Аляксандр Лукашэнка лічыць важным прыняць у дзяржаве меры, накіраваныя на разняволенне дзелавой ініцыятывы ва ўмовах аб’ектыўна існуючай прадпрымальніцкай рызыкі. Аб гэтым ён заявіў сёння на нарадзе, дзе разглядаліся пытанні далейшага ўдасканалення крымінальнага і крымінальна-працэсуальнага заканадаўства.

У гэтых мэтах быў падрыхтаваны праект закона «Аб унясенні дапаўненняў і змяненняў у Крымінальны, Крымінальна-працэсуальны, Крымінальна-выканаўчы кодэксы Рэспублікі Беларусь, Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях і Працэсуальна-выканаўчы кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях». Законапраект змяшчае сур’ёзныя навацыі, у прыватнасці, прадугледжвае выключэнне проціпраўнасці дзеяння пры дзелавой рызыцы, прымяненне дасудовага пагаднення аб супрацоўніцтве, укараненне крымінальна-прававой кампенсацыі, дэкрэміналізацыю асобных дзеянняў, якія не ўяўляюць сабой вялікай грамадскай небяспекі, а таксама іншыя істотныя пераўтварэнні ў разглядаемай сферы.

«Несумненна, рашэнне аб замацаванні такіх норм павінна быць максімальна ўзважаным», — падкрэсліў ён.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што неабходна ўлічваць усе магчымыя вынікі прапануемых мер і дакладна ўяўляць механізм іх практычнай рэалізацыі.

«У нас павінна быць цвёрдая ўпэўненасць у тым, што прадугледжаная праектам аптымізацыя крымінальна-прававых інструментаў не прывядзе да беспакаранасці асоб,
якія ўчынілі дзеянні, безумоўна небяспечныя для дзяржавы, грамадства або нашых грамадзян», — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Ён адзначыў, што органам крымінальнага праследавання неабходна мець набор сродкаў для барацьбы з карупцыяй і іншымі злачынствамі, які забяспечвае няўхільнасць пакарання.

«З другога боку, выпрацаваныя меры павінны сапраўды разняволіць дзелавую ініцыятыву ва ўмовах аб’ектыўна існуючай прадпрымальніцкай рызыкі. Крымінальны закон не павінен быць пудзілам для суб’ектаў гаспадарання, якія дзейнічаюць строга ў рамках прававога поля і ніяк не звязаных з крыміналам», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

«Следства і суд, кіруючыся адпаведнымі нормамі, павінны даваць адэкватную прававую ацэнку ўчыненым дзеянням», — сказаў ён.

«Нам вельмі важна прыняць сёння дакладна выверанае рашэнне, якое адпавядала б інтарэсам нашай краіны і нашага грамадства, — падкрэсліў Лукашэнка. — Любыя змяненні ў законы, нарматыўна-прававыя акты, заканадаўства ўвогуле павінны мець пэўную прычыну, і самая галоўная з іх — гэта тое, што ў грамадстве ўжо наспела сітуацыя такая, што без іх немагчыма абысціся. Мы павінны ісці выключна ад жыцця. Тут нам зусім не патрэбна ніякая спешка. Трэба мець на ўвазе сітуацыю, у якой мы жывём, у якой развіваецца дзяржава, грамадства, у якой жывуць нашы людзі».

«Інтарэсы дзяржавы і нашага чалавека павінны ляжаць у аснове любых пераўтварэнняў, рэформ, навацый і гэтак далей», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.-

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?