Прыемна

Прыемна, што мы цяпер назіраем новую хвалю беларускасці, няхай хваля гэтая і маленечкая. Наўрад ці яна здольная выклікаць шторм у акіяне расійскай мовы, які сёння абмывае ўсе берагі нашага жыцця, але… Прыемна, што беларускасць вабіць усё больш людзей: ладзяцца беларускамоўныя фэсты, збіраюцца экскурсіі па маршрутах паўстанцаў… Тыя, каго закранула хваля, змагаюцца за вяртанне гістарычных назваў, сімвалаў і святаў, выказваюцца за ўсталяванне помнікаў славутым суайчыннікам. На беларускую мову асцярожна пераходзяць і розныя спартыўныя арганізацыі. На жаль, маштабы гэтых мерапрыемстваў пакуль невялікія.

Сорамна

Сапраўды сорамна, што сёння беларускасць — з’ява зусім не распаўсюджаная і нават часам штучная. Як у нешчаслівай сям’і трэба прыкласці вялізныя намаганні, каб вырасці культурным і выхаваным чалавекам, так і ў цалкам русіфікаванай краіне наўрад ці станеш нацыянальна свядомым грамадзянінам. На жаль, быць беларусам і размаўляць па-беларуску сёння нікому не патрэбна. Некалькі тыдняў таму кожны карыстальнік «Укантакце» мог даведацца: афіцыйная суполка ХК «Дынама Мінск» вырашыла перайсці на беларускую мову. Справа добрая, але праз некалькіх гадзін паміж падпісантамі суполкі пачалася сапраўдная «бойка»: з аднаго боку былі тыя, хто не супраць «мовы», з другога — тыя, хто катэгарычна супраць (і гэта ў нашай да болю талерантнай краіне). Уся агрэсія ў каментах скончылася татальным вяртаннем да расійскай мовы.

Цікава

Яшчэ пра хакей. Цікава, што КХЛ забараняе пісаць прозвішчы гульцоў «Дынама» згодна з беларускай транскрыпцыяй. Цікава, чаму такая забарона датычыць толькі беларускай каманды? Чаму гульцы «Дынама Рыга» застаюцца Бічэўскісамі ці Цыбульскісамі, а не атрымліваюць гучныя расійскія варыянты кшталту Бічэўскага і Цыбульскага?

Самае цікавае, што вышэйзгаданы прыклад не адзіны і далёка не самы жорсткі. Некаторыя жыхары нашае краіны самі адмаўляюцца ад нацыянальнага самавызначэння. За мяжой частка называе сябе расійцамі, частка — палякамі. Толькі нямногім беларусам хапае цярпення і жадання растлумачыць, хто яны такія і адкуль паходзяць. Дый навошта гэта трэба? Цікава, навошта сёння быць беларусам, калі бізнэс «цікавей» весці ў Расіі? Навошта быць беларусам, калі можна прызнаць сябе палякам і вучыцца ў Варшаве ці Кракаве за паўцаны?

Цяжка

Пры тым, што атрымаць карту паляка бывае даволі цяжка, штогод прыблізна 2,5 тыс. жыхароў нашай краіны робяцца яе ўладальнікамі. Людзі старанна шукаюць польскія карані, вывучаюць польскую мову і гісторыю (тут, дарэчы, не так цяжка, бо ёсць шмат супольнага). Іншыя нават спяваюць гімн Польшчы: «А што там! Гадзіну пацярпець — і ты амаль еўрапеец!»

Цяжка ўявіць сабе, што застанецца ад беларускасці праз некалькі дзесяцігоддзяў. Ідэалагічная машына, зробленая з савецкіх дэталяў і запраўленая расійскім палівам, старанна зараўноўвае беларускае мінулае ў асфальт…

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?