«Больш шалёных грошай у спорце не будзе. Паказаў вынік — атрымай шалёныя грошы. Няма выніку — няма грошай», — заявіў Аляксандр Лукашэнка 15 жніўня на нарадзе па праблемах БФСТ «Дынама» і шляхах іх вырашэння.

Паводле звестак прэс-службы прэзідэнта, Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што праз пэўны час пасля прыняцця асноўных рашэнняў па рэгуляванні даходаў і зарплаты спартсменаў павялічылася колькасць незадаволеных. «Незадаволеных чым? Дзяржава не дае грошай. Маўляў, мы б хацелі, каб нам у месяц плацілі 10 тысяч долараў, а нам плацяць усяго 2 тысячы», — сказаў беларускі кіраўнік.

«Грошы плаціць будзем толькі для таго, каб чалавек мог займацца, рыхтавацца да чэмпіянатаў і першынстваў, а асноўныя даходы ён атрымае за вынік.
Не за 21-е і 41-е месцы на чэмпіянатах, а за 1-е, 2-е, 3-е месцы — за перспектыву гэтага чалавека, — заявіў Лукашэнка. — Многія скажуць: пакуль той чэмпіянат свету, я павінен жыць, працаваць і, тым больш, выкладвацца. Але для таго, каб жыў, працаваў і выкладваўся — табе адпаведная стаўка зарплаты. А потым — па выніках выступленняў. Таму не трэба хадзіць і плакаць».
Лукашэнка раскрытыкаваў і дзейнасць спартыўных клубаў: «У нас што атрымалася? Перайшлі мы на клубную сістэму.
Некаторыя стварылі клубы. Хтосьці раней бегаў з клюшкай, за мячом, а цяпер сталі ў клубах чыноўнікамі. Кіраўнік клуба, 10 намеснікаў, 100 чыноўнікаў у гэтым клубе — і маленькая каманда ў 20–30 спартсменаў, 3 трэнеры. Хто асноўныя грошы атрымлівае? Чыноўнікі клубаў! І дай бог міністрам атрымліваць такую заработную плату. Дурніцы гэтай больш не будзе».
Паводле слоў Лукашэнкі, клуб — гэта прадпрыемства, якое павінна зарабляць грошы:
«Зарабляйце грошы, расходуйце іх. Колькі зарабілі, гэтулькі і расходуйце». Датацыі з бюджэту, сказаў ён, павінны накіроўвацца толькі спартсменам, трэнерам, урачам і некалькім спецыялістам-сэрвісменам.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?