Салігорскі грамадскі актывіст Уладзімір Шыла лічыць неабходным змяніць правапрымянальную практыку органаў выканаўчай улады і судоў агульнай юрысдыкцыі ў сувязі са сталымі адмовамі ў правядзенні масавых мерапрыемстваў. Толькі ў мінулым годзе актывіст атрымаў 37 забаронаў на свае заявы. Каб змяніць сітуацыю, ён звярнуўся ў Канстытуцыйны суд.

Нагодай для звароту стала чарговае парушэнне Салігорскім раённым выканаўчым камітэтам права актывіста на мірныя сходы і свабоднае выказванне свайго меркавання. Гаворка пра забарону мясцовымі ўладамі правядзення пікету да Дня Волі ў сталіцы шахцёраў вясной гэтага года. У пошуках праўды Уладзімір Шыла ўжо прайшоў праз суды першай і другой інстанцыі, але нідзе падтрымкі не знайшоў.

— У прынцыпе, нават пры цяперашнім «драконаўскім» Законе «Аб масавых мерапрыемствах» права на мірныя сходы можа быць гарантаванае ў значнай ступені.
Дзеля гэтага дастаткова змяніць правапрымяняльную практыку мясцовых уладаў і судоў. З гэтай прычыны я і звяртаюся да Канстытуцыйнага суда, — кажа Уладзімір Шыла.

Як вядома, грамадзяне Беларусі не маюць права ўносіць пытанні на рагзгляд у Канстытуцыйны суд наўпрост, але нішто не забараняе суду выказваць сваё меркаване паводле зваротаў грамадзян.

— Калі Канстытуцыйны суд не разгледзіць мой зварот альбо палічыць перманентныя забароны масавых мерапрыемстваў адпаведнымі Канстытуцыі, дык буду звяртацца ў міжнародныя інстанцыі, — падсумоўвае салігорскі актывіст.

Зрэшты, у сваім звароце Уладзімір Шыла не абмяжоўваецца просьбай разгледзець на прадмет адпаведнасці Канстытуцыі і міжнародным абавязальніцтвам Рэспублікі Беларусь правапрымяняльную практыку органаў выканаўчай улады і судоў пры вынясенні рашэнняў па правядзенні масавых мерапрыемстваў.
Актывіст хоча, каб Канстытуцыйны суд прапанаваў судам агульнай юрысдыкцыі пры вырашэнні спрэчак аб забароне на правядзенне масавых мерапрыемстваў сыходзіць з прыярытэту артыкулаў Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах ды канстытуцыйнага права грамадзян на мірныя сходы і на свабоднае выказванне свайго меркавання. Ён таксама просіць Канстытуцыйны суд прызнаць парушэнне яго канстытуцыйнага права на свабоднае выказванне свайго меркавання і права на мірныя сходы з боку органаў выканаўчай улады, якое выявілася ў неабгрунтаванай адмове ў правядзенні масавага мерапрыемства. Дзеля больш эфектыўнага вырашэння праблемы Уладзімір Шыла лічыць неабходным крокам з боку Канстытуцыйнага суда прапанаваць Нацыянальнаму Сходу Рэспублікі Беларусь унесці адпаведныя змены ў Закон «Аб масавых мерапрыемствах».
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?