У элітным сталічным клубе ўвялі магчымасць з мужчынскага туалета падглядаць за дзявочым
Юрыст: гэта парушэнне Канстытуцыі.
У модным мінскім клубе «Blondes & Brunettes» наведвальнікі заўважылі цікавую незвычайнасць. Адна са сцен жаночай прыбіральні — насупраць ракавін, не насупраць кабінак, вядома — зробленая з люстэрка. Аказваецца, з мужчынскага боку гэтая ж сцяна — празрыстая.Дзяўчаты і не здагадваліся, што кожны хлопец можа назіраць, як яны наводзяць марафет.
Уладальнік клуба, вядомы рэстаратар Вадзім Пракоп’еў нічога асаблівага ў такім фокусе не бачыць — маўляў, гэта проста жарт, а тым, хто яго не разумее, проста бракуе пачуцця гумару. Але многія сітуацыю з люстэркам называюць не нармальнай.
«Сама гэтая фішка адлюстроўвае ўстаноўкі і спадзяванні рэстаратара прадставіць Беларусь «аазісам прыгажосці» і нагадвае беларускія конкурсы прыгажосці, — разважае Ірына Саламаціна, ініцыятар праекта „Гендарны маршрут: фестываль ідэяў пра пол», — з той толькі розніцай, што
кастынг ажыццяўляецца ў клубнай мужчынскай прыбіральні.Мэтавая аўдыторыя ўстановы, па словах рэстаратара, гэта заможныя мужчыны, здольныя візуальна «даказаць» сваю заможнасць. Значыцца, павінны быць і эталонныя жанчыны, бо яны якраз і здольныя пацвердзіць мужчынскія статусы».
Ірына зазначае, што жанчын у клубе не ўспрымаюць як паўнавартасных кліентак, здольных самастойна заплаціць за свой адпачынак, іх тут частуюць бясплатнымі кактэйлямі.
Але яны запатрабаваныя як «жаночыя целы» — аб’екты мужчынскіх вуаерысцкіх жаданняў, і
Гэта яскравы прыклад аб’ектывацыі жаночага цела у грамадскім месцы, наўпрост, зневажальны сэксізм.
«Мне цяжка ўявіць такую сітуацыю ў Швецыі, — разважае эксперт у галіне гендарнай роўнасці і сітуацыі ў постсавецкіх краінах Яна Фролен. —
Месца такога люстэрка — у музеi сучаснага мастацтва ці на сцэне палітычнага тэатра,бо тут грамадства апярэджвае развіццё ў постсавецкіх краінах, можа, на паўстагоддзi. Фундаментальныя ідэі пра правы людзей на роўныя магчымасці падтрымліваюцца большасцю.
Структурная няроўнасць паміж поламі пачынаецца і падтрымліваецца такімі, здавалася б, неістотнымі рэчамі, як гэтае люстэрка ў прыбіральні мінскага клуба».
У постсавецкіх краінах феміністычны рух часцяком успрымаецца як варожы і атаясамліваецца са скандальнымі праектамі ўкраінскай феміністычнай суполкай «Фемен».
Але падмурак сапраўднай феміністычнай ідэі у тым, што біялагічны пол чалавека не павінен уплываць на выбар прафесіі, рысы характара, памер заробку і кар’ерны рост.
У Швецыі барацьба за роўныя правы і магчымасці не спыненая. У мужчын большы заробак і яны займаюць большасць высокіх пазіцый на працоўным рынку, таму гендарныя пытанні абмяркоўваюцца часта і гучна. Яна Фролен прыводзіць адзін з апошніх прыкладаў — у Даніі існуе тэлепраграма, дзе два мужчыны ацэньваюць голыя целы жанчын у студыі.
Культуролаг Юлія Чарняўская прапануе вырашэнне праблемы:
«Было б больш справядліва, калі б перад уваходам вісела хоць якая шыльдачка. Калі дзяўчыны згодныя ўдзельнічаць у такім «жарце» — калі ласка, а зараз у іх проста няма выбару».
«Асабіста я бачу ў сітуацыі з люстэркам два парушэнні, — каментуе сітуацыю юрыст Сяргей Зікрацкі. —
Па-першае , гэта ўмяшальніцтва ў прыватнае жыццё,па-другое — парушэнне роўнасці палоў.
На памяшканні такога тыпу мусіць распаўсюджвацца таямніца прыватнага жыцця. Прыбіральня — гэта традыцыйнае месца, у якім мы менш за ўсё чакаем, што за намі падглядаюць. А калі нехта глядзіць — гэта ёсць парушэнне, за яго можна патрабаваць кампенсацыю маральнай шкоды».
Але юрыст зазначае:
праблема ў тым, што практыка па абароне прыватнага жыцця ў Беларусі не вялікая.Ёсць некаторыя рашэнні, але ў іх выпадкі відавочныя і носяць крымінальны характар. А ў гэтай сітуацыі мяжа даволі слізкая.
Гарантаваць, што суд стане на бок пакрыўджанай дзяучыны і вынясе рашэнне супраць клуба, нельга. Калі б было больш пазоваў, была б судовая практыка па такіх справах. Хоць, па меркаванні юрыста, парушэнне ўсё ж ёсць.
«Другое пытанне наконт гэтай сітуацыі — яшчэ больш дыскусійнае, — працягвае Зікрацкі. — Яно тычыцца гендарнай роўнасці,
бо чаму люстэрка празрыстае з боку мужчынскай прыбіральні, а не наадварот?На мой погляд, гэта таксама можна разглядаць як парушэнне роўнасці палоў.
Можна ў гэтым выпадку спасылацца на Канстытуцыю, якая гарантуе роўнасць правоў мужчыны і жанчыны. Але пазоў у такім выпадку — хутчэй тэарэтычная задумка, чым практычная.
Я не памятаю, каб нехта падаваў пазоў, спасылаючыся выключна на Канстытуцыю. Хоць гэта магчыма, бо гэта асноўны закон краіны».
* * *
Што Вы думаеце наконт гэтай сітуацыі? Ці дапушчальная яна? Выказвайце ў каментарах.
Каментары