Усім нам, а асабліва тым, хто цяпер займаецца лякіраваньнем савецкага мінулага, было б карысна азнаёміцца з адным з самых гнюсных і ганебных праяваў тае эпохі— стукацтвам.

Вялікі знаўца камуністычнага рэжыму ў СССР Аляксандар Салжаніцын у «Архіпэлягу ГУЛАГу» пісаў, што «з чатырох‑пяці гарадзкіх жыхароў аднаму хоць аднойчы ў жыцьці ды прапаноўвалі стаць стукачом. Калі пераседзела на архіпэлягу за 35 гадоў (да 1953 г.) мільёнаў сорак, дык хаця б па кожнай трэцяй, няхай пятай справе ёсьць чыйсьці данос і хтосьці сьведчыў. Яны й сёньня сярод нас, гэтыя чарнільныя забойцы. Адныя саджалі блізкіх праз страх — і гэта яшчэ першая ступень, іншыя з карысьці, а трэція — самыя маладыя тады — здраднічалі натхнёна, здраднічалі ідэйна, часам нават адкрыта, бо лічылася клясавай доблесьцю выкрыць ворага…».

Васіль Быкаў, які таксама шмат разважаў над фэномэнам здрадніцтва, у тым ліку і стукацтва, у кнізе ўспамінаў «Доўгая дарога дадому» пісаў, што «ў 20‑я гады ў СССР было 10 млн сексотаў, пра гэта сьведчыў сын Г.Малянкова, ужо ён штосьці ведаў. Дый сам Хрушчоў, выкрываючы Берыю, сказаў, што ў СССР кожны пяты — сексот… То згуртаваны і разгалінаваны сакрэтны клан, які пераўзыходзіць усе вядомыя ў гісторыі кланы, у тым ліку і масонскі. Калгасьнік з паляводчай брыгады, такі ж сексот зь мянушкай, як і міністар або прафэсар, і змушаны аднолькава верна служыць свайму куму, якому падпарадкаваны да сьмерці».

Стукалі і жук, і жаба

Працуючы з дакумэнтамі Аршанскага райкаму КП(б)Б, якія захоўваюцца ў Дзяржархіве Віцебскай вобласьці, трапіў на «Працоўныя зводкі ГПУ» — абагульненьні данясеньняў сакрэтных супрацоўнікаў, датаваныя 1932—33 гадамі.

Накіроўваліся яны пад грыфам «зусім сакрэтна» ў шасьці асобніках розным органам кіраваньня, у тым ліку ў Аршанскі райкам КП(б)Б. Таму і апынуліся ў партархіве, на жаль, не за ўвесь пэрыяд, бо зь іх вымалёўваецца зусім неглянцаваная карціна жыцьця тагачаснага савецкага грамадзтва.

Прааналізуем склад сексотаў. Яны засакрэчаныя пад мянушкамі. Усяго ў памагатых органам значылася на той час каля ста чалавек. У 1932 г. у Воршы было 32 тыс. жыхароў, дык адзін сексот прыходзіў¬ся ў сярэднім на 300 зь нечым чалавек. Быццам і няшмат, але ж трэба памятаць, што потым колькасьць іх бязьмерна ўзрасьце, бо самыя страшэнныя гады сталінізму яшчэ наперадзе.

Прозьвішчы агентаў ГПУ мы, зразумела ж, не даведаемся. Затое ў выбары мянушак фантазія гэпэушнікаў ды іх памагатых была невычарпальнай. Некаторыя сексоты атрымалі мянушкі, відаць, з‑за асаблівасьцяў фізычнай канструкцыі. Ёсьць тут «Карлік» (гэта мог быць і бамбіза), «Кульгавы», «Калечаны». Адрозьніваліся й па колеры: «Цёмны», «Белы», «Буры», «Красны». Пашыранымі былі й назвы, пазычаныя з жывёльнага ды расьліннага сьвету: «Галка», «Кот», «Заяц», «Ліса», «Жук», «Павук» (у адным даносе ён абвінаваціў у розных правапарушэньнях ажно 15 жыхароў Копысі), «Лось», «Дуб», «Радыс», «Елка» і г. д.

Сярод нашых ананімных аўтараў дзеці й падлеткі не заўважаныя. Але В.Быкаў, напрыклад, згадваў, што на судзе супраць дырэктара школы сьведчыла 15‑гадовая вучаніца. Жанчыны ж сярод сексотаў, несумненна, былі: «Доська», «Сафо», «Блуза».

Былі вельмі распаўсюджаныя мянушкі іншаземнага паходжаньня: «Хіл», «Пат», «Бэрлін», «Шак», «Гер» ды інш. Мянушкамі станавіліся як беспрадметныя паняткі, так і назвы прадметаў з розных сфэраў жыцьця: «Сураж» і «Камета», «Вясёлы» і «Бомба», «Арка» і «Шуба», «Гудок» і «Газ», «Радыё» і «Шыла»… Некаторыя падпісваліся прозьвішчамі ды імёнамі (вядома ж, ня ўласнымі): «Хамутоў», «Гракаў», «Шустаў», «Коля», «Саша», «Фелікс» і г.д. Ну й нарэшце, закладваў багацеяў «Бядняк», пільна сачыў за сусе¬дзямі «Зоркі», пастаянна над галовамі ворагаў савецкай улады былі занесеныя «Тапор» і «Меч». Зусім, відаць, невыпадкова амаль штодня страчыў даносы «Выпадковы». Не аднаму жыхару Воршы зрабіў кіслым жыцьцё «Лімон». Шчыравалі на «паляваньні» «Сокал» і «Ястраб». І не дрыжэла ў «Нашага» «Барышніка» «Рука», пішучы «Пяром» данос у «Бараку» за «Шкафам». Нарэшце, зьеўшы не адзін «Пуд» «Солі» на сваёй працы, кожны стукач лічыў сябе калі не «Каралём», дык «Героем».

Сетка сексотаў ахоплівала як Воршу, так і навакольле. У данясеньнях згадваюцца Копысь, Міцькаўшчына, Машкова. Некаторыя сексоты паведамлялі пра падзеі і «падазроных» асобаў як у горадзе, так і ў сельскай мясцовасьці. Сярод іх, напрыклад, «Выпадковы», які, магчыма, быў нейкім агентам (ня толькі тайным), бо ягоныя даносы тычацца жыхароў розных раёнаў Воршы, а таксама шмат якіх мястэчак і вёсак. Ён пісаў, між іншага, пра будаўніцтва хлебазаводу й кінатэатру і паўсюль выкрываў раскрадальнікаў сацыялістычнай маёмасьці, афэрыстаў ды лайдакоў. Пра гэтага «асьведаміцеля» хочацца апавесьці крыху болей. Так, відаць, па заданьні органаў ён у верасьні—кастрычніку 1933 г. уладкаваўся вартаўні¬ком на параходную прыстань Воршы. У адным з даносаў піша: «За час майго прэбываньня вартаўніком пакраж якіх бы не было матэрыялаў ня мела месца» пра тое, што ягоная таемная праца не заўсёды была небясьпечнай сьведчыць адно з данясеньняў «Выпадковага»: «У вёсцы Пронцаўка Ц‑ў К.М. трымае ў сябе бандытаў, а іменна сам я ўчора лічна ў 10 гадзін днём бачыў, як зайшоў да яго невядомы гр‑н, і калі я ў яго запытаў, адкуль ты, ён мне адказаў, а якое табе дзела, тады я сказаў стой, а ён выніў адрэз з‑пад палы і наставіў мне ў грудзі, я пачаў крычаць, на мой крык зьбяжаліся калгасьнікі з калгасу «13 з’езд КП(б)Б» з Засьценка Якаўлевіцкага с/с… невядомы бандзіт стаў уцякаць і ўцёк у лес, паміма адрэза ў яго быў рэвальвер». (Артаграфія арыгіналу захаваная; у адпаведнасьці зь дзейным заканадаўствам тайна асабістага жыцьця мае 75‑гадовы тэрмін, таму большасьць асобаў, пазначаных у даносах, мы абмяжуем ініцыяламі — В.Л.).

Дарэчы, гэтага сексота можна «вылічыць», бо ў адным з данясеньняў ён піша: «Прозьвішча маё прашу не выдаваць, пражываю па Замкавай вуліцы, д.22». Праўда, дома з такім нумарам на сёньняшняй вуліцы Замкавай няма, і, наагул, пасьля вайны яна зьнікла з карты гораду і адноўлена толькі ў пачатку 1990‑х. Але ж у адной з архіўных справаў захаваўся пералік вуліцаў з пазначэньнем гаспадароў дамоў. Няма нічога тайнага, што не зрабілася б яўным…

«Неблаганадзейныя элемэнты»

У той час афіцыйнай мовай справаводзтва нават у ГПУ была «тарашкевіца». Праўда, збольшага мова тая — звычайная «трасянка», што сьведчыць пра нізкі адукацыйны ўзровень як стукачоў, так і ГПУ.

Пачнем з важнейшых тэмаў з пункту гледжаньня арганізатараў сеткі тайных інфарматараў. Дзіўна, але зьвесткі пра антысавецкія і антыкамуністычныя настроі насельніцтва Аршаншчыны сустракаюцца рэдка. Так, нейкі «Коля» даносіў на качагара мясакамбінату Парфена А., які «выступае супраць савецкай улады, гавора, што перарэзаў бы ўсіх жыдоў і рука б ня дрогнула, дабаўляе, што савецкая ўлада толькі ўмее красіва гаварыць, а на справе ўсіх абманвае». На Макара С., які ўдзельнічаў у габрэйскім пагроме ў Воршы ў 1905 г., паведамляў у ГПУ «Выпадковы». Гэтым, бадай, і абмяжоўваюцца паведамленьні сексотаў пра «неблаганадзейныя элемэнты». І гэта пры тым, што амаль усіх, каго прыцягвалі па даносах да адказнасьці, абвінавачвалі ў контрарэвалюцыйнай дзейнасьці.

Адной з асноўных тэмаў даносаў была інфармацыя пра безгаспадарчасьць, якая панавала тады і ў прамысловасьці (нават на знакамітых будоўлях першай пяцігодкі!), і ў сельскай гаспадарцы (у ёй асабліва, хоць калектывізацыя яшчэ не была завершаная). Сярод паведамленьняў пра кепскіх дырэктараў, старшыняў калгасаў і брыгадзіраў паведамленьні пра масавае раскраданьне сацыялістычнай уласнасьці, дрэннае харчаваньне на заводах, сустракаюцца й даносы пра «нясвоечасовую выплату зарплаты». Безгаспадарчасьць была заўважана агентамі на ільнокамбінаце, БелДРЭСе, заводзе «Чырвоны Кастрычнік» (у апублікаваных афіцыйных гісторыях гэтых трох буйных прадпрыемстваў Аршаншчыны пра гэта няма ні радка) ды драбнейшых прадпрыемствах.

Некаторыя сексоты былі людзьмі вельмі скрупулёзнымі. «Кім» падрабязна інфармаваў органы, колькі кіляграмаў паліва адпускае розным спэкулянтам загадчык Аршанскай нафтабазы Б. Гэты ж данос «Выпадковага» хочацца прывесьці цалкам: «У Б.Марыі, якая жыве на Воршы‑Западнай., барак №15, кв. 2 хаваецца ў сундуку торба сахару, якая ўкрадзеная з пакгаўза і вотрубі ў сараі ў цэбры і ў кватэры ў мяху, яна казала, калі яна нясла то дужа баялася, але каб яе затрымалі, то яна ўсіх бы выдала. У сараі пад палом ляжаць дзьве юбкі сшытыя…». Нагадаю, што ў жніўні 1932 г. выйшла сумнавядомая Пастанова ЦВК і СНК СССР «Аб ахове маёмасьці дзяржаўных прадпрыемстваў, калгасаў і каапэрацыі і ўмацаваньні грамадзкай (сацыялістычнай) уласнасьці». Згодна зь ёй, людзі, якія спакушаліся на грамадзкую маёмасьць, абвяшчаліся «ворагамі народу», і да іх прымяняліся самыя суровыя пакараньні, аж да сьмяротнага.

«Радзімыя плямы капіталізму»

Уяўленьне пра тое, што ў гады савецкай улады панавалі ледзь ня пурытанскія норавы, яскрава абвяргаецца данясеньнямі сексотаў. Злачыннасьць, п’янства, прастытуцыя — усё гэта цьвіло пышным цьветам і ў першай у сьвеце краіне пераможнага сацыялізму. Так, «Выпадковы» паведамляў пра грамадзянку Я., якая жыла на станцыі Ворша і займалася прастытуцыяй: «У ёй кожны вечар бывае чалавек па 5 хлопцаў».

Дарэчы, на кожны данос апэратыўным работнікам ГПУ рабілася заключэньне і вызначаліся адпаведныя мерапрыемствы. У дадзеным выпадку запісана: «Памясьціць у агентурную распрацоўку. Весьці далейшы нагляд за домам Я.».

«Гр‑ка М. Хадоса, жыхарствуючая на Аршанскім ільнокамбінаце, працуе кубаўшчыцай, гандлюе гарэлкай,— інфармаваў сексот «Боб».— Трымае прытон прастытуцыі, да яе ходзяць як вольныя, а таксама кожны вечар бываюць чырвонаармейцы 192 стралковага палка». «Выпадковы» даносіў: «Бухгалтар Аршанскага вучылішча О. 6 лістапада п’янстваваў сумесна з прыехаўшай з Салаўкоў прасьцітуткай К… на базары ў піўной расьпівалі гарэлку і піва, нада палагаць, што О. п’е на казённыя грошы». «Выпадковага» быццам цягнула ў тыя прытоны: «Жыхарствуючая ў г.Воршы па вул. Энгельса ў д.№42 гр‑ка К. трымае прытон у сябе ў кватэры і падазрыцельных асоб, як, напрыклад, у яе кватэры 5/ХII‑32 г. напіўся пом. ком. взвода Аэрапарку П.Георгій і іншыя, посьле чаго вышлі на ўліцу, пачалі хуліганіць». Гэпэушнік заўважыў на палях: «Праверана, патвердзілась. К. взят на ўчот». Відаць, «Выпадковы» быў чалавекам вельмі дзейным, у чым мы ўжо пераканаліся, бо «стучаў» рэгулярна й часта, і лёгка ўціраўся ў давер, хутчэй за ўсё й выпі¬ваў з тым, на каго потым даносіў. Прыгадваюцца радкі «Сказу пра Лысую гару»:

    ў кампаніі парою
    не зразумець было, хоць плач,
    Хто лезе чокацца з табою:
    Ці шчыры сябра, ці стукач.

Злачынствам было й захоўваньне агнястрэльнай зброі. Пра гэта таксама шмат данясеньняў. Нястомны «Выпадковы» даносіў на каапэратара Цімафея Салтановіча (будучага Героя сацыялістычнай працы, вядомага калгаснага кіраўніка), які «жыве ў в.Машкова і мае рэвальвэр «Наган». Але ня мае на гэта дазволу. Гэты «наган» я сам бачыў». Ці была знойдзена органамі зброя, невядома, хутчэй за ўсё не, бо ў 1933 г. Ц.Салтановіч стаў старшынём калгасу «Бальшавік». А вось данос таго ж «Выпадковага» на А.Купаву, які жыў па вул.Першамайскай у Воршы і «меў рэвальвер» не пацьвердзіўся — пры вобыску ён ня быў знойдзены. Што было, калі данос аказваўся ілжывым? Ня ведаю. Можа, агентаў пазбаўлялі прэміяльных?

«Залаты паток»

Адна з главаў «Архіпэлягу ГУЛАГу» трапна названая «Людзі гінуць за мэтал». «З канца 1929 г., — піша А.Салжаніцын,—пачынаецца знакамітая залатая ліхаманка, толькі ліхаманіць ня тых, хто золата шукае, а тых, з каго яго трасуць… Ужо нічым — не пралетарскай сутнасьцю, ні рэвалюцыйнымі заслугамі ня можа абараніцца той, на каго паў цень залатога даносу».

Адкуль у простых савецкіх абывацеляў залатыя грошы ды валюта? Па‑першае, з моманту рэвалюцыі і экспрапрыяцыі прайшло ня так шмат часу і палітычныя рэпрэсіі не зачапілі яшчэ ўсіх былых эксплюататараў. Па‑другое, такія‑сякія грошы засталіся ў былых нэпманаў. Па‑трэцяе, у некаторых аршанцаў меліся родзічы за мяжой (пераважна ў ЗША, куды эмігравалі дзясяткі месьцічаў), якія дасылалі сюды даляры. Іх з канвэртаў тады не вымалі.

Вось «Коля» і даносіў на грамадзяніна Ш., які жыў па 1‑м зав.Урыцкага: «У час рэвалюцыі меў цесную сувязь з таможнікамі, ад якіх назьбіраў шмат залатых грошай. Зараз з маёмасьці мае — уласны дом, агарод і навогул добра жыве». Гэты сексот (ці не «спэцыялізаваўся» на «залатой жыле»?) паведамляў пра грамадзянку Э., якая жыла па 2‑й Пустынкаўскай вуліцы: «Яе муж працуе ламавым фурманам, а яна раней займалася прастытуцыяй. З маёмасьці мае дом, і ў гэтым доме трымала таможню, у той час у яе быў ухажор таможнік, звалі якога «Шурка», які расстраляны ў 1918 г. за якое‑та злачынства. Гэты «Шурка» пакінуў шмат золата Э., якая і цяпер мае». «Выпадковы» зрабіў данос на аршанца К.: «Мае суродзічаў у Амэрыцы, якія дасылаюць яму долеры, долераў ён мае каля 300 рублёў».

Наколькі ўзбагацілася краіна, канфіскаваўшы ў аршанцаў золата й валюту, ня ведаю. Але «ўнёсак» гэты ў сацыялістычнае будаўніцтва быў не малы.

Выбранае

На згаданыя тэмы даносы налічваюцца дзясяткамі. Цяпер жа хочацца прывесьці некалькі даносаў, якія яскрава характарызуюць той надзвычай супярэчлівы й драматычны час. Так, «Выпадковы» даносіў на дэпутатку Аршанскага гарсавету Паўліну І., якая выдавала хлусьлівыя дакумэнты (пацьвердзіць ці абвергнуць сьцьвярджэньні спэцагентаў мы, на жаль, ня маем магчымасьці). Зноў жа «Выпадковы» інфармаваў органы пра касіра ТПО, які «мае аўтобусныя білеты, па якіх сам ездзіць, а таксама надзеляіць служачых ТПО, вазьнікае пытаньне: адкуль бярэ?» Супрацоўнік ГПУ дадаў: «завесьці агентурную распрацоўку». Або даносілі на нейкага С., які атрымліваў хлебныя карткі на мёртвыя душы. Як бачым, сюжэты вечныя.

Той самы «Выпадковы» паведамляў: «23.ХІ‑32 г. у інтэрнат коннага запасу міліцыі прыйшоў надзірацель Аршанскага іспраўдома Дубкоў, які расказаў аб тым, як зь іспраўдома бралі на растрэл, і вялі ў канцылярыю, гавора што прышло памілаваньне, а потым, што выводзяць: дзе стаіць машына і наогул увесь метад як забіраюць на растрэл, гэта расказаў Дубкоў у прысутнасьці міліцыянэраў коннага запасу». Якое пакараньне за разгалошваньне дзяржаўных сакрэтаў панёс Дубкоў, невядома. А вось завэрбаваныя агенты ГПУ падпісвалі «Абавязацельства», у якім абавязваліся «захоўваць у найстражайшым сакрэце ўсе зьвесткі і даныя аб рабоце ОГПУ і яго органаў, ні пад якім выглядам іх не разгалошваць і не дзяліцца імі нават са сваімі бліжэйшымі родзічамі і сябрамі».

Ахвяры не захаваліся ў «Памяці»

Прагледзеўшы сьпісы ахвяраў палітычных рэпрэсіяў, зьмешчаныя ў кнізе «Памяць. Орша і Аршанскі раён», не знайшоў ніводнага зь пералічаных «герояў» даносаў. Не маглі ж іх усіх запісаць у крымінальнікі? Як вядома, найбольш масавыя рэпрэсіі былі разгорнутыя сталінскім рэжымам у 1937‑1938 г. Але і ў тыя жудасныя гады ніхто зь пералічаных «ворагаў народу» (шкоднікаў, раскрадальнікаў сацыялістычнай маёмасьці, прастытутак, падпольных багацеяў), калі верыць сьпісам рэпрэсаваных з кнігі «Памяць», не пацярпеў. Праўда, сьпісы тыя далёка ня поўныя. Тыя ж, хто быў асуджаны ў 1932—1933 гг., атрымалі адносна невялікія тэрміны: да 3 гадоў зьняволеньня ды высылку ў розныя аддаленыя раёны СССР.

Дарэчы, ананімнасьць сексотаў (прынамсі, асобных) была ўяўнай. Так, аршанскі старажыл Рыгор Цыпкін успамінае, што «некаторых даносчыкаў народ ведаў добра і імкнуўся не размаўляць зь імі, людзі пераходзілі вуліцу, каб не сутыкнуцца тварам у твар, а раптам нешта таму не спадабаецца».

Нам невядома, як скончыўся жыцьцёвы і стукацкі шлях таго ж «Выпадковага». Але пакуль у нас не асуджаныя і не пакараныя (нават маральна), каты ГУЛАГу, якія дажываюць век, на сумленьні якіх сотні тысячаў бязьвінных ахвяраў, сексоты могуць спаць спакойна. Пытаньне пра люстрацыі ў нашым грамадзтве ніколі нават і не падымалася. Раскрыцьцё імёнаў шматлікіх тайных агентаў спэцслужбы камуністычнага рэжыму было б «бомбай» страшэннай разбуральнай сілы. Але гэты працэс меў бы і вялікае ачышчальнае значэньне, стаў бы гарантыяй таго, што падобнага больш ня будзе ніколі.

Віктар Лютынскі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0