Цэнтральны РАУС Гомеля праводзіць праверку па факце бойкі 10 жніўня прыблізна, а пятай гадзіне раніцы ў гіпермаркеце «Еўраопт».

Як паведаміла БелаПАН часовы выканаўца абавязкаў начальніка аддзела інфармацыі і грамадскіх сувязяў УУС Гомельскага аблвыканкама Святлана Урублеўская, вынікі праверкі будуць вядомыя праз некалькі дзён, пакуль не ўстаноўлена, хто быў завадатарам бойкі і хто вінаваты ў правапарушэнні.

Не гатовыя пракаментаваць сітуацыю і ў ТАА «Еўрагандаль» — уладальніку гіпермаркета «Еўраопт». У кампаніі адказваюць, што пакуль разбіраюцца ў канфлікце.

11 жніўня ў інтэрнэце з’явілася відэа, якое зафіксавала бойку наведвальнікаў магазіна і ахоўнікаў у «Еўраопце».

Адзін са сведак бойкі Яўген паведаміў БелаПАН, што інцыдэнт здарыўся раніцай, калі ў магазіне было прыблізна 20 пакупнікоў. «Працавалі ўсяго дзве касы. Я стаў у чаргу. Праз пару хвілін пачуў размовы на павышаных тонах — перада мной стаялі мужчына гадоў 27 з дзяўчынай, якой з выгляду гадоў 25. Перад імі стаяў ахоўнік і патрабаваў паказаць чэк за шакаладку. Яны адказвалі, што шакаладка ўжо была куплена. Ахоўнік працягваў на чымсьці настойваць, і з абодвух бакоў пасыпалася нецэнзурная лаянка. Не магу сказаць, хто з іх першы пачаў грубіяніць, але ахова да гэтага моманту размаўляла ціха і ветліва. Як толькі мужчына з жанчынай паспрабавалі накіравацца да выхаду, ахоўнік пачаў ім перашкаджаць, падышоў другі ахоўнік, усё суправаджалася мацернымі словамі і бойкай мужчыны з ахоўнікам», — апісаў падзеі сведка.

Паводле яго слоў, завязалася бойка паміж мужчынам і ахоўнікам, дзяўчына паспрабавала іх разняць. Бойка доўжылася некалькі хвілін, у ёй удзельнічалі некалькі ахоўнікаў магазіна. Праз пару хвілін прыбылі супрацоўнікі пазаведамаснай аховы ў міліцэйскай форме, а затым і нарад міліцыі.

«У дзяўчыны быў разбіты твар — яркі сіняк злева пад вокам і кроў каля носа. Хлопец, які здымаў здарэнне на тэлефон, скардзіўся на ахоўнікаў гіпермаркета, што яму зрабілі трэшчыну на дысплеі тэлефона», — паведаміў сведка. Нарад міліцыі запісаў звесткі сведак. Пацярпелыя ў бойцы дзяўчына з мужчынам селі ў міліцэйскую машыну і паехалі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?