У Беларусі забаронена эксплуатацыя васьмі зон адпачынку каля водных аб’ектаў, паведамляе Рэспубліканскі цэнтр гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя (РЦГЭіГЗ).

У Гомельскай вобласці забарона закранула пляжы КЖУП «Светач» у Светлагорску і гарадскім пасёлку Парычы, а таксама пляж ПСКУП «Санаторый «Сярэбраныя крыніцы» ў населеным пункце Чыркавічы; у Гродзенскай вобласці — пляж ААТ «Васілішкі» на возеры вёскі Гурнафель Шчучынскага раёна; у Магілёўскай вобласці — гарадскі пляж у Клімавічах; пляж № 3 «Фарштат» на Бярэзіне ў Бабруйску, пляж на Дняпры ў раёне ратавальнай станцыі ў Шклове і пляж сажалкі Дрыбінскі ў гарадскім пасёлку Дрыбін.

Прыпынена эксплуатацыя 14 зон адпачынку: у Брэсцкай вобласці — левы бераг пляжа «Цэнтральны» ў Брэсце, пляж на возеры Белае ў Брэсцкім раёне, пляж «Усход» на Мухаўцы ў Брэсце, пляж на рацэ Ведзьма ў Ляхавічах, пляж на Шчары ў вёсцы Дарава Ляхавіцкага раёна, пляж на вадаёме аздараўленчага лагера «Чайка» ў вёсцы Галаўнінцы Ляхавіцкага раёна; у Гомельскай вобласці — зона адпачынку парку «Прыдняпроўскі» ў Жлобіне; у Гродзенскай вобласці — пляж на возеры Шчучына, пляж каля сажалкі вёскі Луцкаўляны Гродзенскага раёна, пляж «Цэнтральны» на Нёмане ў Гродне, пляж ва ўрочышчы Ласосна на Нёмане ў Гродне, пляж на возеры Кань-Белае ў вёсцы Азёры Гродзенскага раёна, пляж на возеры Юбілейнае ў Гродне; у Магілёўскай вобласці — гарадскі пляж на Дняпры ў Магілёве.

Яшчэ ў 15 зонах адпачынку абмежавана купанне дзяцей: у Брэсцкай вобласці гэта пляж вяслярнага канала па вуліцы Кастрычніцкай Рэвалюцыі на рацэ Мухавец у Брэсце; у Гомельскай вобласці — зоны адпачынку на Цэнтральным, Заходнім і Навабеліцкім пляжах Гомеля, зона рэкрэацыі на вадаёме гарадскога пасёлка Касцюкоўка ў Чыгуначным раёне Гомеля, зона рэкрэацыі на возеры Любенскае ў Гомелі, зона рэкрэацыі на каскадзе азёр па вуліцы П.Броўкі ў Цэнтральным раёне Гомеля, пляж на возеры станцыі Краснае Рэчыцкага доследнага лясгаса, зона адпачынку на Дняпры ў раёне Цэнтра алімпійскага рэзерву ў Жлобіне; у Гродзенскай вобласці — пляж на возеры Малочнае ў вёсцы Парэчча Гродзенскага раёна; у Мінскай вобласці — пляж зоны адпачынку «Заслаўскія сажалкі» ў Мінскім раёне, дзіцячы пляж Салігорскага вадасховішча ў Салігорскім раёне, зона адпачынку ў гарадскім пасёлку Старобін Салігорскага раёна, пляж на рацэ Случ у Слуцкім раёне, пляж на вадасховішчы Рудня ў Слуцкім раёне.

Усяго, паводле звестак РЦГЭіГЗ, за перыяд з 3 па 8 жніўня былі правераныя 403 зоны рэкрэацыі, на 23 (5,7%) з іх устаноўленыя парушэнні санітарных норм, правілаў і гігіенічных нарматываў. На вінаватых службовых асоб накладзены два штрафы, выдадзены два прадпісанні і 23 рэкамендацыі па ўстараненні выяўленых недахопаў, накіравана восем лістоў у мясцовыя органы выканаўчай улады і кіравання, 14 — у ведамствы. За гэты перыяд адабрана 838 проб вады для правядзення лабараторных даследаванняў, 74 з іх не адпавядалі ўстаноўленым гігіенічным нарматывам: 48 (5,7%) па мікрабіялагічных паказчыках, 26 (3,1%) — па санітарна-хімічных.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?