Асноўнымі кампанентамі сістэмы будуць школьныя дакументы, адаптаваныя для выкарыстання ў віртуальнай прасторы: электронны журнал, электронны дзённік, расклад заняткаў.

Рашэнне аб укараненні такога праекта было прынятае пасля апрабацыі расійскай платформы «Дневник.ру», якая прайшла ў мінулым годзе ў 8 школах Мінска. Пра гэта паведаміла начальнік цэнтра інфармацыйных рэсурсаў сістэмы рэгіянальнай адукацыі Мінскага гарадскога інстытута развіцця адукацыі Аксана Мініч.

«Дарэчы, у Расіі ўжо на ўзроўні дзяржавы існуе нарматыўная база, якая рэгулюе атрыманне інфармацыі пра паспяховасць навучэнца праз электронны дзённік і журнал. Гэты від электронных паслуг уключаны ў зводны пералік першачарговых дзяржаўных паслуг у Расіі, якія прадстаўляюцца ў першачарговым выглядзе. Беларусь таксама рухаецца ў гэтым кірунку, пра што гаворыцца ў Нацыянальнай стратэгіі развіцця інфармацыйнага грамадства, іншых дакументах, найбольш важны сярод іх — Канцэпцыя інфарматызацыі сістэмы адукацыі да 2020 года», — адзначыла яна.

Новы фармат значна пашырае ўяўленне пра звыклыя школьныя дакументы і прапануе новыя формы ўзаемадзеяння настаўнікаў, вучняў і іх бацькоў у рамках электроннага дзённіка, журнала і графікаў паспяховасці.
Акрамя таго, ініцыятары праекта ўпэўненыя, што педагог зможа вучыць школьнікаў цывілізаваным і прадуктыўным зносінам у сеціве для вырашэння пэўных задач, напрыклад, у ходзе рэалізацыі навучальных праектаў і даследчай дзейнасці.

Для кожнай катэгорыі карыстальнікаў электронных рэсурсаў schools.by — а гэта дырэктары школ, настаўнікі, вучні, бацькі — прадугледжаны свой набор правоў і адпаведны ўзровень доступу да інфармацыі. Так, доступ да электроннага журнала маюць настаўнікі-прадметнікі, класны кіраўнік, дырэктар. Бацькі і вучні не змогуць яго праглядзець. У журнале настаўнікі выстаўляюць адзнакі, адзначаюць пропускі, пакідаюць каментары да ўрокаў і хатнія заданні.

Усё гэта, а таксама ацэнка паводзінаў і заўвагі настаўнікаў адлюстроўваецца ў дзённіку кожнага вучня. Бацькам даступны дзённік толькі іх дзіцяці. А вось табліцу паспяховасці могуць прагледзець і настаўнікі, і вучні, і бацькі.

Для школ усе рэсурсы платформы бясплатныя. А вось бацькам давядзецца кожную чвэрць плаціць пэўную суму, каб прагледзець электронны дзённік свайго дзіцяці. У сістэме прапануецца два тарыфы на выбар.

Аксана Мініч адзначае вельмі хуткае фармаванне культуры віртуальных зносін і іх бессістэмнасць: школьнік ведае, адкуль спампаваць музыку, але не чуў пра інфармацыйныя рэсурсы ці не жадае імі карыстацца. Зрэшты, гэта датычыць не толькі школьнікаў.

«На жаль, у масавай свядомасці бацькоўскай грамадскасці камп’ютар, асабліва хатні, — гэта цацка, і як ён можа быць выкарыстаны для фармавання імкнення да саманавучання, не ўсе разумеюць.
Гэты праект закліканы „абудзіць“ грамадскую свядомасць, паказаць, што навучанне — гэта бесперапынны працэс, у якім узаемадзеянне ідзе не толькі паміж вучнем і настаўнікам», — кажа Аксана Анатольеўна.

У прыватнасці, бацькі змогуць наўпрост задаваць пытанні настаўніку, не пакідаючы працоўнага месца.

Па выніках апытанняў удзельнікаў апрабацыі платформы «Дневник.ру», сярод бацькоў да выкарыстання сеткавых сэрвісаў станоўча ставяцца ў асноўным тыя, хто пастаянна карыстаецца камп’ютарам. 69% апытаных бацькоў адказалі, што карыстаюцца рэсурсамі сеткі Інтэрнэт амаль кожны дзень (адказ «Ніколі» далі 3% апытаных). 37% апытаных бацькоў выкарыстоўваюць інтэрнэт у асноўным для працы (80% праведзенага ў сеціве часу), для забавак інтэрнэт выкарыстоўвае 50% бацькоў з сярэдняй інтэнсіўнасцю (да 50% праведзенага ў сеціве часу).

Пры гэтым для атрымання звестак па пытаннях адукацыі свайго дзіцяці 38% апытаных бацькоў выкарыстоўваюць толькі 5% часу знаходжання ў сеціве, і толькі 15% бацькоў — больш за 80% часу. Найбольш часта бацькі выкарыстоўваюць такія сеткавыя рэсурсы, як «Аднакласнікі» (40%) і «Вконтакте» (21%).

Безумоўна, для паспяховага функцыянавання «Электроннай школы» неабходная наяўнасць персанальных камп’ютараў ці мабільных прылад з доступам да інтэрнэту на працоўным месцы кожнага настаўніка, які працуе з сістэмай. Па словах Аксаны Мініч, кожны настаўнік будзе мець магчымасць весці сваю прадметную старонку. Акрамя таго, у настаўнікаў павінен быць дастатковы ўзровень валодання тэхналогіямі.

«У сярэднім у Мінску на адзін ПК прыпадае 4,3 настаўніка. За папаўненне парку адказвае дырэктар, які аналізуе патрэбы школы і накіроўвае заяўку на абсталяванне ў органы кіравання адукацыяй. Абсталяванне камп’ютарнай тэхнікай для ўстановаў агульнай сярэдняй адукацыі закладзенае і штогод ажыццяўляецца камітэтам па адукацыі Мінгарвыканкама, упраўленнямі адукацыі адміністрацый раёнаў у адпаведнасці з дзяржаўнай праграмай развіцця агульнай сярэдняй адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь на 2007–2016 гады», — кажа суразмоўца.

Падрыхтоўка настаўнікаў да працы з любымі новымі сістэмамі або тэхнічнымі сродкамі навучання ажыццяўляецца Мінскім гарадскім інстытутам развіцця адукацыі праз сістэму спецыяльных праграм. Перад пачаткам рэалізацыі эксперыментальных або інавацыйных праектаў абавязкова праводзяцца нарады і навучальныя семінары для ўдзельнікаў, затым ажыццяўляецца кансультаванне па пытаннях, якія могуць узнікнуць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?