Навошта ехаць у Эстонію, спытаецеся вы, чаго мы там не бачылі? Пра мясцовыя славутасці і цікавосткі можна прачытаць у турыстычным даведніку. Іх нямала, нягледзячы на сціплыя памеры тэрыторыі. Журналіст газеты «Новы час» Дзмітры Галко згадаў у сваім артыкуле некаторыя дробязі, якія ўпускаюцца з-пад увагі турыстычнымі даведнікамі. Бо ў дробязях хаваецца не толькі д'ябал, але і самы цымус.

Не такі страшны глазураваны сырок

Калі мяне, як і сотні іншых, судзілі 20 снежня 2010 года за ўдзел у вядомых падзеях, я супрацоўнічаў з «Радыё Свабода». Адзін з маіх канваіраў у калідоры суда пацікавіўся тады ў свайго напарніка, а што гэта за радыё такое, ніколі не чуў. Той яму даволі вобразна патлумачыў: «У Прыбалтыцы глазураваны сырок каштуе два еўра. Я там быў, ведаю. Калі хочаш, каб у нас сырок каштаваў два еўра, слухай гэта радыё». Спалохаўшыся такой перспектывы, маладзенькі міліцыянт паабяцаў ніколі яго не слухаць.

Краінамі Балтыі даволі часта палохае насельніцтва дзяржаўная прапаганда ў Беларусі і Расіі, каб запэўніць у правільнасці выбару на карысць адмаўлення ад заходняй цывілізацыйнай мадэлі. Апроч таго, што там сыркі па два еўра за штуку, яшчэ і развалена прамысловасць, знішчана сельская гаспадарка, ліквідавана сацыяльная інфраструктура (ЖКГ, адукацыя, медыцына, спартыўна-аздараўленчыя ўстановы, грамадскі транспарт ды інш.), а насельніцтва масава ўцякае за лепшай доляй. Вось вам вынік свабоды і дэмакратыі, вось вам і Еўрасаюз. Бойцеся і моцна трымайцеся за нашу цвёрдую руку, нават і не глядзіце ў той бок.

Прыехаўшы ў Эстонію, я першым чынам адправіўся ў краму, каб паглядзець на той страшны глазураваны сырок. Сыркі каштавалі ад 0,19 да 0,5 еўра ў залежнасці ад вагі і начыння. Са зніжкамі ў гіпермаркетах бывае і танней. Значыць, падумалася мне, расповеды пра гаротнае жыццё ў краінах Балтыі можна смела дзяліць як мінімум на чатыры.

Крах аграімперыі

Але ж ядуць яны, вядома, пластыкавае мяса і пенапластавы гарнір? Бо калі там няма калгасаў, адкуль узяцца сельскай гаспадарцы. Адна палова насельніцтва гандлюе, іншае набывае, так і ходзяць з гіпермаркета ў банк і назад, вырабляць прадукцыю няма каму? У іх жа не было прэзідэнта, які б запусціў заводы і пабудаваў аграгарадкі.

Мяне складана западозрыць у наіўным даверы да прапаганды, тым не менш яе масіраванасць і навязлівасць зрабілі сваю справу. Я чакаў убачыць зарослыя хмызняком і пустазеллем палі, постапакаліптычны прамысловы пейзаж з руінаў заводаў і фабрык, а пасярод гэтага — буянне рэкламнага буралому, прызыўныя агні забаўляльных устаноў, у якіх адпачываюць тыя, хто паразытуе на агульным развале. Бляск і галечу, раскошу і жах...

Потым я неяк абвыкся, калі праехаў Эстонію ўздоўж і папярок, але напачатку, шчыра прызнаюся, у мяне нават галава закружылася ад мільгання палёў з разнастайным ураджаем за акном аўтобуса.

З аднаго боку, ну што тыя палі, і наогул сельская гаспадарка? Калі глядзець на яе праз прызму чыста эканамічных паказчыкаў, яна выглядае чымсці трэцеразрадным і неабавязковым. У Беларусі сельская гаспадарка дае 7,5% ВУП, у Эстоніі — 3,7% (пры ВУП на душу насельніцтва, пералічаным па парытэцы пакупніцкай здольнасці, каля 15 тыс. даляраў у Беларусі і 20 тыс. у Эстоніі). Цьху — і расцерці.

Не магу, сялянскія карані не дазваляюць так на яе глядзець. А таксама мудрасць аднаго з апошніх вялікіх правадыроў паўночнаамерыканскіх індзейцаў, які сказаў: «Калі будзе ссечана апошняе дрэва, калі будзе атручана апошняя рака, калі будзе злоўлена апошняя птушка, — толькі тады вы зразумееце, што грошы нельга есці».

Сельская гаспадарка стала не проста каньком і фетышам у Беларусі, яна вырасла да маштабаў унікальнай з'явы, на ўзроўні восьмага цуда свету. Гэты вобраз падмацоўваўся шматлікімі ахамі і охамі гасцей з Расіі над нашымі палямі, садамі і статкамі, як быццам Беларусь апошняе месца, дзе яны засталіся. Таму я быў крыху расчараваны — не апошняе. Эстонцам у бліжэйшы час таксама не пагражае перспектыва харчавацца грашыма.

Яны не толькі забяспечваюць сябе асноўнымі прадуктамі, але і экспартуюць іх у Расію, Латвію, Фінляндыю і Літву. Усяго за мінулы год Эстонія экспартавала сельскагаспадарчай прадукцыі на 1,163 млрд. еўра (2,08 млрд. даляраў). А Беларусь — увага — на 5 млрд. даляраў, то бок усяго толькі ў 2,04 разы болей. Нагадаю, што тэрыторыя Эстоніі прыкладна ў пяць разоў меней за тэрыторыю Беларусі, а насельніцтва — у 6,7 раза. Прашу прабачэння ў тых, хто дасюль верыў у Беларусь як у вялікую аграімперыю. Мне і самому давялося расстацца з ілюзіямі. (…)

Ніякіх кампліментаў «вашаму Бацьку»

У былых «брацкіх рэспубліках» мяне заўжды вельмі раздражняла першая рэакцыя шэраговых жыхароў на беларускага госця. Маюцца на ўвазе абавязковыя кампліменты «вашаму Бацьку». Праз іх я даволі часта лічыў за лепшае наогул прадстаўляцца кім-небудзь іншым, не беларусам, гэтак надакучвала тлумачыць, што «ён мне не бацька». Хіба гэта не абразліва, калі дзевяцімільённы народ выступае ў ролі прыдатка аднаго палітычнага дзеяча? Чыя абранасць гэтым самым народам, да таго ж, выклікае небеспадстаўныя сумневы.

Дык вось, Эстонія стала першай «брацкай рэспублікай», дзе мне не давялося адказваць за «Бацьку».

Працяг гісторыі чытайце тут
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0