Майму роднаму Падляшшу — 500 гадоў. Кажучы больш канкрэтна — 500 гадоў набегла Падляскаму ваяводзтву. З гэтай нагоды мне захацелася прыгадаць некаторых слаўных сыноў Падляшша, сувязі якіх з падляскай зямлёй шырэйшай грамадзкасьці малавядомыя, а то й зусім невядомыя. А падляшукам ёсьць кім пускаць дым у вочы, кажу вам. Мяркуйце самі…

Іван Сапега

Іван Сапега

Тадэвуш Касьцюшка

Тадэвуш Касьцюшка

Міхал Баброўскі

Міхал Баброўскі

Ігнат Даніловіч

Ігнат Даніловіч

Станіслаў Аўгуст Панятоўскі

Станіслаў Аўгуст Панятоўскі

Кастусь Каліноўскі

Кастусь Каліноўскі

Ігнат Грынявіцкі

Ігнат Грынявіцкі

Людвік Замэнгоф

Людвік Замэнгоф

Мікола Янчук

Мікола Янчук

Усевалад Ігнатоўскі

Усевалад Ігнатоўскі

Ёсіф Лангбард

Ёсіф Лангбард

Усевалад Якімюк

Усевалад Якімюк

Крыху гісторыі

У 1513 годзе кароль Польшчы і вялікі князь літоўскі Жыгімонт І сваім прывілеем прызначыў Івана (Сямёнавіча) Сапегу «на ваяводзтва падляскае, берасьцейскае і інш.». Я не гісторык, а таму ня ў змозе патлумачыць, што дакладна азначаў гэты запіс у дачыненьні да Падляшша і Берасьцейшчыны ды яшчэ да нечага, што ў каралеўскім дакумэнце засталося зашыфраваным пад словам «інш.». Тым ня менш, наколькі я здолеў дапетрыць з асьцярожных фармулёвак у розных кніжках па гісторыі, агульнае разуменьне гэтага запісу заключаецца ў тым, што ў 1513 годзе зьявілася каралеўскае распараджэньне аб стварэньні Падляскага ваяводзтва як асобнай адміністрацыйнай адзінкі ў ВКЛ. Берасьцейскае ваяводзтва, якое там таксама згадвалася, насамрэч узьнікла як асобная адміністрацыйная адзінка на паўстагодзьдзя пазьней, у 1566 годзе.

Найбольш верагодна, у 1513 годзе мяжа Падляскага ваяводзтва не была яшчэ дакладна абазначаная. Насамрэч, кароль Жыгімонт у 1509 годзе паслаў адмысловых камісараў, каб яны вызначылі мяжу паміж Польшчай і ВКЛ у маёй роднай старонцы, гэта значыць, паміж «польскім» Мазоўшам і «рус(ь)кім» Падляшшам. У гэтым самым 1509 годзе кароль Жыгімонт таксама даў дазвол Івану Сапегу збудаваць замак у мясцовасьці Дубна на Падляшшы (сягоньня гэтая вёска знаходзіцца ў гміне Боцькі Бельскага павету). Значыць, Іван Сапега, які стаў падляскім ваяводам у 1513 годзе, меў ужо тады на Падляшшы і сядзібу, адпаведную сваёй пасадзе. Ён памёр у згаданым замку ў Дубне ў 1517 годзе.

У 1516 годзе Жыгімонт І таксама пастанавіў, што Падляскае ваяводзтва, хоць і ў Вялікім Княстве, будзе падлягаць пад польскае права, а не пад ВКЛ-аўскае. У сувязі з гэтым існуе тлумачэньне, што назва Падляшша — «пад ляхамі» — азначае насамрэч падлегласьць пад польскае права, а не геаграфічнае суседзтва зямлі зь «ляхамі», то бок з палякамі. Мяне гэтая інтэрпрэтацыя ня надта пераконвае. Мы сталі падлягаць пад польскае права ў 1516 годзе, а Падляскае ваяводзтва афіцыйна згадваецца ўжо ў 1513 — тут відавочная нестыкоўка ў часе.

У 1520 годзе зьявіўся чарговы каралеўскі прывілей адносна Падляшша, які прызначаў другога падляскага ваяводу, Івана Кастэвіча. У гэтым прывілеі былі пералічаны землі (паветы), якія ўваходзілі ў склад Падляшша: бельская, драгічынская, мельніцкая, берасьцейская, камянецкая, кобрынская. Сталіцай Падляскага ваяводзтва стаў Драгічын над Бугам. Дык вось, гэта і ёсьць гістарычнае ядро Падляшша. Сёньня адна палова гэтага ядра знаходзіцца ў Польшчы, а другая ў Беларусі. Зь цягам часу Падляскае ваяводзтва стала «брыняць» і абрастаць дадатковымі землямі, як на поўнач, так і на поўдзень ад гэтага ядра.

У 1566 годзе землі берасьцейская, камянецкая і кобрынская адышлі да новастворанага Берасьцейскага ваяводзтва. А ў 1569 годзе, пасьля Люблінскай уніі, Падляскае ваяводзтва было уключанае ў склад Польскай Кароны. Тагачасны падляскі ваявода, Васіль Тышкевіч, моцна выступаў супраць пастановаў Люблінскай уніі, таму Жыгімонт І зьняў яго з пасады падляскага ваяводы ды назначыў ваяводам смаленскім.

(Калі можна, дазволю сабе асабістую рэфлексію ў гэтым месцы: Вось у 1569 годзе Падляшша адышло да Польшчы, то бок, яго адлучылі ад таго, што потым стала называцца Беларусьсю, і паддалі палянізацыі на працягу некалькіх стагодзьдзяў. Факт, што «рус(ь)кія» падляшукі не даліся апалячыцца дазваньня і ў ХХ стагодзьдзі прынамсі частка зь іх здолела трансфармаваць сваю «рус(ь)касьць» у беларускую нацыянальную сьвядомасьць, я лічу адным з цудаў (і адной зь нерастлумачаных загадак) беларускай гісторыі. Ды наўпроставым доказам таго, што беларусы-падляшукі — гэта ўсё ж мужыкі цьвёрдыя.)

Падляскае ваяводзтва зьнікла разам з Польшчай у 1795 годзе, каб адрадзіцца ў 1918. У Народнай Польшчы яно называлася Беластоцкім ваяводзтвам, а ў пасьлякамуністычны пэрыяд, у 1999 годзе, вярнулася да сваёй гістарычнай назвы. Калі браць пад увагу тэрыторыю Падляскага ваяводзтва ў 1513—1795 гг., дык сёньняшняе ваяводзтва ўключае няшмат больш за яе траціну. Астатнія землі гістарычнага Падляшша знаходзяцца ў Мазавецкім і Люблінскім ваяводзтвах Польшчы ды Берасьцейскай вобласьці Беларусі.

На працягу 500-гадовай гісторыі на Падляшшы крыжаваліся польска- «рус(ь)кія» (потым польска-беларускія і польска-украінскія) культурна-моўныя ўплывы. Доўгі час тут выразна адчувалася таксама прысутнасьць габрэйскай культурнай і рэлігійнай традыцыі. Таму, на маю думку, кожны больш-менш аб’ектыўны «падляскі пантэон» будзе ўключаць прадстаўнікоў як мінімум чатырох этнасаў — польскага, беларускага, украінскага, габрэйскага. У кожным разе, так будзе ў маім сёньняшнім пераліку самых выдатных сыноў, народжаных на Падляшшы або зьвязаных іншым чынам з маёй роднай зямлёй. Пра менш выдатных гаворка пойдзе калі-небудзь пазьней. Іхні сьпіс можна цягнуць кілямэтрамі. Сёньня пачнём сьціпла, з гэтых:

Самыя крутыя «мяцежнікі» і бязбожнікі

Тадэвуш Касьцюшка (1746–1817) — найбольш вядомы змагар за свабоду Польшчы і ЗША, нацыянальны герой гэтых дзьвюх краінаў. Касьцюшка нарадзіўся ў фальварку Мерачоўшчына на Палесьсі, ягоная сям’я трымала родавы маёнтак у Сяхновічах, якія належаць да гістарычнай Камянецкай зямлі Падляшша.

Кастусь Каліноўскі (1838–1864) — беларускі нацыянальны герой, кіраўнік Студзеньскага паўстаньня 1863–1864 у Беларусі і Літве. Нарадзіўся ў Мастаўлянах (сёньня Гарадоцкая гміна Беластоцкага павету), загінуў на шыбеніцы ў Вільні.

Ігнат Грынявіцкі (1856–1881) — найбольш вядомы беларускі тэрарыст. У 1881 годзе кінуў бомбу ў расейскага цара Аляксандра ІІ і забіў яго. Ад параненьня сваёй бомбай памёр і сам тэрарыст. Ігнат Грынявіцкі нарадзіўся на Меншчыне, але потым жыў у Вялікіх Грынявічах каля Бельску на Падляшшы. У сваёй кнізе «Прысуд выканаў невядомы» Ўладзімер Арлоў напісаў пра сувязі Грынявіцкага з Падляшшам наступным чынам: «Сваёй малой радзімаю Ігнат лічыў вёску і маёнтак Вялікія Грынявічы у Бельскім павеце Гарадзенскае губэрні. Тут ён жыў з васьмігадовага ўзросту, сюды прыяжджаў на гімназічныя вакацыі, адсюль выпраўляўся вучыцца ў Пецярбург. У родныя мясьціны ён завітае на колькі дзён і перад самаю сьмерцю».

Казімір Лышчынскі (1634–1689) — найбольш вядомы беларускі бязбожнік. Нарадзіўся ў маёнтку Лышчыцы на Берасьцейшчыне. У 1689 годзе яму сьсеклі галаву і спалілі ягонае цела ў Варшаве за трактат «Аб неіснаваньні Бога», які ён напісаў па-лацінску.

Беларуская ідэя прадзёўбвалася на Падляшшы

Міхал Баброўскі (1784–1848) — уніяцкі, потым праваслаўны сьвятар, прафэсар Віленскага ўнівэрсытэту. Адзін з найбольш вядомых славістаў ХІХ стагодзьдзя. Сярод іншага, адкрыў і апісаў гэтак званы Супрасьлеўскі кодэкс, найвялікшы стараславянскі кананічны рукапіс. Нарадзіўся ў вёсцы Волька Бельскага павету, памёр на Пружаншчыне.

Міхал Баброўскі разам з іншым падляшуком, Ігнатам Даніловічам, лічацца пачынальнікамі беларускай нацыянальнай ідэі. Баброўскі і Даніловіч інтэлектуальна высьпявалі ў атмасфэры Віленскага ўнівэрсытэту, дзе віравалі польскія нацыянальныя ідэі ды студэнцкая моладзь выхоўвалася ў выключна польскім духу. Адкрыўшы для сябе мінуўшчыну Вялікага Княства Літоўскага і процьму невядомых да таго часу гістарычных дакумэнтаў на старабеларускай мове, Баброўскі з Даніловічам дайшлі да высновы, што палякам у Вільні няма чаго рабіць ды параілі ім, як дзесьці напісаў беластоцкі гісторык Алег Латышонак, каб яны «выбіраліся назад у сваю Варшаву».

Баброўскі і Даніловіч, выхаваныя ў падляскай гаворцы (якая значна менш аддалілася ад старабеларускай мовы ВКЛ, чым сучасныя беларуская і ўкраінская літаратурныя мовы), лічылі яе кандыдаткай на афіцыйную мову дзяржаўнага ўтварэньня, якое магло б стаць пераемнікам Вялікага Княства Літоўскага. Кажучы наўпрост, яны лічылі падляскую мову, на якой сёньня пішацца на сайтах Svoja.org і ў фэйсбук-супольнасьці Howorymo po swojomu, беларускай мовай.

Ігнат Даніловіч (1787–1843) — як і Баброўскі, Даніловіч быў уніяцкім, потым праваслаўным духоўнікам ды прафэсарам Віленскага ўнівэрсытэту. Даніловіч стаў адным з найвыдатнейшых беларускіх гісторыкаў і знаўцаў Вялікага Княства Літоўскага, дасьледнікам летапісных і юрыдычных помнікаў ВКЛ (сярод іншага, ён падрыхтаваў першае навуковае выданьне Статуту ВКЛ 1529 году). У бібліятэцы Супрасьлеўскага манастыра разам зь Міхалам Баброўскім Даніловіч адкрыў гэтак званы Літоўскі летапіс 1446 году. Нарадзіўся Ігнат Даніловіч у тых самых Вялікіх Грынявічах каля Бельску, зь якімі зьвязанае імя нашага славутага тэрарыста Ігната Грынявіцкага.

Будаўнікі новай Беларусі

Мікола Янчук (1859–1921) — навуковец-этнограф і пісьменьнік, якога сёньня залічаюць як да беларускай, так і ўкраінскай культуры. Ён — першы чалавек, які стаў сьвядома пісаць па-падляску, каб уратаваць гэтую мову ад сьмерці. Нарадзіўся ў вёсцы Корніца на Паўднёвым Падляшшы (сёньня Мазавецкае ваяводзтва). Адзін з арганізатараў Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту і першы прафэсар катэдры беларускай літаратуры і этнаграфіі ў ім. Марыў аб тым, каб Падляшша ўзьядналася зь Беларусьсю. У 1918 годзе ў вершы, прысьвечаным Янку Купалу, напісаў сярод іншага:

A Pudlasie i Ruś Biêła,
Jak dviê sestry rôdny.
Mov odnoho čłonki tiêła,
Byli b zavše zhôdny.

Ale dola jich lichaja
Zdavna rozłučyła
I obom tiažki na šyju
Kameń nałožyła.

Усевалад Ігнатоўскі (1881–1931) — беларускі гісторык і грамадзка-палітычны дзяяч. Першы прэзыдэнт Інстытуту беларускай культуры і Беларускай акадэміі навук. Нарадзіўся ў вёсцы Такары на Падляшшы. Вёску ў 1944 годзе падзяліла напалову польска-савецкая мяжа. Лічыцца, што Ігнатоўскі, зацкаваны бальшавікамі як нацдэм, застрэліўся ў Менску. Паводле іншай вэрсіі, яго застрэлілі супрацоўнікі Дзяржаўнага палітычнага ўпраўленьня.

Ёсіф Лангбард (1882–1951) — славуты беларускі савецкі архітэктар. Нарадзіўся ў Бельску на Падляшшы ў габрэйскай сям’і. Паводле ягоных праектаў у Менску пабудавалі, сярод іншага, Дом ураду, Тэатар опэры і балету, Дом Чырвонай Арміі.

Апошні наш кароль

Станіслаў Аўгуст Панятоўскі (1732–1798) — апошні кароль Рэчы Паспалітай нарадзіўся ў маёнтку Воўчын каля Мельніка на Падляшшы.

Стваральнік сусьветнай мовы

Людвік Замэнгоф (1859–1917) — стваральнік мовы эспэранта нарадзіўся ў габрэйскай сям’і ў Беластоку.

Канструктар Concorde

Усевалад Якімюк (1902–1991) — пра гэтага дзядзьку я дазнаўся зусім нядаўна. Ён нарадзіўся ў сям’і праваслаўнага сьвятара ў вёсцы Кожына, усяго за два кілямэтры ад майго роднага хутару. У міжваеннай Польшчы быў адным з найбольш здольных канструктараў пасажырскіх і вайсковых самалётаў, пасьля выбуху Другой сусьветнай вайны выехаў на Захад, дзе канструяваў вайсковыя самалёты для французаў і брытанцаў. У 1962—1966 гг. працаваў пры стварэньні звышгукавога пасажырскага самалёта Concorde і стаў адным зь пяці камэрцыйных дырэктараў гэтага брытанска-францускага праекту, у рамках якога было збудавана 16 звышгукавых авіяляйнэраў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?