Законы аб нацыяналізацыі ў Беларусі плануецца прымаць у кожным канкрэтным выпадку — у іх будуць прапісаныя і ўмовы, і парадак нацыяналізацыі. Аб гэтым паведаміў начальнік галоўнага ўпраўлення інвестыцый Міністэрства эканомікі Сяргей Вайцяхоўскі на брыфінгу ў Мінску 6 жніўня.
Ён удакладніў, што ў кожным законе (у выпадку калі рашэнне аб нацыяналізацыі будзе прынятае) асобна плануецца таксама прапісваць ацэнку кампенсацыі канфіскаванай у інвестараў маёмасці.
У сваю чаргу, начальнік упраўлення дзяржаўнай палітыкі па прыцягненні замежных інвестыцый галоўнага ўпраўлення інвестыцый Мінэканомікі Таццяна Манцэвіч выказала сумненне ў неабходнасці прыняцця агульнага закона аб нацыяналізацыі. На яе думку, падрыхтоўка агульнага закона стварыла б «не вельмі добры фон».
«Узніклі б пытанні, а навошта такі закон распрацоўваецца, што мы збіраемся нацыяналізаваць? Таму ў законе аб інвестыцыях мы дакладна прапісалі гарантыю, што калі такое здараецца (прымаецца рашэнне аб нацыяналізацыі. — БелаПАН.), то ў кожным выпадку павінен быць заканадаўчы акт», — удакладніла прадстаўнік Мінэканомікі
Як паведамлялася раней, Міжнародная фінансавая карпарацыя (IFC) прапаноўвала ўключыць у беларускі закон «Аб інвестыцыях» нормы аб парадку ацэнкі і выплаты кампенсацыі інвестарам канфіскаванай маёмасці. Разам з тым, гэтыя прапановы не ўвайшлі ў прыняты беларускім парламентам закон «Аб інвестыцыях», які набудзе моц у студзені 2014 года.
Як патлумачылі прадстаўнікі Мінэканомікі, адказваючы на пытанне БелаПАН, прапановы IFC не ўвайшлі ў прыняты закон, бо маглі супярэчыць міжнародным абавязацельствам Беларусі.
«У нас заключана больш чым 60 міждзяржаўных пагадненняў аб абароне інвестыцый. У кожным такім пагадненні прысутнічаюць розныя фармулёўкі. Таму калі б мы ў законе „Аб інвестыцыях“ прапісалі канкрэтныя механізмы (кампенсацыі інвестарам канфіскаванай маёмасці. — БелаПАН.), маглі ўзнікнуць прававыя калізіі», — паведаміла Таццяна Манцэвіч.