Мінфін не чакае значнага росту зарплат у другім паўгоддзі, паведаміў журналістам 8 жніўня намеснік міністра фінансаў Максім Ермаловіч.

Пры гэтым ён адзначыў, што на сёння Міністэрства фінансаў не задавальняюць наяўныя суадносіны паміж зарплатамі ў бюджэтным сектары і прамысловасці.

«Суадносіны ўзроўню зарплаты ў бюджэтным сектары і ў эканоміцы ў цэлым нас не задавальняюць. Аднак гэта, хутчэй, праблема, якая выклікана апераджальным ростам зарплат у рэальным сектары ў параўнанні з тэмпамі росту прадукцыйнасці працы», — дадаў Максім Ермаловіч.

Разам з тым, канстатаваў ён, зарплата ў прамысловасці ўжо стала запавольвацца.

«Бачна запавольванне тэмпаў росту зарплаты ў прамысловасці. Наша задача — паступова, не аказваючы ціску на ўнутраны попыт, падцягваць узровень зарплат у бюджэтным сектары», — патлумачыў Ермаловіч.

Ён адзначыў, што суадносіны зарплат у бюджэтным сектары да даходаў у прамысловасці складаюць каля 77–78%. Да канца 2014 года плануецца гэтыя суадносіны давесці да 90%, паведаміў намеснік міністра.

«Аднак для гэтага трэба шмат зрабіць у самім бюджэтным сектары: аптымізаваць колькасць устаноў адукацыі і аховы здароўя, правесці скарачэнне штата бюджэтных арганізацый. Гэта складаная і карпатлівая работа, але яна дазволіць больш хуткімі тэмпамі расці зарплаце ў бюджэтным сектары», — дадаў Максім Ермаловіч.

***

Як паведамлялася раней, у студзені-чэрвені 2013 года сярэднямесячная заработная плата работнікаў склала 4,77 млн. рублёў (550,5 долара) і павялічылася ў параўнанні з аналагічным перыядам 2012 года на 45,8%. Паводле звестак Мінэканомікі, рост зарплат перавысіў прадугледжаныя прагнозам на 2013 год тэмпы.

Заработная плата работнікаў арганізацый прамысловасці ў чэрвені 2013 года склала 641,1 долара ЗША. У бюджэтных арганізацыях сярэднямесячная заработная плата ў чэрвені склала 3,89 млн. рублёў, ці 445 долараў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?