Юры Зісер апісаў трындзец, які сустракае беларуса па прыбыцці на чыгуначны вакзал Вільні.
Расказваючы пра «статак са шматлікіх дзясяткаў дзікіх малпаў-людзей», якія на злом галавы скачуць па прыступках, каб «апынуцца першымі ў велізарных чэргах на пашпартны кантроль», падаючы сцэны, у якіх праз чаргу не пускалі хворых і знямоглых — тых, хто па стане здароўя не мог бегчы і таму апынуўся ў хвасце чаргі, аўтар прыходзіць да бязлітаснай высновы: «Стала сорамна за натоўп беларусаў. На Захадзе такое становішча ўявіць немагчыма».

Я вельмі добра ведаю гэтую сітуацыю, бо часцяком вандрую ў Вільню. Але вось што: мне не сорамна за беларусаў. Чаму — паспрабую растлумачыць.

1. Дазвольце ўсумніцца ў тым, што такія паводзіны не ўласцівыя еўрапейцам. Што мы — такія дзікія і нявыхаваныя, а яны — такія выкшталцоныя і ніколі б не беглі.
Аднойчы я ляцеў «Аўстрыйскімі авіялініямі» з Бялграда (вайна тады яшчэ, скажам так, не зусім скончылася). І вось раптам рэйс у Вену адмянілі. Наступны — праз суткі. Што тут рабіць суткі (і што тут здарыцца праз суткі) — пытаннечка. Праз дзве гадзіны ў тым жа напрамку быў вылет сербскай авіякампаніі. І было зразумела: той, хто першы дабяжыць да інфа-тэрмінала, можа атрымаць квіток, усе астатнія тут «павіснуць» мінімум на суткі. І вось бачылі б вы паводзіны «еўрапейцаў» з заходнееўрапейскіх краін! Там не толькі быў забег натоўпу па тэрмінале. Там не толькі была цісканіна і прыкрыя сцэны кшталту «вас тут не стаяла»! Людзі літаральна раўлі адно на аднаго, раз’юшаныя, дзіва, што не адбылося бойкі! А вы кажаце, «на Захадзе немагчыма». Здаецца, на Захадзе проста трохі вышэйшы парог, на якім людзі пачынаюць паводзіць сябе як нелюдзі.

2. Адчуванне, што беларусы (рускія, украінцы, г.д.) — нявыхаваныя «саўкі», паходзіць ад успамінаў пра тое, як непрыгожа часам паводзілі сябе савецкія грамадзяне. Як душыліся ў чэргах па кілбасу.

Як пісалі адно на аднаго даносы, каб заняць «жылплошчу».
Але мой асноўны тэзіс — у тым, што ўсё гэта рабіла не асаблівая парода людзей, «саўкі», нявыхаванае быдла,
а што сацыяльная сітуацыя вымушала людзей паводзіцца менавіта так і ніяк інакш.
Такім чынам, калі мы ўпікаем «савок» і бачым праявы «саўка» ў матывацыях постсавецкіх народаў, мы ўпікаем тыя сацыяльныя ўмовы, у якіх людзі люмпенаваліся. Не людзі як такія спараджалі чэргі і цісканіну ў іх, а дэфіцыт. Зразумейце гэта і перанакіруйце свае закіды да савецкага кіраўніцтва.

3. Цяпер да галоўнага.

Відавочна, што сітуацыя на віленскім чыгуначным вакзале — не нармальная.
Болей за тое, яна наўмысна створаная як ненармальная, бо да канца траўня там усё было па-іншаму. У сярэдзіне траўня я ехаў тым самым вечаровым цягніком і запытаўся ў літоўскага памежніка: «Дык што, як увядуць новы парадак, з’явяцца чэргі?» — «Канечне, з’явяцца, — упэўнена адказаў той. — Вы ж падлічыце: чатыры прапускныя пункты на цягнік, у якім як мінімум 200 чалавек». Г.зн. нават шараговыя выканаўцы, на якіх не было адказнасці за бюджэтаванне праекта, падлік-прагназаванне і г.д., усё разумелі.

Сітуацыя нялюдская, і паводзіцца па-людску ў ёй немагчыма.

Што было б прыкладам добрых паводзінаў? Не бегчы, ісці з гонарам і годнасцю і чакаць потым пад сонцам ці дажджом?
Вы ўпэўненыя, што еўрапейцы так сябе паводзілі б?

4. Дзіўна, што Юры Зісер не звяртае ўвагі на наступную акалічнасць (ці звяртае, але толькі для таго, каб абвінаваціць суайчыннікаў): «Гэта былі менавіта нашы, бо для грамадзян Літвы асобная чарга, якая праз некалькі чалавек скончылася». І вось, у мяне пытанне да гэтых высакародных, выхаваных, адукаваных еўрапейцаў:

чаму яны адмаўляюць расавую, полавую сегрэгацыю, але сваімі дзеяннямі з садысцкай асалодай насаджаюць новую, этнічна-палітычную, сегрэгацыю, сегрэгацыю па пашпартах?
Яны не бачаць у гэтым новага еўрапейскага шавінізму? Чаму я, чалавек проста з іншым пашпартам, павінен душыцца ў чэргах, у той час як людзі з «добрымі» пашпартамі праходзяць па асобнай чарзе?
Тут -толькі крок да таго, каб па асобнай чарзе пускаць людзей з белай скурай ці блакітнымі вачамі.
Я не хацеў бы выглядаць антыеўрапейцам: маё сэрца — у Еўропе, там жа, у еўрапейскай Беларусі, прапісаная мая душа. Я проста заклікаю задумацца пра гэтую акалічнасць і выправіць яе.

5.

Сітуацыя з новым парадкам пашпартнага кантролю ў Літве нагадвае нейкі змрочны эксперымент кшталту таго, што паказаны ў фільме Олівера Хіршбігеля «Das Experiment»:
як і гэты фільм (і як сам Стэнфардскі турэмны эксперымент, які пакладзены ў аснову сюжэта), сітуацыя даказвае, што нават самыя выхаваныя людзі ў нялюдскіх умовах паводзяць сябе як жывёлы. Я магу нават дапусціць, што нейкія вычварэнцы могуць атрымліваць садысцкую асалоду ад відовішча беларусаў, якія душацца на ўваходзе ў Еўропу. І што дзіўна: пра сітуацыю шмат пісалі і ў Беларусі, і ў Літве. Прычым пісалі не толькі ў фэйсбуку, але і ў буйных медыях, прычым, скажам так, пісалі не апошнія аўтары. Згадайма, напрыклад, вось гэты допіс Вячаслава Ракіцкага. Яшчэ ў чэрвені віленскія ўлады абяцалі перагледзець нечалавечы парадак праходу мяжы. Але дагэтуль нічога не зроблена. І вось пытанне: чаму? Колькі яшчэ чакаць? Хацелася б пачуць адказ, бо гэтым разам звяртаемся да боку, які звычайна дае адказы, а не маўчыць, як гэта прынята ў адміністрацый іншых краінаў. Беларусаў падштурхоўваюць да таго, каб яны ехалі траціць уласныя грошы ў Варшаву? Рабілі ўласнай турыстычнай Меккай Польшчу, а не Літву? І хто ад гэтага будзе шчаслівы?

6.

30 траўня я для сабе прыняў простае рашэнне: я не езджу ў Вільню на цягніках. Ёсць аўтобусы, іх шмат, там ніхто нікога не прыніжае, прымушаючы да забегу ці шматгадзіннага стаяння ў чэргах.
Раю вам таго ж. Каб заставацца чалавекам, часам дастаткова проста пазбягаць сітуацый, якія не пакідаюць прасторы для чалавечага.

7. І апошняе, пра беларусаў. Як сказаў адзін мой добры сябра, пасол маленькай, але вельмі годнай заходнееўрапейскай дзяржавы, «каб зразумець, што беларусы — цывілізаваны, выхаваны, годны народ, які Еўропе няма чаму вучыць,

проста паглядзіце, як ціхамірна яны стаяць у чэргах на маршруткі».

Dixi!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?