Папраўкі ў выбарчае заканадаўства паступяць на разгляд Лукашэнку да 30 жніўня, паведаміла прэс-служба прэзідэнта па выніках нарады, што прайшла ў аўторак.

Аб асноўных новаўвядзеннях законапраекта расказала старшыня Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Лідзія Ярмошына. «Гэты законапраект зусім не з’яўляецца рэверансам у чыйсці бок. Гэта перш за ўсё ініцыятыва цэнтральнай камісіі. На наш погляд, ён паляпшае прававыя, палітычныя і арганізацыйныя ўмовы правядзення выбараў», — сказала яна.

Паводле яе слоў, большая частка змяненняў тычыцца правядзення выбараў дэпутатаў палаты прадстаўнікоў.
Змяняецца парадак вызначэння вынікаў выбараў: прапаноўваецца праводзіць іх у адзін тур пры захаванні дзейнага цяпер бар’ера яўкі выбаршчыкаў.

«У выпадку правядзення альтэрнатыўных выбараў пераможца вызначаецца перавагай галасоў адносна канкурэнтаў, гэта значыць больш хоць бы на адзін голас. Калі выбары праводзіліся на безальтэрнатыўнай аснове, дэпутат будзе абраны, калі за яго прагаласавала больш чым 50% выбаршчыкаў, якія ўдзельнічалі ў галасаванні», — адзначыла Ярмошына.

Уносіцца змяненне ў сістэму выбарчых камісій, што ўтвараюцца пры правядзенні выбараў дэпутатаў палаты прадстаўнікоў.
Плануецца дадаткова ўтвараць сем тэрытарыяльных выбарчых камісій — шэсць абласных і Мінскую гарадскую, якім будзе перададзены шэраг паўнамоцтваў ад цэнтральнай камісіі. Гэта робіцца ў мэтах спрашчэння парадку размеркавання сродкаў рэспубліканскага бюджэту на фінансаванне выбарчай кампаніі і ажыццяўлення належнага кантролю за выкарыстаннем гэтых сродкаў, аператыўнага разгляду выбарчых спрэчак.

Улічваючы, што большасць рашэнняў на выбарах дэпутатаў палаты прадстаўнікоў прымаецца на ўзроўні акруговых камісій, прапаноўваецца інстытут члена камісіі з правам дарадчага голасу пры правядзені парламенцкіх выбараў перанесці з узроўню ЦВК на ўзровень акруговых камісій.

Ініцыюецца ўвесці забарону на правядзенне агітацыі, накіраванай на зрыў выбараў, і змяніць парадак фінансавання перадвыбарнай агітацыі кандыдатаў у прэзідэнты і дэпутаты.
Прапанавана адмовіцца ад бюджэтнага фінансавання агітацыйных расходаў кандыдатаў і перадаць гэтыя сродкі мясцовым тэрытарыяльным і акруговых выбаркамам, каб яны выраблялі інфармацыйныя буклеты і разам з запрашэннем наведаць выбарчы ўчастак рассылалі іх выбаршчыкам.

За кандыдатамі ў дэпутаты і прэзідэнты будзе захавана права на бясплатнае выкарыстанне дзяржаўных СМІ для перадвыбарных выступленняў, дэбатаў і апублікавання праграм. Кандыдатам у прэзідэнты і дэпутаты ўсіх узроўняў даецца права стварэння асабістых фінансавых фондаў за кошт уласных сродкаў, а таксама сродкаў грамадзян і юрыдычных асоб. Такое права цяпер устаноўлена законам для кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў і кандыдатаў у прэзідэнты.

У сувязі са спыненнем бюджэтнага фінансавання агітацыйных расходаў Ярмошына прапанавала ў пяць разоў павялічыць гранічныя памеры фінансавых фондаў кандыдатаў у прэзідэнты — з 3 тыс. да 15 тыс. базавых велічынь, а кандыдатаў у дэпутаты ПП НС — у тры разы да 3 тыс. базавых велічынь.
Грамадзянін, які зарэгістраваў сваю ініцыятыўную групу на прэзідэнцкіх выбарах, зможа адкрыць рахунак у банку для стварэння выбарчага фонду з часу рэгістрацыі групы.

Асноўнымі дыскусійнымі пытаннямі на нарадзе сталі нормы аб змяненні парадку фінансавання выбарчых кампаній кандыдатаў. У выніку ўдзельнікі нарады сышліся на тым, каб павысіць толькі максімальны памер выбарчых фондаў на прэзідэнцкіх выбарах у тры разы. Акрамя таго, прынцыпова не адхілена прапанова аб тым, каб даць права стварэння такіх фондаў з часу рэгістрацыі ініыятыўнай групы.

У сувязі з адыходам ад бюджэтнага фінансавання перадвыбарнай агітацыі мяркуецца, што кандыдаты ў дэпутаты мясцовых саветаў атрымаюць права ствараць выбарчыя фонды памерам да 30 базавых велічынь.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?