Справа ксяндза Уладзіслава Лазара — цёмная. Відавочна, дзяржава мае нейкі інтарэс, каб не праліваць на яе святло. Пры кожнай крымінальнай справе паведамляецца абвінавачванне, хто затрыманы, мера стрымання, акалічнасці справы часам паведамляюцца, а часам хаваюцца ў інтарэсах следства. Але па справе кс. Лазара мы не ведаем нават, па якім артыкуле яго вінавацяць.

Можна толькі здагадвацца, чаго хоча ўлада. Дапамогі ватыканскай дыпламатыі, нейкіх крокаў з боку Касцёла, ці проста хоча трымаць у Касцёл у напружанні? Цемра — зручнае асяроддзе для злачынцаў: мы здагадваемся, што нешта нехта робіць, але не можам разгледзець, хто і што. Мы спрабуем рабіць у цемры нейкія крокі, але не бачым, які будзе іх вынік.

Яшчэ ў цемры лёгка сутыкнуцца лбамі. Прадугледжвалі гэта ініцыятары арышту кс. Лазара ці не, але гэтая справа ўзмацняе напружанне ўнутры Касцёла.

Пытанне пра тое, наколькі Касцёл павінен быць лаяльны да дзяржавы — адно з самых вострых. Цяпер яно зноў актуальнае.

Сёння католікі горача спрачаюцца МІЖ САБОЙ, што павінен рабіць Касцёл у справе ксяндза Лазара. Свецкія вернікі звяртаюцца да біскупаў, біскупы маўчаць. З аднаго боку гучаць галасы: «Вось каб не маўчалі…» З іншага: «Маўчыце, каб не нашкодзіць!» У клерыкальным асяроддзі, не выключана, таксама ёсць рознагалоссі. Магчыма, БХД пачне збор подпісаў за вызваленне — і пачнуцца енкі, што БХД робіць сабе піяр і шкодзіць Касцёлу.

Сумняюся, што мы можам чымсьці нашкодзіць кс. Лазару. Нашкодзіць — пасадзіць святара — можа толькі дзяржава. Нічога незваротнага няма: можна дашыць справу і пасадзіць — а можна закрыць справу і выпусціць. Але дзяржава лічыць за лепшае патрымаць святара ў закладніках, а Касцёл у напружанні. Тым часам мы абвінавачваем АДНО АДНАГО і сварымся АДЗІН з АДНЫМ.

Не сумнявайцеся: недавер, варожасць, падзелы ўнутры Касцёла выгадныя якраз дзяржаве.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?