Дзяржаўны камітэт па стандартызацыі Беларусі падключыўся да праверкі, што праводзіць Міністэрства аховы здароўя, прадукцыі ўкраінскай карпарацыі Roshen.

Як паведамілі ў прэс-службе Дзяржстандарта, наглядныя органы камітэта пачынаюць праверку сёння і будуць працаваць на працягу наступных некалькіх дзён. «Уся інфармацыя, што паступіць ад інспекцый, будзе абагульняцца, каб рашэнне адносна прадукцыі Roshen было ўзважаным і аб’ектыўным», — адзначылі ў прэс-службе.

Падчас праверкі Дзяржстандарта «будзе надавацца ўвага паказчыкам якасці, бяспекі і маркіроўкі», а пры выяўленні неадпаведнасцяў магчымы адбор узораў і правядзенне выпрабаванняў.

І ў Дзяржстандарце, і ў Міністэрстве аховы здароўя паведамляюць, што канчатковыя вынікі праверкі чакаюцца не раней як на наступным тыдні.

Нагадаем, 29 ліпеня Расспажыўнагляд забараніў увоз у Расію кандытарскіх вырабаў Roshen, пасля таго як у гэтай прадукцыі былі выяўлены парушэнні па норме ўтрымання тлушчаў і арганалептыкі, а ў некаторых вырабах было выяўлена небяспечнае рэчыва бензапірэн. Кіраўнік Расспажыўнагляду Генадзь Анішчанка папярэдзіў партнёраў Расіі па Мытным саюзе аб недапушчальнасці рээкспарту ў РФ прадукцыі Roshen. Міністэрства аховы здароўя Беларусі 30 ліпеня пачало праверку прадукцыі з адборам пробаў па ўсёй краіне. Акрамя таго, як паведаміла міністэрства, у Беларусі прыняты меры па недапушчэнні транзіту і рээкспарту кандытарскіх вырабаў Roshen на тэрыторыю Расіі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?