За знявагу міліцыянераў мінчанін заплаціць 10 мільёнаў рублёў.
Такі штраф прызначаны жыхару сталіцы судом Фрунзенскага раёна Мінска, дзе былі разгледжаны дзве справы аб адміністрацыйных правапарушэннях у дачыненні да 35-гадовага мужчыны, які размясціў у інтэрнэце зневажальныя выказванні на адрас міліцыянераў. Пра гэта паведаміла ўпраўленне інфармацыі і грамадскіх сувязяў МУС.
Паводле версіі міліцыі, 28 мая на адным з папулярных беларускіх інтэрнэт-парталаў фарумчанін размясціў каментарый зневажальнага характару на адрас супрацоўнікаў Фрунзенскага РУУС Мінска, якія прыбылі на яго выклік.
«Адчуваючы сваю беспакаранасць і ўсёдазволенасць у віртуальнай прасторы, мужчына, не саромеючыся ў выказваннях, зняважыў гонар і годнасць супрацоўнікаў органаў унутраных спраў», — паведамляе УІГС МУС.

Аператыўныя супрацоўнікі ўпраўлення па раскрыцці злачынстваў у сферы высокіх тэхналогій МУС устанавілі асобу грубіяна.

Ім аказаўся загадчык літаратурна-драматычнай часткі сталічнага тэатра, які да нядаўняга часу працаваў выкладчыкам у Беларускім універсітэце культуры і мастацтваў.
У дачыненні да яго былі распачаты адміністрацыйныя працэсы на падставе двух артыкулаў КоАП — 23.5 (абраза службовай асобы пры выкананні ёю службовых паўнамоцтваў) і 9.3 (абраза).
Па выкладзеных у каментарыі фактах нядобрасумленнага выканання службовых абавязкаў і неахайнага знешняга выгляду супрацоўнікаў Фрунзенскага РУУС сталіцы была праведзена праверка.
Прыведзеныя довады не пацвердзіліся, а дзеянні міліцыянераў прызнаны прафесійнымі і карэктнымі.

«Культуролаг віну не прызнаў, зневажальныя выказванні палічыў прымальнымі ў штодзённых зносінах, а неўзабаве і зусім ігнараваў судовыя пасяджэнні. Суд прызнаў яго вінаватым ва ўчыненні адміністрацыйных правапарушэнняў і пастанавіў аштрафаваць у памеры 5 мільёнаў рублёў за кожнае правапарушэнне. Абедзве пастановы набылі законную моц», — паведамляе МУС.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?