць». Разам з тым, гэта азначае новыя магчымасці: прасторай для творчасці можа быць увесь свет, а не толькі кафедра ці музей. У горадзе, дзе я жыву, ёсць канцэптуальны рэстаран з «ціхаакіянскай» кухняй. Яго шэф-кухар скончыў аддзяленне філасофіі Ельскага ўніверсітэта. «Па гэта» да яго і прыходзяць. У яго творчая праца і добрыя грошы.

Аб жаданым і магчымым

Нядаўна знаёмая каліфарнійская студэнтка ўладкавалася падпрацоўваць у японскі рэстаран, у якім бываў Стыў Джобс. Не вельмі дарагі, але вельмі стыльны. Дзяўчыну туды ўзялі нават не афіцыянткай (прынамсі, пакуль), а прыбіраць са сталоў посуд і падліваць вады ў шклянкі. Перад гэтым яна прайшла сумоўе (відавочна, той факт, што ў каледжы яна вывучае японскую мову, быў дарэчы), а потым некалькі дзён у яе быў выпрабавальны тэрмін: мэнэджары глядзелі, як яна гаворыць, трымаецца і які ў яе выраз твару. Таму што ў гэтым рэстаране патрэбныя стыльныя маладыя людзі, якія ўмеюць стасавацца. Гэта тое, што наведнікі хочуць бачыць і за што гатовыя плаціць. Гэта частка яго «атмасферы». Ад работнікаў (большасць з якіх не збіраецца працаваць там усё жыццё) патрабуецца гэтую атмасферу ствараць, і яны павінныя валодаць адпаведнымі навыкамі.

У гэтай перспектыве згаданы ў артыкуле «жэст звальнення (афіцыянткі News Сafé) за няведанне Таркоўскага» можна ўявіць інакш. Калі ўменне падтрымаць з наведнікамі агульнакультурную гутарку ёсць адным з рабочых патрабаванняў і аплачваецца адпаведным чынам, наўрад ці можна казаць пра абуральную дыскрымінацыю работніка і парушэнне працоўнага заканадаўства. Усё залежыць ад таго, якія навыкі патрабуюцца на дадзеным працоўным месцы і колькі за іх плацяць. Жыхары Мінска добра адрозніваюць размешчаныя за тры метры адна ад адной установы: кавярню «Лондан» і кавярню (або кандытарскую) «Безэ». Яны ведаюць, чаму публіка, якая вылучаецца неўтаймавальнай цікаўнасцю і патрэбай у добрай музыцы, літаратуры, жывапісе, тэатры, кіно, часопісах, ходзіць менавіта ў «Лондан» — а ў «Безэ» яна выходзіць у прыбіральню (якой у кавярні, размешчанай у былым пад’ездзе, няма).

З аднаго боку, з пачуцця карпаратыўнай салідарнасці, а таксама адстойваючы ўласны сацыяльны статус, мы турбуемся пра тое, каб умоўныя «знаўцы кватрачэнта» былі працаўладкаваныя ў адпаведным іх адукацыі месцы. З іншага — нам падабаецца кавярня «Лондан» таму, што афіцыянты, якія там працуюць, (напэўна) ведаюць, хто такі Таркоўскі, а да сцяны прыбітыя паліцы з кнігамі. Менавіта там мы хочам выпіваць «кубак кавы ці келіх віна»…

Добра было б, вядома, калі б свет быў уладкаваны так, каб можна было «сядзець на вяршыні голай, пісаць простыя санеты і атрымліваць ад людзей знізу хлеб, віно і катлеты». Але, на жаль, гэта немагчыма. Сардэчна запрашаем у пустыню рэальнага.

Алена Гапава — дацэнт кафедры сацыялогіі Western Michigan University (ЗША), заснавальніца Цэнтра гендарных даследаванняў Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта, сябра рэдкалегіі часопісаў «SlavicReview» і «Signs».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?