На РУП «Беларуснафта-Асобіна» пакуль не камэнтуюць відэа пра мор птушак і антысанітарыю на фабрыцы, якое з’явілася ў інтэрнэце. «Пакуль працуе камісія, ніякіх каментароў», — паведамілі БелаПАН у прыёмнай прадпрыемства.

Ці разбіраецца камісія ў інфармацыі, выкладзенай у відэароліку, у прыёмнай не сталі ўдакладняць.

У сярэдзіне жніўня ў інтэрнэце быў выкладзены ролік пра сітуацыю на птушкафабрыцы РУП «Беларуснафта-Асобіна» ў Буда-Кашалёўскім раёне.

Аўтар відэа зняў сотні ці нават тысячы дохлых птушак, сцвярджаючы, што на прадпрыемстве мор курэй складае да тысячы ў дзень. «Бардак, бруд, антысанітарыя, дохлыя птушкі ляжаць у кучах па 5–6 дзён, эколагі нічога не бачаць… Немагчыма дыхаць, птушкі гніюць. Рэспіратараў не даюць, кажуць, шыйце самі марлевыя павязкі. З гэтага можа пайсці чума, халера, яшчэ якая-небудзь хвароба невядомая», — перадае ананімны аўтар роліка. Мёртвых птушак, паведамляе ён, складаюць у вазы і хаваюць на тэрыторыі фабрыкі. «Вазы стаяць некалькі дзён, пакуль куры не асядаюць, і іх потым вывозяць за тэрыторыю фабрыкі. Экалогія проста жудасная, куры ў вазах гніюць, пах гідкі, усё з вазоў цячэ, усё ідзе ў глебу, грунтавыя воды, а потым дзівімся, адкуль у нас столькі хвароб», — здзіўляецца аўтар роліка.

У лютым 2013 года Камітэт дзяржкантролю праверыў крамы «Беларуснафта-Асобіна», і ва ўсіх дзесяці правераных рознічных аб’ектах гандлю і грамадскага харчавання былі выяўленыя розныя парушэнні заканадаўства (парушэнне санітарных нормаў, продаж пратэрмінаваных прадуктаў і г.д.).

Прадпрыемства займаецца вытворчасцю і перапрацоўкай мяса птушкі, кармоў для жывёл і птушак, збожжавых і алейныхя культур, яек інкубацыйных. Як паведамляе афіцыйны сайт, прадпрыемства «вырабляе высакакласныя прадукты харчавання масавага спажывання, якія адпавядаюць сусветным стандартам якасці, па даступным цэнах».

Паводле інфармацыі сайта, «прадпрыемства арыентавана ў вытворчасці — да выпуску высакаякаснай прадукцыі, якая адпавядае сусветным стандартам, павышэнню прадукцыйнасці і пастаяннага пашырэнню асартыменту за кошт укаранення перадавых тэхналогій; у сацыяльнай сферы — да пастаяннага паляпшэння ўмоў працы, асабістай зацікаўленасці кожнага работніка прадпрыемства ў якасным выкананні сваіх абавязкаў «.

У Буда-Кашалёўскім раёне сельгаспрадукцыя «Асобіна» складае больш за 60% агульнага аб’ёму.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?