ААТ «Савушкаў прадукт» (Брэст) «не мае дакладнай інфармацыі» па факце выяўлення ў прадукцыі прадпрыемства кішачнай палачкі, гаворыцца ў распаўсюджаным 12 жніўня паведамленні для прэсы.

10 жніўня Федэральная служба Расіі па ветэрынарным і фітасанітарным кантролі (Рассельгасхарч) апублікавала інфармацыю пра выяўленне «бактэрый групы кішэчнай палачкі» ў прадукцыі трох беларускіх прадпрыемстваў. Хваробатворныя мікробы выяўлены пры лабараторных даследаваннях вяндліны, якая паступіла з ААТ «Барысаўскі мясакамбінат», у партыі ялавічыны ААТ «Мёрскі мясакамбінат» і ў партыі тварагу, што паступіў з прадпрыемства ААТ «Савушкаў прадукт». Прынята рашэнне «праінфармаваць дзяржаўную ветэрынарную службу Беларусі пра выяўленыя вынікі для прыняцця мер па выпуску прадукцыі, якая адпавядае патрабаванням бяспекі Мытнага саюза».

«Улічваючы тое, што нядаўна службай бяспекі ААТ „Савушкаў прадукт“ і аддзелам эканамічнай бяспекі і супрацьдзеяння карупцыі ГУ МУС Расіі па Маскоўскай вобласці былі выяўлены і раскрыты факты фальсіфікацыі прадукцыі ААТ „Савушкаў прадукт“ (у прыватнасці, масла салодка-сметанковага несалёнага „Брэст-Літоўск“ масавай доляй тлушчу 82,5%) на рынку Расійскай Федэрацыі, кампанія схільная выказаць меркаванне, што вышэйзгаданы даследаваны тварог таксама з’яўляецца фальсіфікаванай (падробленай) прадукцыяй», — гаворыцца ў паведамленні беларускага прадпрыемства.

На ААТ «укаранёна і сертыфікавана еўрапейская сістэма кіравання якасцю і бяспекай харчовай прадукцыі, якая адпавядае міжнароднай схеме харчовай бяспекі FSSC 22000, а таксама распрацаваны і дзейнічаюць сістэмы НАССР, СТБ ІСО 9001–2001, ІСО 14001, OHSAS 18001, таму вышэйзгаданы факт з’яўляецца для кампаніі недапушчальным».

Прадпрыемства «запэўнівае сваіх пакупнікоў, што такая сітуацыя не застанецца па-за ўвагай». Кампанія «праводзіць уласнае расследаванне гэтага інцыдэнту».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?