Суботні матч са зборнай Румыніі стаў першым афіцыйным для новага трэнэра нашай каманды немца Бэрнда Штанге. Чакаць станоўчага выніку ад гэтай гульні было б крыху наіўна – румыны цяпер знаходзяцца на сапраўдным пад’ёме, не прайграючы цягам апошнім дванаццаці гульняў, беларусы ж значна абнавілі склад, адмовіўшыся ад некалькі вэтэранаў і запрасіўшы ў каманду маладых неабстраляных гульцоў.

Зрэшты, гульня абсалютна не дала повадаў для пэсымізму. Нашы хлопцы сыгралі на роўных з грознымі румынамі. Лік адкрылі госьці, на 16-ай хвіліне адзначыўся Адрыян Муту – 0:1. Аднак ужо праз чатыры хвіліны Максім Рамашчанка пасьля цудоўнай перадачы Аляксандра Глеб выраўняў лік – 1:1.

За дзьве хвіліны да сьвістка на перапынак румыны зноў выйшлі наперад. Дзіке, які забіваў і барысаўскаму БАТЭ ў Лізе чэмпіёнаў, замкнуў галавой флянгавую перадачу Нікаліцэ – 1:2.

У другім тайме нябесьпечныя моманты ўзьнікалі ля абедзьвюх брамаў. Праўда, забіць змаглі толькі румыны. На 75-ай хвіліне Васіль Хамутоўскі парушыў правілы ва ўласнай штрафной, пасьля швэдзкі арбітар прызначыў пэнальці. Адрыян Муту не прамахнуўся – 1:3.

Такі самы лік быў зафіксаваны і год назад у Бухарэсьце.

Зрэшты, на ўсе матчы сёлетняга адборачнага цыклю геру Штанге дадзены карт-блянш. Па-сапраўднаму зь яго спытаюць ужо налета, а цяпер можна і экспэрымэнтаваць.

Наступны матч наша каманда правядзе 12 верасьня са зборнай Славеніі ў Цэле.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?